1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

Вязняў пакінулі адных. Яны чакалі гадзіну, і другую, і трэцюю і, напэўна, палі б духам, каб не Гервасій. А той толькі галавою хітаў:– І тут не лепей, чым на зямлі.З рук людзей раптоўна самі сабою пачалі звальвацца ланцугі, і ўсе зразумелі, што настаў судны час. А потым у дзвярах устаў вартавы і агаласіў:– Выліваха Гервасій, жыцця – трыццаць тры гады.Гервасій узняўся з лавы і абвёў вачыма свой мяцежны хаўрус.– Смялей, хлопцы... Мне весела было з вамі.– Я з табой, – сказала дзяўчына. – Мне страшна будзе без цябе.– Чаго, дурная?.. Кінь... Гэта нядоўга... На вось, вазьмі кветку, каб не было так самотна, калі пойдзеш туды...Ён пагладзіў яе па галаве і падумаў адно толькі слова – “шкада”. А потым падміргнуў людзям нахабным левым вокам і, бяззбройны, без кветкі, накіраваўся ў смяротны пакой.Пакой быў высокі, як касцёл, і вострыя скляпенні губляліся ў цемры, а за стральчастымі вокнамі ляжала вечнае цямноцце. І пакой быў пусты – толькі стол, ды два крэслы, ды шахматная дошка на стале.Сцены былі ўсе абцягнуты шэрым пыльным сукном. Проста перад Вылівахам, у дальнім муры, былі нізкія цёмныя дзверы, самыя апошнія, якія існавалі і ў свеце Памяці і ў свеце Забыцця. Усю тую сцяну і дзверы засноўвала павуцінне. Як чорныя бліскучыя праменні, беглі ва ўсе бакі ніці таўшчынёю з руку. І, як пачварнае чорнае сонца, сядзеў у збегу гэтых праменняў кашлаты велічэзны павук са срэбным крыжам на спіне – Арахна, якая тчэ павуцінне вечнасці.А за сталом у адным з крэслаў сядзела і маўчала Смерць.– Добры вечар у хату, – сказаў Выліваха.– Ты што ж гэта, Гервасій? – сказала ўрэшце Смерць. – За ўсю маю дабрыню, за кветку, за апошні глыток віна, які я дазволіла табе, ты ўзбунтаваў ладдзю Роспачы.Выліваху раптам стала смешна.– Ты накшталт нашага вялікага Канцлера, – сказаў ён. – Здзірае апошнюю шкуру і яшчэ патрабуе, каб яму за гэта крычалі “дзякуй!“. Начальства, відаць, паўсюль аднолькавае.– А ты што, не чытаў Эклезіяста? Што было, тое будзе, і няма нічога новага пад сонцам.– Мяне ён неяк не цікавіў. У мяне не так многа было часу, каб выдаткаваць яго на розную лухту.– А бунтаваць ладдзю? А ганьбіць Перавозчыка і Канцлера? А разганяць маю варту? А паганіць браму Жаху?– Мы – людзі, – сказаў Выліваха.Смерць усміхалася:– Шмат ты цяпер паспееш са сваім людствам... Ну, як табе твая суседка? Бачыш, я назнарок не хацела табе перашкаджаць. Сама дабіралася да месца.У нахабных і вясёлых вачах Вылівахі раптам з’явілася страшэнная пагарда.– Дагэтуль я думаў, што здзекавацца можа толькі жыццё. І гэта было адзіным апраўданнем таго, што ты існуеш, Смерць.– Бачыш, магу і я.– Бачу. І таму ўспамінаю жыццё з яшчэ мацнейшай пяшчотай... Досыць. Кажы, куды ісці?Смерць паказала вачыма на дзверы за павуціннем.– Арахна, – паклікала яна.Павук варухнуўся і стаў спускацца ніжэй.– Яна вып’е з цябе жыццё і памяць. Не палохайся, гэта хутка.– Калі гэта я чагосьці палохаўся?.. Толькі... я б на тваім месцы абнавіў сваю гаспадарку. Павука пакінуў бы для ўладароў, якія смокчуць кроў з народа і выступаюць за старыну. А для бедных людзей зрабіў бы молат і падвёў бы да яго латком ваду, як на млыне. Ім столькі разоў у жыцці даводзілася падстаўляць сваю галаву пад абух... Ну, бывай.– Чакай, – сказала Смерць. – Ты і цяпер хацеў бы жыць? Ведаючы, што цябе чакае? Артымаўшы маленечкую адтэрміноўку?– Нават на прэнгу, – сказаў Выліваха. – Паўсюль, дзе няма цябе.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20