1 2 3 4 5

Крыж Аняліна

У той ліпеньскі дзень уварваўся ў вёску хлопец на цёмным ад поту кані. Калі збегліся людзі, ён абвёў вачыма нейкую сотню баб, маладзіц, бабуль і дзяўчатак, чалавек пяць-шэсць вельмі паджылых мужыкоў, дзесяткі паўтара-два дзядоў і аднаго сухарукага калеку – адвёў вочы і сплюнуў у пыл чорную сліну:– Дзяды, – сказаў ён шорахам, – кабеткі. Тут вось як... знянацку атрымалася...– Вады яму дайце, – загадаў старажытны дзед Каспель і, як толькі ганец напіўся, сказаў: – Ну?– Абкружылі амаль.– Самі бачым.– Прарываемся зараз. Ёсць яшчэ гадзіна якая. Грузіце рэчы, дзяцей. Паспрабуйце або на Страўню, на выспы, або на Усвячскія лясы. Там яшчэ трымаемся. Дамо чалавек пятнаццаць, каб баранілі.– Чаму ж пятнаццаць? – спытаў Каспель.– Дзед, кожны чалавек – ну, зарэз без яго.– А ты што, не чуеш, як яно ўжо... вакол?– Балота пройдзеце.– З вазамі? – загулі галасы. – З дзецьмі, са старымі?– Я не пайду, – сказала чарнявая, з вугальнымі вачыма маладзіца. – З мужыкамі прайшлі б – мужыкоў вайна пабрала. Самі мо пралезлі б – то ў каго дзеці, у каго старыя. У мяне унь матка без ног. Хто як, а я тут.– Хай будзе што будзе.– Ідзіце сабе ў лазу, – сказаў Павел Ступа. – Мы ўжо тут неяк адседзімся.Натоўп загуў. Ступа, крыху прыстукнуты, сказаў, як кажуць, з поля вецер, а з дупы дым. Урэшце, як заўсёды. Таму што “пайсці ў лазу” тут азначала “пайсці ў дэзерціры”.

1 2 3 4 5