1 2 3 4 5

Краіна Цыганія

Параходзік звярнуў з Прыпяці ў Стрынь і прайшоў яе звілістым рэчышчам аж дзесяць вёрст спецыяльна, каб высадзіць мяне ў Завід-Гарадку. Прайшоў – пад мат рулявога – дзеля аднаго мяне, а рака была, як змяя, што звіваецца, круціцца і штохвілінна спрабуе сама сябе ўкусіць за хвост. Такі “спецрэйс” не быў такой ужо рэдкасцю для гэтых спрадвечных глухіх мясцін Палесся. Тут зямля не давала абвіць сябе дарогамі, дый тыя, што былі, заліло летняй повенню: у Карпатах і на Валыні гулі дзікія злівы, і беларускае Палессе захлыналася. Заставаліся нялётнае ўжо тры дні неба і першабытны вадзяны шлях. ...Сорак вёрст давялося б мне тупаць сюды да бліжэйшай прыстані, Уласт-Гарадка. А ў мяне быў рукзак з рэчамі і акрамя яго бліц, штатыў, экспанометры, безліч плёнкі. А яшчэ апараты: “Зеніт-Е”, “Салют” з усёй оптыкай, з усімі гэтымі тэлевікамі і шырокавугольнікамі (а важыць гэтая бандура з прычындаламі восем кіло) – ды яшчэ цудоўны нямецкі “Лінгоф” і ўлюбёнка мая, непараўнаная японская “Мамея”. Капітан – добры хлопец – проста пашкадаваў мяне, дай Бог яму здароўя. ...Туманным чэрвеньскім ранкам я сышоў па сходнях на бераг, проста пад сівыя, карказломныя валы старажытнага гарадзішча, на якіх варушылася трава і вісеў вэлюм туману. Гасцініцу атрымаў лёгка. Гарадок не толькі не быў ужо “Трэцяй сталіцай” магутнага княства, а і раёнам перастаў быць. Таму я сюды і трапіў, прашвэндаўшыся пяць год па цэнтральнай і заходняй Беларусі, а пасля па Палессі: шукаў, чаго тут яшчэ не затапталі. Я адвык ад дому, але не скардзіўся. Гэта быў мой хлеб, і ён быў смачны мне. Я нібыта ратаваў старое Палессе, ягоныя хаты і драўляныя цэрквы, уборы, касцёлы, каб не патанула ўсё гэта на дне рэк сваіх і азёр. ..У чайной сядзелі звычайныя палескія бабы з “крэндалем” на галаве, балбатлівыя маладзіцы ў белых фартухах паўзверх расшытых сукняў, сівавусыя дзядзькі. Пілі дрэннае піва. А сярод іх я заўважыў некалькі цыганскіх сем’яў: дзяцей у кожнай было, як снапкоў, і мяса яны бралі з місак мурзатымі лапкамі... Ну і што?.. І толькі выйшаўшы на вуліцу, я нязмерна дзівіўся: плошча перад чайной, чэзлы скверык – усё гэта рдзела, як майскі букет. Сінь, зелень, залацістасць шаўкоў, срэбнасць намістаў, дымная чырвань шырокіх сукняў, медзь твараў. Цыганоў было куды больш, чым мясцовых, што з-за дамоў з ласкавай, іранічнай палескай цікавасцю глядзелі на ўсё гэта. Я ішоў здымаць драўляную царкву ХVІІ стагоддзя, адзінае, што мне трэба было зняць, ды назаўтра і ад’ехаць. На вулках быў тлум і не тое каб ціша – цыганы і ціша! – а прыглушанасць шуму. Толькі дзеці абступілі мяне, як камары: – Дзядзька, паздымай! Дзядзька, паздымай! – І, калі зняў: – А кеды фоткі?! А кеды фоткі?! Цікаўныя палескія цёткі ішлі “ў адну дарогу” са мной: – А што, і вы цыган? – Нешта накшталт таго. Ды што ў вас тут робіцца? – Цыганы гадавую спраўляюць. Год назад тут іхні адзін утапіўся. Кажуць, самы вярхоўны іхні цыганскі суддзя. Аркестра будзе. Сабраліся з усёй чыста зямлі. Бацюшко дазволіў ім на могілках трызну правіць. Адных курэй дзвесці штук насмажылі, трох кабаноў купілі. Гарэлкі – мора. Нічога, не сваволяць. Я ледзь адвязаўся ад іх. Пайшоў пад вязамі і ліпамі паўз хаты – на франтонах іхніх быў палескі сімвал сонца, – паўз пратокі і каналы – проста на могілкі да Юраўскай царквы. Трохзрубная, з трыма шатрамі даху, яна аж танула ў бэзе і вішняку пад каравымі векавымі хвоямі.

1 2 3 4 5