1 2 3 4 5

Крыж Аняліна

– Бачыш, там, дзе Расалоўка прасёлак перасякае, на тым беразе два камяні?– Ну. Там, дзе яшчэ здаровы куст татарніку.– Там яшчэ на памяці людзей карчма стаяла, – кажа Альгерд. – Невялікая. Тая яшчэ й зараз стаіць. На скрыжаванні гэтай дарогі з Чорным шляхам. Гэтая куды меншая была. Так, стайня стойлаў на пяць, агульны пакой, два малых ды карчмарова бакоўка. Кажуць, ужо тады дуж-жа старая была, аж зялёная ад часу.– То якая ж карчмару выгода. Тут жа да вялікай мо менш чым вярста. А там жа і зручней і на людзях святлей.– А чорт таго карчмара ведае. Ну, можа, не трапіць нехта ў вялікую, то сюды заедзе. Крошкі падбіраў. Ды потым, кажуць, гэтага карчмара астравецкія яўрэі звалі “крадла”. Лясы вакол. Унь проста цераз прасёлак лес. Руднік называецца. Між Расалоўкай і Лошай. А унь за нашымі спінамі, наводдаль, яшчэ адзін цямнее. Козы вадзіліся. Ну й назва лесу Козы. Самае разбойніцкае месца. То, можа, яму якраз выгода была ў гэтым глухім кутку. Перахаваць, рабаванае скупіць. Ну й потым цёмным людзям таксама выпіць хочацца. Не на шлях жа ім ісці...А ўсё ж аж гэтай пусткі, хто б тут ні жыў, добры чалавек ці дрэнны, павявае сумам закінутага. Як ад сліў, здзічэлых на котлішчы хутара. Як ад вёскі, што так і не ўстала. Вялікае ці малое, гора – яно адно. Успомнілася мне адно такое гора, далёка адсюль, ля маіх родных мясцін. Але было такое і тут. Магло быць і па ўсёй беларускай зямлі.А было гэта вельмі проста. У вайну. Падчас блакады на Віцебшчыне, калі немцы вялікімі, аж да мінамётаў і артылерыі, сіламі абклалі ў Зафейскіх лясах некалькі нашых атрадаў.Кальцо змыкалася. У кальцы заставаліся людзі ўзброеныя, якія шукалі выйсця, і людзі бяззбройныя: некалькі вёсак.Ужо некалькі дзён дым сеяўся, цягнуўся праз лясны частакол. На даляглядзе з усіх бакоў абрыдліва вухала, і неадступна, як падлаеды над ахвярай, віселі ў замглёным небе “рамы”.Сонца праз дым было цьмянае і зеленаватае.Самая глухая з вёсак, што трапілі ў гэтае кола, звалася Таўшчэзны Бор, семдзесят хат, сціснутых з усіх бакоў пушчай. Пушча была перастойная: з-за бездарожжа адсюль амаль немагчыма было вывозіць лес. Па той самай прычыне і свежыя людзі траплялі ў вёску рэдка, а і характар у тутэйшых людзей быў лясны, змрачнаваты, схільны да прымхлівасці, цяжкаватых філасофскіх разважанняў і той удумлівасці, якая спалучае самыя неспалучальныя пад гэтым сонцам з’явы.І, аднак, гэта быў народ светлы, бездакорна сумленны, самазабыццёва схільны да гасціннасці.Не замыкалі хат – і цвёрда верылі ў сілу жалвіцы, чарапашай травы: абпляці чарапашанятка плотам, дык матка прынясе тую траву і вызваліць дзіця, а тады, з той травою, хоць праз астрожны мур ідзі.Клалі на шулы сухар (а раптам нейкі няшчасны ад паноў пабяжыць) – і клалі на пень кавалак хлеба для лясной бабы.Ману, нават у дробязі, называлі: “душой богу рыгнуў”.І, аднак, губернскія епархіяльныя ведамасці яшчэ ў 1895 годзе скардзіліся, што сяляне вёскі Таўшчэзны Бор патаемна хаваюць нейкага ідала... А можа, гэта быў не ідал, а “Смуткуючы” – “Ведамасцям” было ўсё адно....Усё гэта за апошнія гады, вядома, змянілася, але не так, як сёй-той думаў. Характар не мяняецца так хутка, а да таго ж мужчыны пасля арміі неахвотна вярталіся ў тую глушыню.Усё як быццам адмёрла, і ўсё гэта, аднак, чакала толькі гадзіны вялікай бяды, каб вырвацца зноў наверх.Гадалкі някепска зараблялі ў вайну. Нават на адукаваных, здавалася б, жанчынах. А тут быў лясны народ, які ведаў сваю цяжкую працу, сваю рэдкую песню, чысціню сваёй душы, якая, па-буйнаму, нікому не рабіла зла і таго ж чакала ад іншых.

1 2 3 4 5