1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

На беразе, відаць, таксама згадзіліся б з гэтым. Таму што, убачыўшы далёкае святло ў моры, на беразе замітусілася варта: белыя, нібы з нежывога парцалану злепленыя – людцы не людцы, а так, чорт ведае што, поскудзь з магутнымі мускуламі пад ліпучай скурай, з вялізнымі, нібы ў начных лемураў, вачыма, але затое з чарапамі, у якія наўрад ці ўлез бы хаця напарстак мазгоў.Яны засланялі вочы далонямі, але святло мацнела, і тады яны ў паніцы кідаліся некуды ў глыб апошняга мацерыка.На ладдзі гарлалі песню, а варта ўцякала, і гэта было так, быццам да берага, пенячы ваду, немінуча, як лёс, набліжаўся пірацкі карабель. Гэта было, як у час князя Вячкі, калі трыста хлопцаў на ладдзях паваявалі і разрабавалі ледзь не ўвесь захад балтыйскага ўзбярэжжа.На беразе застаўся толькі адзін з лемураў, сляпы з залатымі ключамі ля пояса, вялікі канцлер падземнага царства, высахлы стары, твар якога даўно нагадваў чэрап.Ладдзя з шоргатам узлезла на пясок.– Пір вам і з духам свіным, – сказаў Выліваха.Ён бы прыдумаў і яшчэ нешта, але ўсе былі скутыя калодкамі, і зрабіць нельга было нічога... Лемуры з’явіліся зноў, і гэта былі другія лемуры, зусім без вачэй, з гладкай скурай на іх месцы. Вязняў скулі папарна – рука Вылівахі была на руцэ дзяўчыны – і вывелі на бераг. Варта рабіла гэта спрытна, нават навобмацак: яна звыкла да цемры.Упершыню ў жыцці Выліваха не скарыстаўся з такога выгоднага становішча, не сціснуў дзявочай рукі. Яны набліжаліся да лемураў, звонячы кайданамі.– Мне страшна, – сказала яна. – У іх такія слізкія рукі.Лемур-канцлер працягнуў лапу, каб абмацаць дзве чарговыя галавы і запісаць іх у рэестр. І раптам Выліваха гаркнуў на яго:– Ты куды лапы цягнеш, крактавенне смярдзючае?! Ты што, не бачыш? Ты што, не бачыш? Тут паненка.І ляснуў вольнай рукой па лапе Канцлера.– За гарачы камень хапайся, а не за нашых дзяўчат. Не для цябе!– Чаму? – пацепнуў плячыма Канцлер. – Менавіта для нас. Усе вы тут для нас. Усе вы тут для нас, а потым для забыцця... Ану, варта.Лемуры навобмацак пайшлі да Вылівахі.– Пастаўце яго на калені, – спакойна сказаў Канцлер.Слепакі набліжаліся, мацаючы рукамі паветра. Дзяўчына ў жаху прыціснулася да Гервасія. Вязні ладдзі таксама ціснуліся да яго, каб быць разам. А ён з адчаем глядзеў на няўмольнае кола, якое ўсё сціскалася і сціскалася.І раптам ён успомніў, як не выносіць самай маленькай гарачыні вечна халодная луска рыб. А ўспомніўшы, сарваў з грудзей зыркую, як жарынка, кветку шыпшыны і пачаў вадзіць ёю вакол сябе. Лемуры набліжаліся.Але вось завагаўся адзін... другі... трэці. Чацвёрты раптам зрабіў крок назад... Пачалі адступаць і другія. І тады Выліваха зарагатаў:– Што, хапілі, як сом гарачай кашы?! Куды ісці, хамаўё?І сам рушыў на чале калоны праз варожы строй......Іх прывялі ў пакой з голымі сценамі, прыймовы пакой Смерці. Толькі двое дзвярэй было ў ім: тыя, праз якія яны прыйшлі, і другія, куды яны павінны былі пайсці і знікнуць. Канцлер падышоў да вартаўніка ля другіх дзвярэй і сказаў яму:– Перадай, у моры ўзбунтавалася ладдзя Роспачы. Я загадаў арыштаваць Перавозчыка. Але гэтыя бандыты ўсё адно гарлаюць песні, як п’яныя, і лаюцца, як матросы, і, калі праходзілі праз браму Жаху, назнарок пачалі стрэламі апаганьваць святое месца.– То чаму ў іх не адабралі гакаўніцы? – непаразумела спытаў вартаўнік.– Гэтыя гакаўніцы ў нас можна адабраць толькі з жыццём, хлопец, – сказаў Выліваха.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20