1 2 3 4 5

Краіна Цыганія

Паздымаць мне, аднак, так і не ўдалося. Грымнуў жалобны марш. За агароджаю рухаўся на новыя могілкі цыганскі натоўп. Я хацеў быў зняць яго – калі яшчэ такое ўбачыш – і баяўся: яшчэ ў кішэнь накладуць. Пабойванні былі, аднак, дарэмныя. Да мяне падышоў змрочны дзядзька з касымі вачамі, у якіх жыла, здавалася, уся журба свету, і папрасіў: – Здымі, друг. Харошы быў чалавек. Здымай. І пачалося маё звычайнае: на дрэва – на агароджу – зноў на дрэва – ледзь не пад аскаленыя, пенныя конскія морды. Сівы Мафусаіл наперадзе нёс ікону, абвітую ручніком, за ім сталыя цыганы, змаршчакаватыя бабці, шалёна прыгожыя дзеўкі. Пазвяквалі намісты, хваляваліся, як мора, сукенкі – вішнёвыя, гранатавыя, язмінныя, сінія, як бэз. І ўсё гэта было жыццё, хаця і крочыла ў месца смерці. Ехалі на вазах зусім расслабленыя і старажытныя, трымаючы на руках немаўлят. Вялі пад цуглі варанога цмока-каня, які страшна скаліўся, выкатваў вочы і, здавалася, не дакранаўся капытамі зямлі. – З канём! З канём сфатаграфуй! Яго конь! А-а-ай і конь-конь!!! Блішчалі бляхі збруі. І сумная, апошняя была песня колаў на апошнім шляху. Яшчэ з дрэва я заўважыў у натоўпе, што скідаўся на медны, залаты і чырвоны жар, адзіную белую пляму, а калі ўшчаміўся ў натоўп – убачыў, што гэта дзяўчына або маладзіца. Убор яе не ўвесь быў белы. Сукенка ў дробныя складкі – напалову палеская, напалову цыганская – была яркая, аж вачам балюча. І толькі вышэй яе была вельмі шырокая кофта з белых карункаў. З намістаў-мірыкляў, як сцябліна дзівоснай кветкі, вырастала шыя, валасы былі цяжкія, цёмна-каштанавыя, амаль чорныя. Рот дзівоснай свежасці, паўнаваты і белазубы. Нос смелай формы, з нервовымі ноздрамі. І цёмныя вочы – ні ў кога на зямлі я яшчэ не бачыў такіх выразных вачэй. І такой ганарлівай, такой усходняй, такой каралеўскай хады. Нібыта шар зямны, без ніякай натугі, нясе на галаве. І ясна, што не табарная, а з аседлых. Не змучанае, не змарнелае, не спечанае ўшчэнт сонцам, здаровае, чыстае, уходжанае цела. Сумна ўсміхнулася аб’ектыву, адразу ж іншай стала пастава і хада. І гэты рух, і гаты боскі выгін клуба. Я пайшоў у натоўпе непадалёк ад яе. На могілках сонца не магло прабіцца праз шаты шматвяковых дрэў, як на дно вільготна-халоднага зялёнага возера. Сям-там толькі прарываўся салатавы прамень, і ў адным з такіх прамянёў блішчала жалобная рыза папа і плыў шызы дым ладану. Убаку, там, дзе не было яшчэ магіл, з латаў, што ляжалі на галінах дрэў, звісалі палотнішчы, утвараючы даўжэзны шацёр, апошні шацёр нябожчыка, з якога адпраўляцца цыгану ў апошнюю яго краіну. Пад ім стаялі сталы з трызнаю. Убаку брудна бялеў другі шацёр, меншы. Там бразгалі талеркі, на якія накладалі стравы жанчыны. – Глядзі, цыганскі фатограф! – І фатографа свайго прывезлі!.. А колькі ж яны табе заплацілі, хлопец? Тлум, спеў хору і выгукі папа, убаку, проста на траве, купкі людзей. І кожную купку – хоць у оперу. Вось старая курыць люльку. Вось дзяўчынка вязе каляску з брацікам і з гартаннай дзікасцю крычыць: – Чавэло! Ах, Цыганія-Цыганія! Ах, і мая ж цыганская кроў! Індзейская ярасць у вачах, калі унь тая, з крыху адутлаватым тварам і доўгімі індзейскімі валасамі, крычыць нешта. Я зноў сфатаграфаваў “белую”. Іначай не мог. Такая была грацыя ў кожным руху! Тэатр! Балет! Чорт ведае што! І дзіўна было побач з гэтым святам жыцця, увасобленым у гэтай дзяўчыне, бачыць пліту і надпіс на ёй:

1 2 3 4 5