Кастусь Каліноўскі

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Залпы. Далёкія залпы. Бязладнае з аднаго боку і магутнае з другога гучыць “Ура!”. Поле бітвы, над якім пасмамі плыве парахавы дым. Ляжаць трупы паўстанцаў, мужыкоў, салдат. Далёкае гігатанне параненага каня. Кінутая зброя. Дым... Праз сцэну, ратуючыся, прабягаюць некалькі салдат. За імі 3 а р у 6 а з двума пісталетамі ў руках.

3аруба. Святы Юры і Белая Русь!.. Стой, кажу, званіцу святога Яна вам у пашчы! Стой!

Страляе. Знікае следам за салдатамі... Дым, дым над полем. Здалёк гучыць “Ура!”. Між трупамі, напалову сагнуўшыся, прабіраецца палкоўнік Цаплін.

Ц а п л і н. Чорт... Чорт... Ах, чорт бы іх падраў... Чорт... Апамятацца не паспелі... Чорт.

Ён сядае і пачынае ліхаманкава сцягваць з сябе палявую афіцэрскую кашулю. Ціхі жаласны стогн. Цаплін насцеражыўся. Адна з нерухомых фігур прыўзнялася на рукі і, бяссіла перакаціўшыся, упала на спіну.

С а л д а т (стогне). Брат! Брат! Дапамажы!

I, нібы ў адказ яму, аднекуль чуваць: “Братка! Братка! Ратуй!” Некаторы час, з інтэрваламі, ідзе нібы пераклічка стогнаў: “Брат! – Братка!” “Брат! – Братка!” Цаплін, нібы падумаушы нешта, ідзе да салдата.

Пан палкоўнік?.. Вы?

Ц а п л і н. Я... я... Дай здыму кашулю. Пагляджу, што і як.

С а л д а т. О-о, смертухна... Ратуй... Ты вёў – ты ратуй цяпер, калі ласка.

Цаплін здымае з салдата кашулю. На сарочцы кроў.

О-о... Дзякуйце за дабрыню, ваша...

Ц а п л і н. Кажы “ты”... Мы – салдаты... Адкуль?

С а л д а т. Казанскія мы... Мужыкі...

Цаплін. І я казанскі...

С а л д а т (задыхаючыся). Ваша высакароддзе... Няправедная гэта справа... Няправедная... Мужыкі, як нашы... Піць-есць хочуць... Гадаваць бы галодных, а мы страляем...

Цаплін, не звяртаючы ўвагі, нацягвае на сябе салдацкую кашулю. Сваю кідае побач з паміраючым. Салдат заўважае гэта.

Брат! Брат!

Цаплін ударае салдата нагой.

Ц а п л і н. Маўчы, чарналапатны.

Салдат траціць прытомнасць. Цаплін зусім быў сабраўся бегчы, але тут на поле рынуў узброены натоўп мужыкоў і інсургентаў. Сярод іх усе людзі з мінулай карціны.

3 а р у б а. Стой! Стой, салдат, зарад карцечы і палікандзіла табе...

Цаплін падымае рукі. Мужыкі заўважаюць ля параненага палкоўніцкую кашулю.

Г а л а с ы. Палкоўнік! Падмануць, пераапрануцца хацеў! Кат! Віламі яго!

К а с т у с ь. Не смець параненых! Стой! (Да Цапліна.) Хто такі?

Ц а п л і н. Салдат... Крутаў Сідар... Цвярскія мы...

К а с т у с ь. Што ж ты, салдат? Хіба гэта салдацкая слава, хаты паліць?..

Ц а п л і н. З-загадана нам... Шпіцрутэны зноў жа... Дахаты б... Конь зноў жа...

А р с е н ь. Пусціце яго, мужыкі...

Вастравух. Каго? Яго? А можа, гэта ён паходню пад страху першы ткнуў?

Я ў х і м (змрочна). Мужык ён. Няма чаго нам з ім дзяліць.

Яўхіміха. Простыя людзі... Томна і ім...

А р с е н ь. Няхай гэты ідзе. Досыць крыві. Няхай раскажа, што робім з тымі, хто прыносіць вялікі агонь.

Паранены захрыпеў і падняў галаву. 3 хвіліну глядзіць Цапліну ў вочы.

Ц а п л і н. Палкоўнік! Бачыш, супраць каго вёў? Пускаюць мяне. Высакароднасць якая! А ты, сволач! (Ударыў параненага). Ты... На каго вёў? На братоў?!

С а л д а т. Браты!

Траціць прытомнасць. Цапліна закалаціла.

Я ў х і м. Бачыце? Хай ідзе... Ідзі...

Цаплін пайшоў. Наўздагон яму – вясёлы свіст. Пабег.

Баяцца нас, хлопцы.

У гэты момант з’яўляецца Чортаў Бацька, літаральна згінаючыся пад цяжарам ахапка кайданоў.

Караліна. Што гэта ён?

Чортаў Бацька. Гатовенькія везлі, паненачка... Каб на цёпленькіх надзяваць. Ці не возьмеце часам, пан Кастусь? Ці не возьмеце, пан Яўхім?

Людзі разбіраюць кайданы. Яўхім бярэ адны, як змяю, кладзе на рукі, важыць.

На яго твары грымаса страшнай гідлівасці.

Я ў х і м. Гэта як жа... Мне?

Гарэліха. Што? Не хочаш?