Кастусь Каліноўскі

Я ў х і м. Не.

К а с т у с ь. Астатніх як хочаце. А гэтага... гэтага я ў атрад узяў бы. Ма-лай-чы-на! Нашага духу чалавек! Смехам віруе, як кацёл... Ну што, громакіпячая бочка, пайшоў бы з намі?

3 а р у б а. Ты – смелы. Сабой прыемны. Але якога гэта я д’ябла бяспятага з вамі пайду?

Кастусь. А таму, што ты смяешся. Нават сярод пакут... Ты – месца апошняга ўспакаення курэй, гарэлкі і бульбы. Таму што любіш Беларусь.

3 а р у б а. А вы за што?

К а с т у с ь. За тое, каб паўсюль смяяліся і жартавалі.

3 а р у б а. Недзе хіба не жартуюць?

К а с т у с ь. На троне не жартуюць. Трон, ці ведаеш, неяк не хіліць да нястрымнай весялосці.

3 а р у б а. Дык вы вось куды?.. Ф’ю-ю...

К а с т у с ь. Што, страшна?

3 а р у б а. Ды не... (Паважна.) Што ж... (Падае Кастусю руку.) Дав-вай пасмяёмся.

Рогат.

Чортаў Бацька. Што, брат Заруба, трошачкі... таго... перапалохаўся?

А р с е н ь. А тут яшчэ той Яўхім... Злез з печкі. Узрадаваўся.

Чортаў Бацька. Ён у нас такі. З’есць бульбы такую патэльню, што сучка мая не пераскочыць, а потым... сядзіць на печы, а б’е, як з горада.

Магутны рогат пакаціўся натоўпам.

Я ў х і м. Ото ж бо лэйбус.

Гарэліха. От дзе ж бо ўжо-ткі хіба такі!

Гоман. Цяпер убаку Арсень, Караліна, Кастусь.

К а с т у с ь. Збірайцеся. I ты, Арсень?.. Не хапае там людзей.

А р с е н ь. I я.

Чортаў Бацька (зусім нечакана). I я.

К а с т у с ь. Чаго?

Чортаў Бацька. Мне губляць няма чаго... Ані вабраза памаліцца, ані вяроўкі задушыцца.

Кастусь. З намі пойдзеш, то што ўжо што, а вяроўку дадуць.

Чортаў Бацька. I тое набытак... Дыхаць, праўда, нельга, але затое відаць далёка...

Кастусь абняў старога. I тут на грэблю вырываецца м у ж ы к.

М у ж ы к. Яў-хі-ім!.. Тры роты салдат ідуць... Толькі што Вавёрыцы і Пнюхі спалілі... На нас ідуць. Пустыню робяць... Палкоўнік Цаплін ідзе...

Страшная паўза. Потым Кастусь узнімае рукі.

К а с т у с ь. Карнікі ідуць. Без вашай віны – проста страшаць народ. I справа зараз не ў спрэчках. Зараз справа ідзе аб тым, што ў вас хаты спаляць... (Вельмі ціха.) Мы не спяшаліся. Не дапамагаеце цяпер – потым зразумееце, дапаможаце. Але тут... Але сёння... Драпежны звер ідзе. Без сэрца, без розуму, без сумлення. Ён разбірацца не будзе... Не нас шкадуйце. Пашкадуйце свае хаты, пашкадуйце дзяцей... Спрэчкі потым дагаворым.

Мужыкі стаяць, не рухаючыся з месца.

Д-добра... Вастравух – за сваімі людзьмі!

Караліна. Іх добра ля Сцюдзёнага Яра абкласці... Вастравух – коннікаў ля выхаду з яго. У гаі...

К а с т у с ь. Паляўнічых – на хвоі. Са штуцэрамі... Да вёсак – не дапусціць... Хадзем.

Ідуць. У маўчанні, у цішыні – тупат ног.

Я ў х і м. Хлопцы, у вілы!!!