1 2 3 4 5

Крыж Аняліна

І аднак, чым больш я думаў над яго словамі, тым больш я адчуваў, няхай сабе і крыху ўпрыгожаную, верагоднасць, нават праўдзівасць гэтай думкі.– Ведаеш, можа, і рацыя. Спынішся вось у нейкім месцы, і так табе беспрычынна радасна, нібы цябе ласкочуць. А пасля выявіцца, што ўся вёска там святкуе, што столькі хлопцаў з дзеўкамі на той бераг прыходзіла. А часам – ну так летуценна, так журботна, што ніякай дзяўчыны табе там не трэба. Вось сядзеў бы, маліўся чортведама каму, думаў бы... Не заўсёды. Часам ты вясёлы, а сябры – нікуды, часам і наадварот. Гэта ўжо якая душа. Ад настрою.Памаўчаў.– Нібы сама зямля ведае, што тут адбывалася. Нібы яна нечым дыхае. Памятаю, ніколі такой тугі не адчуваў, як аднойчы пад Любчай... Табе не абрыдла?– Абрыдне – скажу.– Паехалі з дзядзькам у лес прывезці бярвенні. Хаця нейкая карысць з мяне. І вось... ну, зарэз. Урочышча Калюгі. Думаў, можа, бярвенні цягаць не ж-жадаю так. А пасля дзядзька паказвае: “шведскія курганы”. А “Калюгі”, бо калоліся. Багнэтамі. Пасля вычытаў: загінулі дзве шведскія кавалерыйскія сотні. Маладыя гады, гожыя. Ясна, пра што думалі перад гэтай касталомкай. Дзядзьку нічога. А мне – ну вось нібы дагэтуль яно ўсё вісіць у паветры.Мякка струменілася ўзгоркамі зямля. Залаты лубін аж шалеў між счарна-сініх лясных грыў.– Ты пад Мілавідамі быў? – пытаю я.– Не. Гэта там, дзе ў маі шэсцьдзесят трэцяга?– Ну так. паўстанцкае войска ўрадаваму наклала. Правільна зрабіла. Але вось... Падабралі забітых. Адных – па адзін бок дарогі, другіх – па другі. Шаша пралягла. Стаяць твар у твар два крыжы. Машыны шыкоўныя едуць. Хлопцы ў іх, дзяўчаты даўгалыгія. Транзістары лупяць. І ведаю я, што – якая ім справа? Іхняя справа – жыццё! Але ж і мая гэта справа! Я да сярэдзіны веку чалавечага не дайшоў. А як падумаю, як гэты... Дым цераз дарогу... Адзін у аднаго. Як крычалі, як рыкалі ў запале, як маму клікалі. А мясцовыя ж, пэўна, і з другога боку былі, сярод карнікаў.Адхон спускаецца да рачулкі. Стаяць над ёй ненатуральна высокія, цяністыя і зялёныя дрэвы. Але і над імі – нібыта цень таго крыжа, што непадалёк адсюль, думае над старым шляхам.Альгерд, як заўсёды, куды разумнейшы і танчэйшы за мяне. Ён сядае на густую, такую сакавітую, што аж страшна мяць, траву, ляпае далонню побач.– Кінь, Мірак. Не нудзьгай, не тужы. Не журыся. Тут зубы трэба сціскаць, што столькі яшчэ крыжоў на зямлі. Ад праўды – яно нічога, яно – трэба, каб памяць стаяла. Ад няпраўды – вось што поскудзь...Мір і спакой. Пад адхонам, у засені дрэў, весела бяжыць маленькая Расалоўка, каб упасці – зусім блізка адсюль – у абдымкі Лошы.Птушкі спяваюць так, нібы заўтра ім забароняць гэта на вякі вечныя. І стане цішыня...Спяшаецца, спявае Расалоўка. Раздзіраецца нябачны жаўрук у блакітна-шэрых і ўсё ж яскравых вышынях. Роў ці, можа, глыбокая канава перасякае дарогу, бяжыць налева і направа, за далягляд.– Во, браце, былая мяжа мужыцкіх і панскіх земляў, – кажа Альгерд. – Што за спіною – усё чыста сялянскае, што наперадзе – панам належала. А гэта – крэс.Крэс зелянее больш вільготна, калі можна зелянець больш вільготна за гэтыя палі. Рэдкі россып кураслепу тлуста жаўцее на ім. А мо не зелянейшы, а проста трава тут гусцейшая: каровы не любяць травы, у якой расце кураслеп.Вырастала наперадзе і крыху ўлева сцяна лесу – за палявой дарогай, што вяла на чорны шлях, у куце, што ўтварала Расалоўка, зліваючыся са светлай Лошай.

1 2 3 4 5