Кастусь Каліноўскі

3 а р у б а (насмешліва). На каго маліцца? На цябе, басурман ты мардасты? Бачыце, дарваўся. Хоча звязанага Зарубу зарубіць. Каб з цябе на тым свеце чэрці ўвесь час капусту шаткавалі.

Смяшок у натоўпе.

Каб яны з цябе калоду драбілі дровы секчы, каб з цябе ўжо. Каб твая жонка замест дзевятага вырадка ахапак крапівы нарадзіла.

Чортаў Бацька. Справа не з цяжкіх. Народзіць.

3 а р у б а. Дзевятага дурня... У бацьку пойдзе. Прысніся такі Барданос – памрэш у сне ад жаху.

Рогат.

Гэй вы, мякінныя галовы, гродзенскія гракі, бручкаеды, бульбаглоты, глядзіце, як памірае беларускі дваранін, тысячу д’яблаў і пудовую свечку кожнаму з вас...

Рогат.

Гарэліха. Чаго ж ты лаіссі, чаго?!

3 а р у б а. З вамі іначай – як? Вы ж, халеры, і памерці, як я, не сумееце.

Я ў х і м. Заторкніся!

3 а р у б а. Гэта часам не ты, Яўхім, сваю варону ў Вільні пазнаў?

Яўхіміха. Не руш мужыка!

3 а р у б а. Гэта часам не ты па бабскім сваім разуменні свінню за губернатара палічыла?

Рогат.

I ці не ты гэта, Гарэліха, на ўвесь вялікі пост пеўня ад курэй адсаджвала, каб не грашыў, а потым здзіўлялася, чаго гэта пад квактухай адны баўтуны?

Гарэліха. Цьху!

Я ў х і м. Досыць.

Зарубу цягнуць да пня.

3 а р у б а. I ці не вы гэта ўсе, скупеча ненажэрная, тэльбушына прагная, караля не еўшы спаць паклалі?.. (Перад плахай.) Стой. Пусціце рукі. Глядзі, Беларусь, як паміраюць твае фанфароны-рыцары! Пляваць ім на гэтыя пасконныя пузы. Не баяліся каралёў – не збаімося кароў... Гэй, божа ласкавы, падрыхтуй там для свайго Зарубы кварту мёду ды пару грэшніц з пекла выпусці... Га? Як для пакутніка...

Сеў, абхапіў пень нагамі. Мужыкі з нейкім нават спачуваннем ляпаюць яго па спіне. Чуваць выгукі: “Нічога, хлопча”; “Не палохайся”; “Гэта ў нас хутка”. Паспрабавалі нахіліць яму галаву.

Прэч! Я на калені не стаў. То і пню сам пакланюся. Лепей дубоваму пню, чым вам, пням стаяросавым.

Кастусь. Чакайце, мужыкі... Чортаў Бацька, я вам гэтага чалавека не дам...

Чортаў Бацька. Гэ-эх... (Голасна.) Гэй, Гарэліха!

Гарэліха. Чаго ты яшчэ, чаго ты лопаіссі, п’янюга?

Чортаў Бацька. Можа б, і ты з ім?

Гарэліха. Чаго гэта?

Чортаў Бацька. Хоць з панам разам паляжыш. Унукі ганарыцца будуць.

Рогат.

Во, маўляў, у нас бабця была.

Г а л а с ы. Давай, Гарэліха! Карыстайся! А можа, даць ім часу да раніцы?

3 а р у б а (узняў галаву). З гэтай? Свят-свят-свят! (Паклаў галаву.) Сячыце лепей адразу, чым такую пакуту мець.

Дабрадушны рогат.

Рагочуць. У дурня і песня дурная.

Я ў х і м. Чаго гэта мы – дурні?

3 а р у б а. А то разумныя?.. Сядзеў я на вас задам, а сячэце вы мне чамусьці галаву.

Г а л а с ы. Га-га-га, го-го-го, гык-гык-гык!

I тут разрагатаўся ўжо і Яўхім. Рагоча, кінуўшы сякеру.

Чортаў Бацька. Кастусь, га, Кастусь! Ну што з ім, чортам, рабіць?

К а с т у с ь. Ды ён жа, па ўсім відаць, не можа быць жорсткі...