1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

Біскуп толькі ротам зяваў, а потым, пасаромлены, напіўся і стаў думаць над гэтай прычынай. І чым больш думаў, тым больш піў, аж пакуль не папсаваўся ў розуме.У той час аб’язджала свае землі літасцівая каралева Бона з роду Сфорца, жонка яго каралеўскае мосці Цыкмуна. Завітала яна і ў свой рагачоўскі замак, якому столькі прывілеяў давала і фундатарам касцёла ў якім была. І ўладары места кінуліся да яе як да апошняй надзеі:– Маці літасцівая, ратуй! У Богу пачынаем сумнявацца. Унь Гервасій нават ігуменню Азяранскага манастыра звёў, і нічога яму з той прычыны не было, акрамя радасці.Каралева была літасцівая, але і строгая, і вялікі Цыкмун нездарма казаў, што пакуль яна над дзяржавай – аб маральнасці можна не непакоіцца.Выклікала яна да сябе Выліваху, і шмат плакалі ўсе ягоныя сябры, а асабліва Іра Францічак, што не вернецца ўжо да іх такі слаўны сябра і сабутэльнік, з якім так прыемна было заўсёды бавіць час.А Выліваха прыйшоў проста ў залатую палату, убачыў велікавокую жанчыну са строгім ротам, манаха-пісара і ката, усміхнуўся і сказаў:– Сонца табе заўсёды на шляхах, пані матка.– Сонца спальвае.– Ведаю.– То як ты насмеліўся, робак, самусціць спакой цэлай зямлі? І мне сонца жадаць.Яна была з Італіі, і Выліваха ведаў гэта.– Бо, думаю, мала табе яго ў нас.– Затое ў мяне іх тут два.– І абое далёка, – сказаў Выліваха.Стаяў і ўсміхаўся вішнёвым нахабным ротам. А валасы былі залатыя, і вочы светлыя. І зразумела Бона, што ён не просты курацап.– То што ж гэта ты робіш, Гервасій?– Нічога. Аднойчы я ўбачыў у палях Верасовую Жанчыну. Тую, што крыкамі палохае людзей, і потым абавязкова нехта памрэ.– То ж бо ўсе кажуць, што ты важдаешся з д’яблам.– Гэта нястрашна пасля некаторых жанчын... Дык вось, у яе былі распатланыя валасы, і крычала яна так, што ў людзей дрыжалі сэрцы.Гервасій усміхаўся.– А ты? – спытала Бона.Галава Вылівахі пяшчотна схілілася.– А я... пашкадаваў яе, пані матка. Яна была, відаць, прыгожая жанчына. І вось праблукала ўвесь век па верасовых пустках, палохаючы ўсіх жудаснымі воклічамі. Так і не зведала, якія паплавы за Дняпром, якое цёплае сена, як п’яніць віно, як не зразумееш, шэпт гэта ці шолах вярбы пад ветрам. Так і не зведала, як цвіце ружовы глог ля маёй камяніцы... Мне стала шкада яе. Мне шкада ўсіх – такое ўжо ў мяне сэрца.Бона апусціла веі.– Тлумач.– Добра. Толькі загадай выйсці... гэтым.– Чаму?– Яны не зразумеюць.Каралева загадала ім выйсці.– Чаму не зразумеюць?– Яны не ведаюць, што такое жыццё. Чорны таму, што ён манах. Чырвоны – бо ён варагуе з жыццём, выкручвае і выломвае тое, што Бог падарыў цэлым – на радасць чалавеку. І таму яны ворагі жыцця, ворагі Бога.– Але ты крыўдзіш людзей.– Я крыўджу мёртвых людзей. Жывога – не пакрыўдзіш.– А біскуп?– Ніхто яшчэ не піў, не еў, не спаў і не цалаваўся ў касцёле. А яны хочуць зрабіць касцёл з усяго свету. Як быццам Бог, пажадаўшы такога, не зрабіў бы гэтага сам... Даў жа нам для чагосьці лясы, і рэкі, і нават такую бескарысную рэч, як святло месяца.Усміхнуўся.– Цікава, якія валасы ў літасцівага пана караля, калі ў іх заблытаецца месяц?– Не ведаю, – суха сказала яна. – У мяне ёсць апачывальня.– Тады судзі мяне, каралева. Толькі памятай – гэта будзе суд хатняга лебедзя над дзікім.– Чаму ты так робіш? – з цікаўнасцю падалася да яго яна.– Жыццё кароткае, як захад. Вось сонца над вадою, а вось – у Дняпры.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20