1 2 3 4 5

Крыж Аняліна

А тут, ля шляху, ля паваротні на даўно забыты прасёлак, яшчэ сто год таму стаяла карчма....Мы з сябрам, мясцовым чалавекам, паснедалі на хутары ў яго сястры і зараз ідзём палявой – дарогай не дарогай, а чымсьці такім накшталт гэтага – туды, куды глядзяць вочы.Дзень цудоўны, блакітна-шэры і весела-журботны. Дарога мяккая. На ўспылі звіняць званочкі, а ў небе – самотны жаўрук. Далягляд хвалісты і бязмежны. Лясы і палі, палі і лясы.Гэтыя некалькі дзён нам абсалютна няма чаго рабіць. Усе прыязні, боль, варажнечы – далёка. Мы здорава ўламілі хатняга сыру і чырвонай, аж у ліловае, вяндліны. Сербанулі густога кіслага малака.Нам весела. Зямля сама сцелецца пад ногі. Мы здольныя заспяваць. Для паўнаты шчасця не хапае толькі сабакі, які бег бы наперадзе, закруціўшы хвост бублікам.І ўсё ж ва ўсім нейкі лёгкі сум, што ніадкуль не праменіцца, а нібыта раўнамерна – і спрадвеку – рассцелены ў гэтай прыродзе, у гарбах, палях, срэбных стронгах, у небе, ва ўсім, што навокал.Я не першы раз тут. І кожны раз, калі б я ні прыехаў, – гэтая лёгкая журба, разлітая ў паветры. Гэта заўсёды так, узімку ці ўлетку. Уся розніца, што ў адзін час лясы шызыя, а ў другі – фіялетавыя. А сум адзін. Я добра ведаю яго, я нават крыху шчаслівы ім, як ад сумнай музыкі. І ўсё ж гэта журба.– Слухай, Альгерд, – я не ведаю, як растлумачыць свой настрой, – адкуль тут усё разлітае... Ну, разумееш, як бы сонца ні ззяла, як бы весела палі ні беглі... Адкуль тут такое...– Адценне журботы? – пытае ён.

– Ну так. Ну весела ж нам. Добра разам. Сябры вакол. Прыгажосць гэткая. Але чаму тады “Антона з казой” ці “Бабку Любку з дзедам” спяваць не хочацца? Чаму заўсёды на спявучае, доўгае, шчымлівае крыху цягне, скажы ты мне?– Не ведаю. Сам не ведаю чаму... Зямля... Зямля нібыта не збыла штосьці. Вось беражэ ў сэрцы, нявыкупленае.– Ну вось... Ты ж ведаеш, пару разоў я не адзін сюды прыязджаў... Адзін раз з ёю... Ты ж ведаеш, я... мне добра з ёю, як ні з кім. І ўсё адно сум адусюль.Сябар крыху ніжэйшы, мажнаваты, разважліва думае:– А табе не здаецца, што ты сённяшні свой настрой на той прыезд пераносіш? Што ты зараз тужыш, а табе здаецца, што тужыў тады?– Не, вось гэта – не! Тады нават больш тужыў, чым зараз. Ты ведаеш, шмат мінула, прытупілася. Дый зараз яшчэ, мабыць, няпозна было б вярнуць...– Харошая яна... А ты... Словам, брыдкая была гісторыя.– Страшэнная гісторыя... Паршывая... Страшная... Сам, думаеш, не бачу, не вінюся... Але нават тады, калі шчаслівы быў, – ну цягне, ну цісне нешта па сэрцы. Як перад пажарам у хаце. Як нібыта злачынства нейкага продка, даўно забытага, падсвядома адчуваеш... Ну і вось. Як рассекла нешта, як адрэзала. І нічога няма. І, здаецца нават, не магло быць.Збочваем з дарогіна неруш. Ружова бяжыць шалянец, мяккі, як лапкі кацяняці.– Ведаеш, – кажа Альгерд сваім глухаватым, вельмі акцэнтаваным голасам, які не зблытаеш з ніводным, – я вось казаў, што зямля нібыта не збыла штосьці... беражэ ў сэрцы, нявыкупленае. І вось мне прыйшло да галавы, што ёсць мясціны, нешчаслівыя для некаторых. Не для ўсіх. Жывуць тут людзі, смяюцца, кахаюцца, і ўсё ў іх добра аж да апошняга крыжа. А іншым ну вось непамысна на душы, і ўсё. Таму, што не толькі зямля, а нібыта і сэрца чыёсьці тут чагосьці не збыло. І хто настроіцца, як яно, – для таго тут шчасця не бывае, Славамір.“Славамір” – гэта я. І гэты Славамір дужа здзіўлены. Сябар мой – гэта чалавек, які хаця й дужа тонка адчувае ўсе нюансы прыгажосці, усе звівіны думкі, – да містыкі аніяк не здатны. Дакладны, адразу хапае сэнс любой праблемы, валодае выключнай інтуіцыяй, можа любую з’яву прасачыць да кораня, але, мабыць, усё ж устрымаецца перад самым прывабным яе вырашэннем, калі яно пашкодзіць крыху сухаватай ісціне... Гэта ўжо хутчэй я... Кепска ж я яго ведаў... А можа, хоча суцешыць мяне за ўсё тое, што здарылася? Ды не, гэты не з тых.

1 2 3 4 5