1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

І ён, вельмі прамы, рушыў да дзвярэй, куды ўжо спускаўся з вышыні чорны павук.– Гервасій, – пачуў ён за сабою.Дзіўна, ён ішоў спіною да яе і, адначасова, мог бы пабажыцца, што бачыць яе вочы і разумее, разумее тое, што жыве ў гэтых вачах. Але ён ішоў.Арахна падціснула бруха, рыхтуючыся да рыўка.– Пані! Пані! Хай ён пачакае, я не хачу!– Чаго ты не хочаш?– Я не хачу... на зямлю.– То ідзі з ім.– Дзякуй... Дзякуй вам, пані Смерць.– Ідзі, дзеўка....Выліваха ледзь паспеў адштурхнуць дзяўчыну ад павуціння:– Дужа ты ведаеш жыццё, дурніца... Назад!– Я і не ведала яго... Да самай ладдзі, – яна глядзела на яго, як на Бога. – То што мне ў тым няведанні?– Дурная, дурная, – з болем сказаў ён. – Ты й не ведаеш, хто я. Брахун, п’янюга, бабнік, бязбожнік, ерэтык, злачынец, абжора, пудзіла ўсіх добрых людзей.– Усё адно. Толькі... перад тым як пойдзем... пацалуй, калі ласка, мяне.І раптам Палачанін грымнуў шахматнай дошкай аб каменныя пліты.– Ты, – сказаў ён Смерці. – Гэта ўжо занадта. Або забівай адразу і разам са мной, або адпусці.– Не магу, – сказала Смерць. – Хіба што... падзяліць між імі жыццё гэтай квактушкі. Замест дваццацёх для яе – кожнаму будзе па дзесяць год... Ты згодная памерці ў дваццаць сем год?– Я згодная была і ў семнаццаць, – сказала Бярозка.– А ты, Выліваха?– Я хачу, каб яна жыла, колькі ёй належыць.– Тады я пайду зараз, – павесіла галаву дзяўчына. – Ці не ўсё мне адно. Калі ты не хочаш мяне.Выліваха задумаўся.– Добра, – урэшце сказаў ён. – Паспрабуем нанава. Хаця ў нас і мала дзён, але, я думаю, помнячы гэта, мы будзем несці адзін аднаго асцярожна... як нясуць апошні гляк з гарэлкай на ксціны.Нават тут ён быў непапраўны.– Ну, што вы там шэпчацеся, як ракі? – спытаў ён у людзей.– Слухай мяне, – сказаў Палачанін. – Мне цяжка пазбавіцца нават аднаго зноў прыдбанага дня. Тым больш цяпер, калі я ведаю, што такое смерць, і я не хачу яе, як... смерці. І ўсё ж, вазьміце два мае гады. Будзе несправядліва, калі я перажыву вас... на цэлыя дзесяць год, рагачовец.Гервасій падумаў, што адмовіцца нельга.– Мы бяром іх, – сказаў ён.– І мае два гады... І мае... І мае, – загулі галасы.Смерць лічыла па пальцах. І, налічыўшы чарговыя дзесяць, клала на стол адну фігурку. І паступова ў яе ўсё больш адвісала сківіца.– Што вы робіце?! – спытала яна. – Вы, якія больш за ўсё баіцеся мяне, вы далі ім яшчэ па сорак год кожнаму. І гэты ерэтык і блюзнер пражыве на зямлі дзевяноста тры гады, а яна – семдзесят сем!.. Пабойцеся Арахны, людзі!!!У гэты момант маленькі чалавечак, што хаваўся дагэтуль за спінамі другіх, рассунуў натоўп і, не звяртаючы ўвагі на старую, падышоў да Гервасія:– Прабач, я не магу аддаць табе два свае гады.Усмешка ў яго была вінаватая.– Урэшце, – сказала Смерць. – Я яшчэ не зусім губляю на вас надзеі, людзі.– Разумееш, – сказаў чалавечак, – мой горад паабяцалі выразаць стральцы. Да апошняга чалавека. Мы не маглі б пратрымацца больш чым да вечара, але я быў забіты раніцай, якраз на пачатку штурму. У мяне толькі адзін дзень жыцця. Магчыма, не варта было б і вяртацца, тым больш што ўсе мае загінулі, а вечарам ніхто ўжо не скажа мне па-свойму: “Здароў, Гальяш-медавар!” Але ж адзін гэты дзень я магу трымаць меч, шыбень ці нож. І мяне будзе мучыць думка, што я нібыта кінуў тых, і горад, і сваю зямлю, і мядоўню ля Перавесішча. Разумееш, ён быў прыгожы, горад, пакуль яны не прыйшлі. І нават пчала, у якой няма свайго слова, не шкадуе джала і жыцця, баронячы свепет. Мне сорамна, але... не пагрэбуй... вазьмі і дзве мае хвіліны, брат.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20