1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

І са страшнай нянавісцю да калегі Перавозчык сказаў:– Адзін з тых, каму не далі забыцця.Цяпер пачвара ляцела ўжо зусім блізка ад ладдзі. Стары з вар’яцкімі вачыма, клінападобнай барадою і галавой, падобнай на агурок.Як прагны падлаед, што часам ухопіць занадта вялікую для сябе здабычу, як коршак, схоплены сомам, стары падлятаў і падаў, кранаючыся кіпцямі вады, падлятаў і падаў. А па ягонай спіне поўз, дабіраючыся да глоткі і сціскаючы яе, юнак з акрываўленай скроняй.– Я ведаю гэтага чалавека, – сказаў Палачанін. – Ён выразаў ледзь не ўвесь мой горад...– Ратуйце мяне, ратуйце! Я няшчасны цар Іван! – даляцела з вышыні.– Дакуль ён будзе лётаць? – спытаў нехта.– Пакуль такія, як ты, не кінуць яго хваліць, – сказаў Перавозчык.– А хто гэтыя жанчыны? – спытаў Палачанін.– Гэта яго жонкі... А той – ягоны сын.Выліваха толькі рукамі развёў:– Жонкі?– Але.– То мне будзе яшчэ горш. Шчаслівы, у яго было толькі дзевяць.Перавозчык зірнуў на яго са шкадобаю:– Ты іх труціў?– Крый Божа. Я іх любіў.Ладдзя зарагатала.Усё далей і далей ад яе чыркаў нагамі ваду, і ўздымаўся, і зноў падаў чорны цень.– Ал-ле, – сказаў Выліваха. – То ж бо, я гляджу, у яго ад такой работы задніца шылам. Спявайце асанну, хлопцы. Нас чакае толькі забыццё.– Страшна, – сказала Бярозка.– Ніч-чога страшнага, – сказаў Гервасій. – Мне так ужо было. Сасніў я сон. Нібыта забыў я сваё імя. І непамысна мне так. Не ўспомню імя – і ўсё. І думаю: вось чорт! Ва ўсіх ёсць імя, а ў мяне аднаго няма. Як жа так? А як спытаюць? Добра, як не спытаюць. А як спытаюць. А як, скажуць, хлопец, тваё імя?Ладдзя рагатала. Выліваха глядзеў на ўсіх нахабнымі сінімі вачыма, і няўлоўная ўсмешка блукала на яго хітрых, добра расшчэпленых самой маці-натурай, вуснах.– Святыя злодзеі, – сказаў Выліваха, – набожныя бабнікі. Гэй, браткі, вам кажу. Ці ж Бог даў беларусу дзюбу, каб ён пішчаў?– А для чаго?– Лушчыць гарэхі ды цалавацца... Ану, святыя, давай Вялікую Малітву!Іржавае мора дрыжала вострымі зыбатымі хвалькамі. Чорнае сонца падземнай краіны ўставала над ім. А па хвалях ляцела да недалёкага ўжо берага смерці ладдзя Роспачы, і Перавозчык глядзеў на Гервасія зноў здабытымі вачыма з нянавісцю і страшнай зайздрасцю.А над ладдзёй Роспачы ўзлятаў голас Вылівахі і грымелі, нібы падпіраючы яго, грубыя вясёлыя галасы.Досыць ляжаць нам каменнаю крушняй!Што мы, урэшце, як Марка, бядуем?З тлустага панства збудуем свінюшні,З дзевак старых – касцёлы збудуем.Турмы для катаў – збудуем з суддзяў,З уладароў – выбаровыя ямы...Покуль жывём мы – датуль мы людзі,А ў смерці будзем... людзьмі таксама.Успёршыся падбароддзем на сплеценыя рукі, з сумнай надзеяй глядзела на Выліваху Бярозка. Вочы ясныя – нібыта нехта шухнуў крынічнай вадою на торн, – вялікія і прыгожыя, нібы ў кароўкі, і такія ж добрыя. І носік нехта злёгку таргануў угору, і раток прыадкрыты.“А бадай табе, чортавай Смерці, халера ў жывот“, – думаў Гервасій і спяваў, каб не загаласіць ад крыўды. Таму што было гэта так, як раніцай успомніць тое, што ўчора ў гасцях недаеў і недапіў.Любяць нас неба, віно і кабеты.Сонцам чырвоным, сонцам прарочымЛюд наш упарта ўстае над светамНават пасля найцямнейшай начы.Гэта наш гонар, шчасце і сіла:Жыць насупор уварванням і ранамТам, дзе даўно бы другім пакасіліРадасць і сонца, песню й каханне.Бераг адкрыўся нечакана. Пляскаты, як пінскае балота, але з суцэльнага каменя. Холадам і безнадзейным спакоем веяла стуль. І лягчэй было б, каб не палаў пажар шыпшынавай кветкі. Лягчэй было б сустрэць гэты бераг у цемрыве.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20