1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

Выліваха маўчаў.– Дзякуй за самы дарагі дар, – урэшце сказаў ён.– Кінь, – сказала Смерць. – Што ты зробіш за іх?– Вып’ю з ёю апошні кубак... Каб ты здохла і каб такія, як ён, не звяліся на нашай зямлі... Хадзем, людзі.– А я?! – спытаў раптам поп.– А ты заставайся ў сваім эдэме, хлус, – сказаў Палачанін.– Не, – глуха сказаў поп. – Не... Не!Людзі праходзілі паўз яго.– Стойце, – сказаў Выліваха. – Грэх пакінуць тут жывую яшчэ душу. Ён дурань. Ён не будзе больш. Праўда ж, не будзеш?– Не, – сказаў поп і агледзеўся. – Усё, што хочаце, толькі не гэта. Бедаваць, пісаць ерэтычныя вершы... Рабаваць багатых... каб потым крумкачы пілі твае вочы на коле... на Замкавай плошчы. Толькі вазьміце мяне з сабой.– То што, – сказаў Гервасій. – Давайце зноў скідацца. Дальбог, нібы не апраметная, а карчма, калі ў прапойцаў ваўкі выюць у кішэні.У цішыні, што легла пасля ягоных слоў, усе пачулі раптам глухія і цяжкія крокі па каменных плітах падлогі.Перавозчык ішоў да апошніх дзвярэй.Увесь абмяклы, увесь грузлы, ён ішоў... ішоў... ішоў і спыніўся толькі каля павуціння. Павярнуўся. Абвёў людзей сінімі вачыма.– Не трэба, – сказаў ён. – Я дам. Я аддам. Бо я аднаго толькі прагну. Забыцця... Забыцця... Забыцця.І ён прагна, са стогнам працягнуў рукі. Арахна кінулася ўніз і схапіла яго. У наступнае імгненне ён знік. Знік, быццам яго і не было. Пачуўся яшчэ толькі шолах, нібы вызвалены ўздых.Смерць глядзела ў зямлю, хутаючы свае старыя косці.– Да скорай сустрэчы, Выліваха, – урэшце сказала яна.– Да скорай сустрэчы, – усміхнуўся ён і абняў плечы дзяўчыны....Праз некалькі хвілін вада выкінула іх на паверхню Святога возера, што непадалёк ад Рагачова. Мужык, які вёў паіць каня, раптам убачыў чатыры дзесяткі людзей, што купаліся ў поўнай вопратцы, і сярод іх аднаго папа, перажагнаўся, а потым узваліўся на каня і, ляпаючы яго чорнымі пяткамі, паскакаў так, нібы за ім гналіся падатныя начальнікі. Увечары ён бажыўся ў карчме, што рагачоўскія радцы зноў перапіліся і разам з духоўным айцом і ў поўным адзенні ці то асвяжаліся вадою, ці то хадзілі з брэднем.Паколькі такое не было ў навіну – яму паверылі.А былыя весляры ладдзі Роспачы тым часам ішлі ўсё далей і далей, і вопратка высыхала на гарачых іхніх грудзях, якія аж дымелі пад добрым сонцам.Трапятаў на межах залаты баркун, залатыя пчолы гулі над свепетамі, а ў небе, у палючым святле, звінелі між аблокамі беларускія жаўрукі.Людзей меншала і меншала, бо яны ішлі ўпрочкі і рабіліся ўрэшце толькі жывымі кропкамі на лоне зямным. І ўрэшце Выліваха з дзяўчынай і Палачанін засталіся ўтраіх.– Чаму ты адказаў “да скорай сустрэчы“, а сам усміхаўся, Выліваха?– Наўрад ці сустрэча апошняга майго нашчадка і яе адбудзецца скора.– Твая праўда, – сказаў Палачанін. – Дый ці вымруць яны наогул, такія гарластыя?.. Дай кветку, брат.Ён узяў трохі прывялую кветку і пасадзіў яе, як мятлушку, на шыпшынавыя хмызы. І дзіўна, астатнія кветкі адразу сталі цямнейшыя. І з таго самага часу над Дняпром расце цёмная шыпшына, якая цвіце ўсё лета, каб ніхто не застаўся без роднай кветкі, калі прыйдзе час адыходзіць з нашай добрай зямлі, каб у кожнага была кветка.– Бывай, брат Палачанін.– Бывай, лыцар, бывай, дзяўчына.Трэці пайшоў на поўнач і скора знік у гарачым святле. А яны пайшлі сваёй дарогай і скора ўбачылі замчышча і Дняпро, а ўбаку – старую камяніцу Вылівахі.Цвіла каля яе брызгліна; белыя аблокі глогавых агароджаў дурманілі зайца, што салодка спаў у іхніх нетрах, каліна выкінула свае пяшчотныя парасоны. А Выліваха ішоў, і рука ягоная лажала на дзявочым плячы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20