1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

І вышэй за гэтую жанчыну не было нікога на зямлі. Нават Бона была ніжэй за яе.Яна прыйшла ў самы салодкі час, калі вакол камяніцы толькі-толькі збіраліся зацвісці расны ружовы глог, раскошны бружмель і жаданая, як жыццё, шыпшына. Прыцягнулася па звілістай сцежцы, цяжка перастаўляючы ногі, якія дрэнна згіналіся, закінуўшы на тулаве чорны плашч, нібы ёй было халодна, і ўсміхаючыся вечнай і нязменнай усмешкай, ад якой кідала ў жудасць. А за спіною ў яе была каса, бліскучая, нібы ў апошні дзень сенакосу.– Дзень добры, Выліваха, – сказала яна.Выліваха сядзеў пад кустом глогу і папіваў салодкую раманею. Свяціла цёплае сонца, і пчолы таўкліся ля шпунта бочкі, з якой ён напаўняў свой келіх. Убачыўшы госцю, Гервасій адторкнуў шпунт, і, пакуль напаўняў яшчэ адзін кубак, пчолы віліся над тугім чырвоным струменем.– Пі, – сказаў ён, – яшчэ зусім нядаўна і я думаў, што дзень гэты – добры.Смерць узяла шклянку і, прысёрбваючы, села на каменную лаву. Пчолы шкодзілі ёй, і таму яна адламала галінку барбарысу з бутонамі і пачала абмахвацца ёю...Гервасій глядзеў на галінку.– Нешта ты рана, – сказаў ён.– Дарма. Не ты, а я вызначаю час. Хадзем. Тут занадта пахне жывым.– Чакай хвіліну.Ён наліў яшчэ келіх і, прыплюшчыўшы вочы, з уздыхам пасалоды выпіў яго. А потым – адкінуў убок.– Хадзем.– Ты не хочаш ні аб чым папрасіць? – спытала яна.– Ты ж не пусціш мяне зрабіць яшчэ адзін пасеў? – усміхнуўся ён. – Ты – варожая руні.– Не пушчу.Выліваха нахабна глядзеў у яе вачніцы.– То пайшлі.Ён пашукаў чагосьці вачыма і знайшоў гэта: першую кветку шыпшыны. Адламаў яе і прышпіліў да грудзей.– Бачыш, – сказаў ён, – мы з табою як на вяселле ідзём. З кветкамі.– Нашто ты яе зламаў?– Гэта – мая зямля. І яна застанецца са мною, пакуль ты не адсячэш у апраметнай маёй галавы.Ён прычыніў за сабою фортку, зірнуў на раскошныя глогавыя агароджы і гатовы быў ісці за госцяй.Дзяўчына-сялянка ішла паўздоўж зялёных платоў.– Чакай, – сказаў ён Смерці. Падбег да белай танюткай постаці і моцна пацалаваў дзяўчыну ў прыадкрыты рот.– Во-ох, – ціха сказала яна, пазіраючы на яго шырокімі прамяністымі вачыма.– Бывай, мая прыгожая, – сказаў ён.І пайшоў за Смерцю. Дзяўчына з жахам і пакутай глядзела яму ў спіну. Госця касілася на легкадумнага Выліваху і ўсміхалася вечнай усмешкай.– Я прыйду за ёю праз сорак год, – з’едліва сказала яна.Выліваха паціснуў плячыма:– Нічога. Зараз я даў ёй неблагі ўрок. Апошні ў жыцці. А колькіх яна яшчэ навучыць. Ты кажаш лухту, кума.Ён паправіў на спіне лютню і рушыў поплеч са Смерцю. Ішоў, здольны кожную хвіліну паваліцца і разбіць нос, бо зусім не глядзеў пад ногі, задзёршы твар у гарачае неба, пад якім нястомна звінелі несмяротныя беларускія жаўрукі.Курносая маўчала.– Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты, – урэшце сказала яна. – Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай. І яны так любяць гэтую зямлю, што я ў сваіх пячорах пачынаю на хвіліну зайздросціць ім.Гервасій не адказаў. Галава ў яго была закінутая, нібы ў сляпога, грудзі шырыліся, ноздры трапяталі.А над ім былі неба і гарачае святло....Бліжэйшыя ад іх уваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова.Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне).Кажуць, гэта зроблена, каб ніхто з жывых не трапіў у апраметную і яшчэ каб жывіць падземныя воды і катлы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20