1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

Смерць сумна схіліла галаву, але адразу ўскінула яе так, што ляснулі зубы.– Добра! Які ты дзіўны! Ты ігрок, але табе патрэбныя рабыні. То, можа, ты згуляеш у шахматы з найвялікшай уладаркай сусвету, ігрок? Стаўка – жыццё.Выліваха паціснуў плячыма:– Давай.– Хочаш, я дам табе візіра наперад?– Каб потым казалі, што я скарыстаўся са слабасці?Дошка ляжала між імі. Гервасій узяў за белы шалом маленькага, але неверагодна цяжкага латніка і адкрыў дарогу свайму візіру... Арахна зацікаўлена дыхала над галавой... І раптам Смерць засмяялася:– Ты зноў папаўся...– Чаму? Я ведаю: ты ніколі не прайграеш.– То нашто ты сеў, дурань рагачовец, слабенькі чалавечак?– Якая ты, часам вартая жалю. Ніч-чога не разумееш. Я – чалавек... Я – ігрок. Няўжо ты думаеш, я, нават бяззбройны, нават калі на мяне напалі б упяцёх, на хвіліну задумаўся б: ужыць мне зубы ці не?– Гляд-дзі, – сказала Смерць.За нейкія дваццаць хвілін яна зрабіла брэш у абароне Гервасія, узламала яе і кінулася знішчаць раскіданыя астраўкі адчайдушнага супраціву.І тут Выліваха ўбачыў, які нечалавечы розум гуляе з ім, якая разлічаная на сто хадоў наперад прадбачлівасць вяжа яго па руках і нагах, як нікому, ніколі не ўдасца выйграць у гэтай вышэйшай і халоднай істоты.Латнікі ягоныя ішлі наперад і гінулі адзін за адным. Правы фланг касцянога белага войска прагінаўся пад несамавітым напорам чорных так няўхільна, як няўхільна ўлазяць у багну калені чалавека, што ўзняў непасільны цяжар.З мужнасцю роспачы візір Вылівахі кінуўся наперад, збіў варожага латніка, што выходзіў на лінію “Візіраў трон”, скінуў баявога слана і адразу замітусіўся між дзвюма ладдзямі Смерці. Гуляй-гарады на спінах ладдзей драпежна выскалялі свае зубцы.Візір збіў яшчэ аднаго латніка і налажыў галавою, аточаны чорным войскам.І тады рука Смерці працягнулася і зняла з галавы караля карону.– Аман, – сказала яна.– Я магу ганарыцца, – сказаў Выліваха. – Не кожны грае са Смерцю.– Ты нядрэнна біўся. Глядзі, амаль гадзіна. На іншых дастаткова і дзесяцёх хвілін.– Нічога дзіўнага. Гэта была самая хвалюючая партыя ў маім жыцці.– Усё скончана, бунтар. Вартавы, прывядзі астатніх.У пакой увайшлі ўсе весляры з ладдзі. І на чале іх стаяла дзяўчына, а замыкаў шэсце – Перавозчык.– Вось, – сказала Смерць. – Ён многа браў на сябе. Хацеў гуляць са мною. Глядзіце на яго прыніжэнне, хлопы.– Прайграць не прыніжэнне, – сказала Бярозка. – Прыніжэнне – кпіць з таго, хто мужна прайграў.Яна глядзела проста ў вачніцы Смерці.– Многа ты разумееш, шэранькая курачка, – сказала Смерць. – Многа ты разумееш, слабенькае пыля.Сустрэлася вачыма з Вылівахам і захінула на грудзях плашч, прыкрыла ім свае старыя жоўтыя косці. І толькі тады Выліваха зразумеў, што перад ім таксама жанчына, з нянавісцю да шчаслівейшых і зайздрасцю да іх.– Што, Выліваха, можа, згуляем на кветку? – спытала яна.– Я магу гуляць сабою. Але я не гуляю роднай зямлёй.– Што ж, – ужо абыякава сказала Смерць, – тады ідзі да Арахны, дзяўчо.– Але я не хачу туды, – непаразумела сказала Бярозка.– Як я цябе ненавіджу, – сказаў Выліваха бязносай. – Зусім як нашых радцаў і князёў.– А між тым я добрая, – сказала Смерць. – Хочаце, ідзіце ўдвох.Дзяўчына нібы нават з палёгкаю кінулася да Вылівахі:– Хадзем. Хай яна глядзіць.– Я таксама была маладою, – паблажліва сказала Смерць. – Я помню свайго першага. Яго звалі Авель. А цяпер мне ўсё гэта ўжо непатрэбна. Я ведаю цану ўсім вам. Мужчыны подлы народ, але няма нікога падлейшага за жанчын... Што, Выліваха, не гуляла табою адзіная, каго ты сапраўды жадаў... больш за жыццё?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20