1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

Смерць глядзела то на Выліваху, то на Бярозку. Яна злавалася і тым не менш крышыла абарону Гервасія, як хацела. І той, нягледзячы на халодны спакой роспачы, бачыў: усё скончана. Ён зрэзаў слана Смерці і адразу страціў сваю ладдзю і латніка, які пагражаў шатру візіра. Выліваха зірнуў на дзяўчыну, убачыў яе твар і паціснуў плячыма.– Дорыце ім срэбныя люстэркі, – рыпела Смерць. – А я дарыла б ім люстэркі будучага. Я б дарыла ім замест люстэрка – чэрап. “На, дурніца, глядзі. На, глядзі, якая ты будзеш заўтра. Не подлічай. Кахай, калі кахаюць цябе... Не слухае... Не паслухае... Хе-хе-хе...“У Гервасія апусціліся рукі. Але ўголас ён сказаў:– Думаеш ты над кожным ходам, як поп перад ютраню: выпіць яму ці не выпіць.– На табе чару, – Смерць узяла чарговага латніка. Выліваха гойсаў вачыма па дошцы і меркаваў, што яму цяпер рабіць. Арахна дыхала яму ў спіну.– Гэн! – крыкнуў ёй Выліваха, у роздуме водзячы рукой над фігурамі.– Што яна табе, шкодзіць?– Вядома. Як ікона ў спальні... Не магу я, калі глядзяць...Арахна адпаўзла. Гервасій пахітаў галавою. Хітравата ўсміхнуўся:– Ай, Палачанін, ай, лізунчык. Глядзі ты, перад канчынай, можна сказаць, куды ты глядзіш, каб табе так астатні раз.Смерць пакасілася на Палачаніна. І ў гэты час Выліваха падставіў Смерці пятага свайго латніка, адначасова пасунуўшы рукавом пад бой яе ладдзю.Бязвокая зірнула зноў на дошку, якая яўляла сабою выгляд страшэннага разгрому. Усміхнулася:– Зараз табе мая ладдзя Роспачы... О, л-латнічак! Ану, галубок! Хадзі да змарлых, ёмісты ты мой.Звонку было так, што ладдзя зараз варвецца і скончыць разгром. Латнік Гервасія зляцеў з дошкі... І тады рагачовец з грукатам зняў падстаўленую ім жа самім ладдзю.– На.Смерць засычэла.– І унь табе яшчэ пагроза каралю. Гэта табе за “ласку” да мяне.Кароль Смерці адступіў, адкрыўшы візіра за сваёй спіною, кінуўшы яго ў бядзе.– На, – грукнуў па ім Выліваха, не даючы апамятацца. – Два шчыты перад адным мячом. Выбірай. Каню – слана або майму візіру – другую ладдзю.І ён зняў ладдзю Роспачы. Апошнюю ладдзю, што была ў Смерці.Людзі войкнулі. На дошцы літаральна за нейкую хвіліну ўсё змянілася. У сталёвым страі нападу зеўралі цяпер страшэнныя праломы. Войска Смерці сплывала крывёй. І, аднак, без абедзвюх ладдзей, без візіра і слана яна ўсё адно была мацнейшая за кожнага іграка на зямлі. Бо яна прадбачыла ўсе магчымыя палажэнні фігур на полі бою і ведала, як скончыцца і як можа развіцца кожны з хадоў ворага.Выліваха, як кожны чалавек, мог сказаць толькі, што вось гэтая галінка дубка дасць за гэты год “пагон” даўжынёю ў дзесяць цаляў, а тая – у дваццаць, бо на яе трапляе больш сонца. Смерць нечалавечым сваім зрокам бачыла, які будзе гэты дуб у апошнюю хвіліну свайго існавання праз сто год, калі сякера ўдарыць яго ля камля. І яна бясстрасна, халодна пачала карыстацца гэтым веданнем. Яна сабрала ўсе сілы ў кулак і пачала ціснуць на правае крыло Вылівахавага войска....І ў гэты момант Гервасій пачаў разумець нешта такое, што пасяліла ў ягонай душы парасткі несамавітай радасці......Дзяцінства. Сябры ідуць у грыбы. Усе астатнія дзяруцца ў нетры, а ён спакойна ідзе лясной дарогай і праз кожныя некалькі крокаў зрывае баравік, што вылез якраз між каляін. Цвёрды, спадыспаду нібы абсыпаны мукою (ішоў дождж, і кроплі, падскокваючы ад зямлі, білі пад ягоны парасон, а потым высахлі), крамяны, як сыр.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20