1 2 3 4 5

Краіна Цыганія

– Быў наш вярхоўны суддзя, – гаварыла яна чыста па-беларуску. – Як гэта з ім? – Вашу дзяўчынку ратаваў. Беларускую дзяўчынку. Наш, цыган. Не ўратаваў. Што мне было яшчэ рабіць тут, побач з гэтай ганарліва-гожай дзяўчынай. – Фота куды даслаць? – Часцей за ўсё мы сядзім у вёсцы Горск. Дасылайце Яні Быгоцкай. У беларускіх цыганоў амаль ва ўсіх беларускія імёны і прозвішчы. – Ну, а як нагадаць, калі забудзецеся? – У вачах і ў голасе яе бездань іроніі і разумення. Я сказаў імя і адрас. – Раман, – паўтарыла яна імя. – Ну вось, а “ром” – значыць, цыган, муж. Бацька мой каваль у Горску. Астатнія на цукровым працуюць. Там толькі восенню ды зімой работа... Вунь мой бацька!.. Адправа скончылася. Пажылы цыган, дасканалы, як медная статуя, усаджваў людзей за сталы пад шатрамі. Доўга, дужа доўга і ўважна глядзеў на мяне, праўдзівей, нібы аглядаў і ацэньваў. Твар быў змрочны. Пасля ледзь таргануўся ражок рота пад чорным вусам. ...Музыканты выпілі па шклянцы і пайшлі. Была ўзнята маўклівая, змрочная першая чарка. Пад незнаёмыя мне словы. Я пайшоў зноў на старыя могілкі і са здзіўленнем убачыў, што яна стаіць у засені ліп, узлокціўшыся на плот, загадкавая, эгіпецкая ўсмешка застыла на яе вуснах і прыплюшчаных павеках. – Не хачу так, – ціха сказала яна. – Не люблю смерці. Не хачу сядзець у асобным шатры. Лепей тут... Увесь час, пакуль я здымаў царкву, яна сядзела ў траве, у сонцы і сакатанні палескіх цыкад і сачыла за мной. Уважна, дапытліва і цяжка. – Цёмны, – сказала, калі падышоў, – у нас таксама не ўсе чорныя. І рухавы. У канале шалахцела, уздымаючыся, вада. – Рухавы, як вада. Бегчы ёй далё-ока. Кажуць, заліло б горад, каб жыхары не нанялі бульдозер ды не зрабілі дамбу, дзе яна з цясніны на абшар вырываецца. А мне шкада вады. Вада павінна бегчы. Я зайздрошчу вадзе. Ты шмат водаў бачыў?.. А ну, дай руку... Бачыў шмат водаў. Зморшчына цыганская унь якая! – Беларускія воды ўсе бачыў. Ну, і некалькі марэй. Два акіяны. – Шчаслівы. А я вось сяджу. Я ўзняў каменны крыж, што ляжаў ніцма. Паставіў. Аблічча распятага было страшнае. Паганскае, асірыйскае, перакрыўленае, з жудаснай, як кашмар, грымасай болю. Ступакі ног вялізныя, нібы ў палескага злодзея, далоні рук, як шчыты. – А я вось блукаю ўсё жыццё. І ўсё адно, якую б ваду я ні бачыў – няма нічога лепей за гэтую раз’ятраную Стрынь, каналы, зарасці глогу над цёмнай вадой і ў гэтых зарасцях каменныя крыжы, на якіх што ні распяты, то – Твар. Я сапраўды так думаў. І мяне разумелі гэтыя каменныя твары з пермскімі, вавілонскімі, этрускімі – чорт ведае якімі – а праўдзівей, з першароднымі палескімі рысамі. – Абодва робім не тое, што хочам, сокал ты мой, – задумліва і ўпершыню на «ты» сказала яна. – Робім, як здарылася, – сказаў я. – Як распарадзілася жыццё. У кожнага свой шлях. – Праўда. І вось я сяджу, а ты і хацеў бы сесці, і любіў бы сядзець, а носяць цябе ногі пад воўчым сонцам. Ты ж не мог бы кавалём тут? – Так, любіў бы. Так, ногі носяць. А кавалём – куды ўжо мне? – Цыган, значыцца, ты. А я – так сабе. Вось муж мой памёр, здавалася б, вольная, а сяджу на месцы. Ты хаця мне пра шляхі раскажы. І я расказваў. Спачатку на гэтых могілках у спакойным ззянні заходу, што заліваў аранжавай пяшчотай Юроўскую царкву, у гэтым адыходзячым спакоі старога. Пасля ў «чыстым» пакоі чайной, дзе глядзелі на нас дзесяткі непаразумелых вачэй. Расказваў, як ніколі. – Вечарам падыдзі да месца трызны, – хрыпавата сказала яна, адыходзячы. – Можа, і яшчэ нешта ўбачыш. Дый я на цябе пагляджу.

1 2 3 4 5