1 2 3 4 5

Крыж Аняліна

Стары Віленскі шлях, так званы Чорны шлях, даўным-даўно затравелы па краях і незваротна пабіты пасярэдзіне байракамі і ярамі, усё ж аддана змяіцца між гарбоў, як памяць аб даўно мінулых днях. Служыць сваю сумную службу.Калі, едучы з усходу, звярнуць з яго направа – адразу ж за празрыстай Лошай і старой карчмой, што зберагалася й дагэтуль, праз нейкі кіламетр на Палушы, злева можна ўбачыць, як на скрыжаванні дарог схіліўся, нібы грудзьмі на нешта збіраючыся легчы, старажытны дубовы крыж.Дубовы, шэра-белы, бо выбелены ўсімі вятрамі і ўлевамі, што прамчалі над яго галавой.Кіламетрах у сарака ад Вільні. Кіламетрах у шасці-сямі ад цяперашняй літоўскай мяжы. Гэта калі ісці шляхам, а як нацянькі, лесам, то будзе кіламетраў пяць з беларускім хвосцікам.У самым цэнтры так званай сучаснай цывілізацыі – і нязмерна далёка ад яе.Высокі. Мабыць, на тры даўгалыгія чалавечыя росты. З цэлага неабчасанага дуба: відаць усе шышкі, наросты, звівы і зморшчыны былога дрэва, якое даўно перастала быць жывым.Пасечаны. Так што не разбярэш, дзе былыя зморшчкі кары, а дзе расколіны і трэшчыны, зморшчкі часу.Кароткая перакладзіна – таксама з цэлага дубовага бервяна – не ўрэзана ў яго. Людзі проста знайшлі дуб, што ў адным месцы выгінаўся лукам. Адмералі на стаўбуры па метры ў кожны бок ад гэтага лука. І выразалі адмеранае. І гэты лук шчыльна прыціснулі да грудзей гіганта-стаяка. І моцна прыбілі.Стаіць, як волат, што гне на грудзях дубовае бервяно. Пасечаны, каржакаваты, увесь у выкрыўленнях і гулях: невыносна напяліся мускулы.Непасільны і, аднак, вытрыманы цяжар. Нязмерная – і, аднак, зробленая праца.Стаіць – а над ім павольна прапаўзаюць тысячы сонцаў, прабягаюць на срэбных нагах мільёны дажджоў.Чорны шлях даўно памёр. Пранізлівымі гудкамі прарэзала зямлю і цішыню чыгунка. Прабіў сінія лясныя ўзгоркі новы шлях.Крыж мала хто бачыць. І гэта шчасце... для крыжа.Лоша прабягае непадалёк. У цяні вербаў і ліпаў. Зялёная ад іх. Але там, дзе яна вырываецца на сонца, дзе не мые і без таго чыстыя рэдкія косы водарасцяў, там адразу відаць, якая яна. Слязістая, як дыямент найчысцейшай вады. Жывы, ледзяны, імклівы дыямент.Лоша – азначае па-літоўску стронга, фарэль. Рака, дзе імчыць лоша, віруе стронга, упіваецца ў плынь фарэль.А можа, гэта і не з літоўскай, а з беларускай? Жонку лася называюць сям-там таксама “лоша”. Самка лася, ласіха, ласіца – “лоша”. П’е гарбаносай пысай ваду вось з гэтай рэчкі, і кроплі падаюць з цёплых вуснаў.Хто ведае? Дый ці трэба гэта ведаць? Лоша – рэчка, з якой п’юць ласіхі і ў якой гуляе стронга.А над рэчкай, над амаль нябачнымі ў зелені хутарамі, над раскошнымі, мокрымі – аж, здаецца, вазьмі і выцісні расу – дрэвамі крыху бляклае паўночнае неба.Палі, што мякка пераліваюцца па ўзгорках. Узгорках, адначасова вострых ад высокіх яловых лясоў і, разам з тым, невымоўна мяккіх у сваіх пералівах. Палі між дымчата-сініх, нібы ягады ядлоўцу, лясоў. Палі між грыў. Палі ў мяккіх лагчынах. Палі, жоўтыя ад жыта, ружова-белыя ад грэчкі, сінія ад валошак, залатыя ад лубіну. І віецца па гарбах і між іх сцежка, ныраючы ў малінавыя разлівы канюшыны.У вечным імкненні рэчкі і супраць яго – срэбная страла стронгі. Лес па імю Руднік над самай Лошай... І найбліжэйшая ад крыжа вёска Палушы – па Лошы. А яшчэ – Сяржанты. Ды яны далёка. А так вакол – проста рэдкі россып хутароў.А унь там, наводдаль, заімшэлыя закінутыя могілкі і некалькі камяніскаў ад разбуранага ў незапамятныя часы кляштара. Малога. Чалавек на пяць-шэсць, як яно часта вадзілася тут. Такога, пра які на Сажы і Ветцы сказалі б: не кляштар, а скіт.

1 2 3 4 5