1 2 3 4 5 6 7 8

Кніганошы

І якое дзіва? Яму было толькі дзевятнаццаць год. ...У гэты вечар яны павінны былі ісці ў сакрэт: тры салдаты і Вольке, які не мінаў выпадку асабіста ўдзельнічаць у ловах кантрабанды. Буткевіч папрасіў, каб узялі і яго, хаця была чарга другога. Выпадак для подзвігу мог надарыцца кожную хвіліну, і крыўдна было б яго прапусціць. Вольке паціснуў плячыма. Хай ідзе, калі ўжо так хоча. Ён толькі адпусціў грубы жарт: – Думаеце, яна на вас будзе глядзець з асаблівай пяшчотай? Яна і так траціць розум з радасці, што вы прыліплі да яе. – З радасці не з радасці, але думаю, што я ёй не зусім абыякавы, – сказаў сціпла Буткевіч. – Апошні раз, напрыклад, яна сказала, што я добры. – Ну, вось бачыце. Раман ідзе сваёй чаргой, і дзеля гожых вачэй, дальбог, не трэба мерзнуць у хмызах і пакутаваць. Праз нейкі месяц вы яе пацалуеце. Месяцы праз тры-чатыры даможацеся свайго. А можа і раней, гэта ўжо залежыць ад спрыту. Але не пазней як праз чатыры. – Магчыма, – сказаў Буткевіч. – Калі ажанюся да таго часу. Усмешка грэшнага анёла знікла з вуснаў Фердзі. – Кіньце, прапаршчык, – сказаў ён. – Вы што, не ведаеце вясковых дзяўчат? – І вельмі ўдала перадражніў: – А дзевачкі! А таечкі! А што гэта ён!.. Пусці, ёлуп, пусці, кажу, а то... Апошняе слова было непрыстойнае, у сэнсе “дрэнна мне будзе”. Буткевіч пачырванеў і палажыў флейту. – Мне не хацелася б, каб вы ў такім тоне гаварылі пра свет, у якім жыве, магчыма, мая будучая жонка. Вольке за ягонай спіною толькі пакруціў пальцам ля лба. Потым уздыхнуў. – Добра ўжо. З часам агойтаецца. А цяпер давайце збірацца. Гэтай ноччу сачыць трэба было асабліва пільна: даўно пагаворвалі, што ў адну з трох начэй з-за мяжы пойдзе Корч, самы славуты з усіх кніганош. Аб гэтым, у прыпадку злосці на яго, прабалбатаўся нібыта ў местачковай карчме Яўхім Спіса, мужык з вёскі Плавуцічы. Злосць злосцю, але ні Яўхім, ні яшчэ хтосьці з мужыкоў нічога больш не сказалі. Даносчыкаў не любілі. Даносчыку ніхто не асмеліўся б нават сказаць “добры дзень”. Таму і кардоны і мытня ведалі ўсіх, хто ходзіць за мяжу, вельмі дакладна, але толькі па мянушках, не здагадваючыся нават, хто хаваецца за кожнай. Корч быў самы славуты. Корч пераходзіў з кнігамі мяжу, магчыма, і трыста разоў. І за ўсе гэтыя разы ніхто з мытных нават ні разу не бачыў кніганошы на свае вочы. Раз толькі пашанцавала натрапіць на вялікія сляды скураных пасталоў. Мяркуючы па слядах, гэта быў волат. І, відаць, халера, узброены. Але гэты волат хадзіў кожны раз новай сцежкай. А іх было безліч. Ні Вольке, ні Буткевіч не верылі надта балбатні Яўхіма Спісы. Мала што можа набалбатаць п’яны. Не ведалі яны і аб месцы, ідучы наўздагад. І аднак усё здарылася менавіта ў гэтую ноч. Сакрэт перайшоў начное балота. У цемры раз-пораз было чуваць трывожнае “ў-цю-цю-цю...” – качкі зляталіся на начлег. Бледна-жоўтая стужка ззяла на захадзе. І хацелася сесці ў схованку ля балота і паляваць на качак, а не на людзей: адчуваць, як бабухае дубальтоўка, як цела качкі мякка падае ў траву, а ў перапынках чутно, як, падманутая тваёй нерухомасцю, лётае ў цемры вакол схованкі вялізная здань вадзянога бугая. Але так рабіць было нельга. І яны мінулі балота і хмызы, забраліся ў самы гушчар, сеўшы наўздалёк ад сцежкі, якой хадзілі на вясковы выпас дзікі. Перад імі быў адхон, укрыты ялінамі, чорнаалешнікам і густой крушынай. ...Каля поўначы пачулі крокі. Людзей было двое. Але адзін з іх ішоў так ціха, што яго крокі пачулі, толькі прыслухоўваючыся да нязграбных крокаў другога. Гэты другі таксама ступаў асцярожна, цішэй, чым салдат, і ўсё ж часам пад яго нагою хрумсцелі лаўжы.

1 2 3 4 5 6 7 8