1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

Так што ісці нашым спадарожнікам было далёка, на што Выліваха ўвогуле не наракаў. Ішоў. Дыхаў салодкім паветрам. Зрэдку перацягваў на грудзі лютню і браў некалькі акордаў:Роснымі лугамі,Полечкам траўлівым –Іду да АбрамаНа моцнае піва.Смерць усміхалася, як шэсць тысяч год таму:– Ты спадзяешся ўбачыць прабацьку Абрама?– Не вельмі, – непрыкметна кпіў Выліваха. – Але ж павінны былі кудысьці падзецца ўладары, патрыярхі, біскупы? Яны ж столькі крычалі аб небе.– А цяпер яны бяднейшыя за апошняга раба на зямлі. Бо ў царстве маім раб не адчувае нічога. А яны – адчуваюць. І пустэчу, і тое, што нічога няма.– Хай жыве справядлівасць, – сказаў Выліваха. – То ім, атрымоўваецца, усё ж дадзена неўміручасць душы?Бязвокая паляпала яго па плячы. Нібыта бразготкай з сухім гарохам.– Ты хочаш такога бяссмерця? Пасля ўлады над целамі і жыццямі, над землямі і праўдай – не адчуваць нічога, акрамя свайго мозгу? Не валодаць целам, не мець магчымасць нічым распараджацца? Бачыць, як шчаслівыя засынаюць, як планеты паступова закоўваюцца ў лёд. Быць чымсьці накшталт паралітыка, які збярог яснасць розуму, але ведае, што гэта будзе цягнуцца вечна, і не мець надзеі на ўратавальніцу, на мяне. Хочаш такога бяссмерця?Гервасій не выдаў сябе, хаця яму ўпершыню стала непамысна.– Нашто? Лепшую частку сябе я пакінуў на зямлі.– Якую?– Тых, каго я любіў.– Ну, а калі ты сустрэнеш кагосьці ў мяне пад зямлёй?– Яны любілі мяне... На зямлі.– А калі не любілі? Калі ў зямным жыцці вам не выпала сустрэцца, але гэта і было сапраўднае? Або яшчэ так: сустрэліся, але яна легкаважна адрынула цябе, не ведаючы, што скора, вельмі скора прыходзіць вялікае Позна.– Гэтага не здарылася, а значыць, усё адно, што не было.– Ты што – пёс? Ты што – жывёла, каб жыць толькі тым, што было? Ты адварочваешся ад чалавечай Мары?– Гэх, кума. Ты нават не ведаеш, як гэта смешна: чуць ад цябе словы пра Мару і Надзею. Кінь, кума. Смешна!– Не думаю, – сказала Смерць....Ці доўга, ці каротка яны ішлі, але ўрэшце шлях прывёў іх на берагі Паніклі. Поўня, калі рака плыве зямной дарогаю, даўно адышла. Віруючая Панікля ляцела, нібы спушчаная з лука страла, і раптам натыкалася на сцяну ў два чалавечыя росты і... знікала.На сцяне раслі скарлючаныя, вартыя жалю дрэўцы, нібы абпечаныя смяротным подыхам. Пад іхнімі квёлымі карэньчыкамі ляжаў пласт барвянай, як кроў, гліны з вапняковымі і крамянёвымі камяніскамі, а ніжэй ляжаў шар мёртвага белага вапняку.Вада пад ім клекатала, бы ў катле вядзьмаркі, і была белая, як трунак забыцця. І Смерць зрабіла гасцінны жэст:– Вось і ўсё.– І чаго глядзіць Пан Езус? – сказаў Выліваха.– Гэта яшчэ не самая горшая з чалавечых выдумак. Ідзі.– Я замачу лютню.– Не бойся.– То чакай.І Выліваха яшчэ раз азірнуўся. Гарачае святло ляцела на яго з-пад аблокаў, блакітных унізе, сляпуча-белых уверсе. І ў гэтым акіяне раскошы ўтрапёна звінелі беларускія жаўрукі.– Божа зямлі маёй, – сказаў Выліваха. – Нялітасцівы і жорсткі, калі ты ёсць. Нядбалы і сонны. Што б ні было, як бы ты ні здзекаваўся з яе – я ўсё ж веру табе. Таму што воляй тваёй я нарадзіўся тут, дыхаў яе паветрам, піў яе ваду, еў яе хлеб і цалаваў яе жанчын. Які б ты ні быў – я бласлаўляю гэты твой адзіна разумны ўчынак. Бласлаўляю ад першага цвіцення шыпшыны і да гэтага вось апошняга кроку, які зараз зраблю.І Гервасій Выліваха зрабіў гэты апошні крок.Вада спадала ля яго ног, і наперадзе паступова выплывала з вады мокрае жарало пячоры са сточанымі вадой камянямі: быццам пашча са з’едзенымі зубамі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20