1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

– Ну, – сказаў Выліваха.– Подлічала, набівала сабе цану, мучыла тым больш, чым больш ты кахаў. І чым больш ты кахаў – тым менш паважала. Патрэбнае ёй было тваё бязмернае каханне? Пуга ёй была патрэбная. Пуга і кулак. Пагарда і рабства. Хоць у апошняй прадажнай дрэні, хоць у баязліўца і здрадніка – абы лізаць ногі. І ты яшчэ не хочаш забыцця? Ды дай вашаму подламу чалавечаму племю вось тут, зараз, уратавацца па адным, кінуўшы ўсіх астатніх Арахне, – хто не скарыстаецца з гэтага? Вось ты, курчанятка, ану... згуляй са мною на сваё вартае жалю жыццё.– Я... не ўмею, – твар Бярозкі згаснуў.– А каб умела – кінула б усіх і не пачухалася. А ты... Пе-ра-воз-чык? Ты, здраднік?.. А ты, хлуслівы поп? А вы ўсе? А ты, Выліваха, годны кавалер, ану, згуляй на яе жыццё.– Чужым – не гуляю. Ніколі не гуляў на чужое майно.– Ну і яшчэ на гэтых усіх. Ну! На дваццаць год гэтай дзяўчыны. На дваццаць год Перавозчыка, на дваццаць – усіх астатніх. На ўсіх, акрамя папа, бо ён марыў аб царстве пасмяротным. Ну?! Вартая жалю чалавечая слізь!– Выліваха, – сказаў Палачанін. – Ці доўга яна тут будзе здзекавацца з нас?– А пройгрыш?– А гонар, – сказаў Палачанін.– Згода, – сказаў Гервасій.Смерць ускінула галаву:– Ты? Табе ж усё адно нічога, нічога больш не дапаможа. Што табе?Выліваха выстаўляў цяжкія фігуры. І кожны ўдар донцам аб дошку быў, як удар па вечку труны.– Што табе да гэтага Палачаніна? Што табе да Перавозчыка?Гервасій пахукаў на донца свайго візіра: ад сурокаў.– Ты прайграеш. Ты ніколі-ніколі іх не сустрэнеш. Ніхто ніколі не даведаецца.Выліваха раўняў шэраг латнікаў.– Ты разумееш, на што ты падымаеш руку? На маю веліч!“Гора і няшчасце Рагачова” працягнула руку і ўзяло ў дзяўчыны кветку.– Ты помніш цара Івана? Я і табе не дам забыцця.Гожыя вусны Вылівахі нахабна і дзёрзка ўсміхнуліся, і не было, здаецца, нічога прыгажэйшага за гэтую ўсмешку.– Дзякуй, – сказаў ён.– Тады – прападай, – сказала Смерць, – ты, што сееш у сэрцах гэтых... няшчасных нездзяйсняльныя надзеі.– А што, хлопцы, – сказаў Выліваха. – Пяць хвілін надзеі – хіба мала?Весляры ўсміхаліся.– То прападай, – сказала Смерць.Латнік яе візіра зрабіў два крокі наперад. Выліваха рушыў свайго.Як застрэльшчыкі сечы, як Ракута і Койдан пад Крутагор’ем, латнікі стаялі пасярэдзіне поля. Твар у твар....Неадольна, як цемры цемраў, як крыжацкае мора на тры сотні вояў князя Давіда, як асманы на Косавым полі, як рыцары на Белай Гары, рухаліся воі Смерці. І зноў Выліваха адчуў, што ніхто ніколі не можа выйграць у сілы, якая сядзела насупраць.Нечалавечая, вышэйшая, халодная і няўмольная разважлівасць, якая не памыляецца, ваявала з ім. Гэта было страшна, нібы ў сне. І Гервасій зразумеў, што ён сапраўды прапаў.– Позна, Выліваха, – засмяялася, зарыпела Смерць. – Позна нават з гэтай дзеўкай. Позна. Гуляць трэба пры жыцці. Хе-хе. І маё шчасце, што вы, і асабліва дурныя бабы, не разумееце гэтага. З-за карысталюбства яны адмаўляюць бедным, але высакародным, нібы ў іх тры жыцці.І неадольна, бы ў сне, Смерць зрэзала Вылівахавага слана.– А вы, калі яны адмаўляюць вам, улешчваеце іх падарункамі. Нібыта вашы каралі вартыя магнацкіх палацаў, нібыта ваша танная біруза з дарагім пацалункам вартая карэты шасцерыком без пацалунка? Нібыта срэбнае таннае люстэрка, падоранае пяшчотным каханкам, мае ў вачах такой каштоўнасць, у параўнанні з вілай за горадам, якую даруе – усё адно, жарабец ці кастрат. Хе-хе.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20