Кастусь Каліноўскі

А р с е н ь. Я. (Амаль шэпча.) Слухай мяне, Кастусь. Белы віленскі ўрад распаўся. Спалохаліся мураўёўскіх шыбеніц. Галава ўрада знік з Вільні ў невядомым кірунку.

К а с т у с ь. На рэвалюцыях таксама робяць кар’еру.

Караліна. Я глядзела на вас. Мяркую, вам гэта будзе па плячы... Трэба ехаць туды, ратаваць.

Яны стаяць і глядзяць адно на аднаго. Потым Кастусь працягвае руку.

К а с т у с ь. Кастусь Каліноўскі.

Караліна. Караліна Яцына...

К а с т у с ь. Даўно з намі?

Караліна. З лютага.

Кастусь (з пяшчотай). Паўстанка.

Караліна. Што вы! Я баюся навальніц.

А р с е н ь. Нічога яна не баіцца. Сувязная – якіх мала.

Кастусь. А чаму мяркуеце, што мне трэба ў Вільню?

Караліна. Вы ж такі, што самі не ўседзіце...

К а с т у с ь. Кінуць нельга. А вы хіба застанецеся?

Караліна. Не... Бадай таксама пайду.

А р с е н ь. Ты нядрэнна трымаўся, чалавеча.

К а с т у с ь. Вось да чаго дайшло, да чаго давялі, да якой цемры, дзікунства! Якая прорва між намі! Як жа нам не ўмяшацца?

Я ў х і м. Бабы нашы тут... разрумзаліся... А я табе не да канца паверыў, атаман. Быў тут адзін з вашых, напрадвесні. То ён казаў: “Зямлю– не чапаць! Паноў бессардэчных – не чапаць”. Як гэта так?

К а с т у с ь. Паўстанцы таксама розныя. Тыя, што вучылі вас пакоры, раілі вам не чапаць зямлі, – гэта людзі Белага жонду, а па-нашаму – урада. Яны толькі што ўцяклі з Вільні, спалохаліся.

Чортаў Бацька. А вы хто?

Кастусь. А мы не спалохаемся. Мы, чырвоны ўрад, гаворым: зямлю – браць. Паноў лютых – вешаць. I благаслаўляем вас на гэта. Белыя здрадзілі – выспятка ім. Затое мы – за вас. Да канца.

Натоўп між тым выштурхнуў да пня звязанага пана 3 а р у б у. Заруба стаіць, па-маладзецку выпнуўшы жывот.

Яўхіміха. А вось яшчэ адзін... З гэтым што рабіць?

К а с т у с ь. Ён хто?

Г а р э л і х а. Ён не з лесу. Ён проста пан.

К а с т у с ь. Вы разбярыцеся справядліва, людзі!

Заруба глядзіць яму ў вочы і з пагардаю варушыць вусамі.

Хадзем, Арсень.

Караліна. Я цяпер не хачу сустрэч са сваімі людзьмі. Таму што за кожнага новага... знаёмага даводзіцца баяцца. Вось цяпер... за вас.

К а с т у с ь. Вы так не хочаце ўраганаў?

Караліна. Я люблю сонца, Кастусь.

За іхняй спіною загуў натоўп.

Што там такое?

К а с т у с ь. Адвядзі яе, Арсень. Баюся, для таго пана справа скончыцца дрэнна.

Караліна. I нічога нельга?.. Ах, гэта... страшна...

Кастусь. Яне ведаю, што гэта за чалавек. Але я пастараюся не даць ім яго. (Ідзе да натоўпу.)

Я ў х і м. Адзін ці два – цару напляваць. А нам лягчэй... Адным над намі – меней!

Зарубу заламілі за спіну рукі.

Чортаў Бацька. Ражна з’ясі. Мне цяжка нават і курку.

Яўхіміха (вырываючы з рук мужа сякеру). Дай мне... Я пакажу гэтаму панку.

Я ў х і м (зноў вырываючы сякеру). Пабойся бога, баба, як з табою мне пасля такога спаць?

Яўхіміха. Не наспаўся? Васьмёх дзяцей прыжыў, а тут будзе чувырла вараціць. Сякеру давай!

Я ў х і м. Адкасніся... Што, ніхто не хоча? Відаць, што мне трэба. (Папляваў на рукі.) Маліся, пан.