1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

Жыццё вярнула яму адзіную. І дзякаваць Богу, што не пакінула з ім той, а дало яму лепшую, чыстую і адданую, сапраўднае дзіця гэтай зямлі.На паваротцы сцежкі, дзе шалеў сіні бэз, перад ім вывернулася шэсце. Наперадзе ішлі сумныя сябры на чале з Ірай Францічкам, а за імі подбегам неслі пустую труну людзі з прытча, спрачаліся аб нечым поп і пробашч, і крочылі з удавана-поснымі лычамі радцы і замкавыя людзі.Выліваха чуў адны галасы:– Гора, хлопцы.– Памянём бедалагу.– Такое ўпартае, такое моцнае жыццё. Прыдушанае – а жыццё.Але чуў ён і іншае:– Ці даруе яму вышэйшая сіла?– Скажу я вам, чысцец наўрад ці адпусціць такую закаранелую душу.– Які чысцец?! Усё гэта вашы рымскія выдыганні.– А пан схізмат!– Супакойцеся. Пагадзіцеся на тым, што гэта вы – добрыя людзі, а ён...– І не месца яму сярод лепшых людзей.– Вяд-дома. Ні грошай у яго не было, ні глыбокай пашаны да ўлад, ні надзейнасці. Ані дабрабыту. Ані маралі.І тады Выліваха выйшаў на сцежку і адрэзаў сваёй постаццю адны галасы ад другіх.– Вы можаце вярнуцца, – сказаў ён. – Вас ніхто не прасіў сюды.У кашталяна адвісла ніжняя сківіца:– Т-ты... ж-жывы?– Вядома. І стану жыць я ёю. Пакуль не памру ў адзін з ёю час... Можаце ўзяць гэтую труну для кашталяна: па-мойму, ён ужо смярдзіць.– Як жа...– А вы што, думаеце, мы смяротныя і лёгка паміраем?.. Ідзіце, ідзіце. Пакіньце віно нам. Хлябчыце воцат і жоўць, перавозчыкі. У нас – свой эдэм. Не для вас.І ён узяў дзяўчыну за руку, а сябры абнялі іх. І ўсе яны, кінуўшы на сцежцы людзей над пустою труной, пайшлі ў зарасці глогу і адвечнай, як гэтая зямля, шыпшыны.І заяц з глогавых нетраў не кінуўся ўцякаць ад іх, а павараціўся задам да пакінутых і пачаў так рагатаць, што ў яго трэснула верхняя губа.А глог цвіў над зямлёю, і гэта было сапраўды як эдэм, у якім гучаў ціхі і пяшчотны смех, ці то зайцаў, ці, можа, самога жыцця.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20