1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

Нерухома маўчалі аблокі за спіной. Свет нібы аглух. А цемра насоўвалася, насоўвалася. Глынула. І адразу за плячыма з патроенай сілай зараўла плынь.– Віншую, – сказала Смерць. – З паспяховым вас прыбыццём, гаспадар Выліваха.– На зямлі я даў бы табе за гэта на гарэлку. Але тут у мяне нічога няма.– Кветка...– Шыпшыну? Табе?Смерць засмяялася:– Глядзі, Выліваха, пашкадуеш. Наўрад ці ты так трымаў бы сябе, каб ведаў, які падарунак я табе прызапасіла. Ну, ідзі. Тут я трохі затрымаюся, а цябе стрэнуць памагатыя... Зараз прыйдзе ладдзя Роспачы.І яна знікла. Змрок быў глухі, і толькі ля самых ног хлюпалі аб бераг дробныя зыбкія хвалі нябачнага невядомага мора.Нешта тупа грукнула аб бераг, а потым у цямноцці пачуліся глухія жаласлівыя галасы: нібы кані крычалі над начным поплавам, успуджаныя крокамі Невядомага. І Выліваха здагадаўся што гэта садзяць у ладдзю змарлыя душы.Ён узяў акорд на лютні, але заспяваць не паспеў. Нечыя рукі схапілі яго і шпурнулі на дно вялікай ладдзі, на рабрыстыя і слізкія какоры.– Гэй, – сказаў ён. – Што я вам, бярэмя дроў?! Я, пакуль тое, жывы. Не маглі, халеры, пачакаць забыцця.Нехта сунуў яму ў рукі бабайку вялізнага вясла. Жорстка абхапіла ногі калодка. Зацурчала вада. І адразу заплакалі ў цемры дзесяткі кволых, нібы дзіцячых, галасоў.– Г... вы, – сказаў Выліваха. – Рагачоўцы ёсць?– Не, – застагнаў нехта.– Адразу відаць. А хто ёсць?– Дубровенцы, – адказаў са слязьмі нехта.– Шышшы, – сказаў Гервасій. – Глядзець мне на вас брыдка, плытагоны. Вы што, упершыню на вялікай вадзе? Супакойцеся, дарога далёкая, час для ўлюбёнага занятку ёсць.Нехта нясмела зарагатаў.– Вось так лепей, – сказаў Гервасій. – Плывём, хлопцы, нібыта галернікамі ў турэцкую няволю. А паны па цэрквах аб “спрадвечнай радзіме” спяваюць ды аб тленнасці зямнога... Ёсць тут папы?– Ёсць, – сказаў голас з кармы.– Пэўна, і тут на стырне сядзіш?– На стырне.– Вось і кіруй на спрадвечную радзіму. Дайце яму каторы, хлопцы, вяслом па галаве.У цемры прагучаў глухі ўдар: нехта скарыстаўся з парады.– Раб, – сказаў страшны глухі голас. – Пакінь смяшыць людзей, раб! Тут не зямля.– А што табе?– Я Перавозчык ладдзі Роспачы.– То што?– Я даў стырно гэтаму чалавеку, што зараз ляжыць на дне ладдзі... Цяпер мне зноў трэба сесці і кіраваць.– Ты не хочаш?– Я стаміўся. Я страшна стаміўся... Я папрашу, каб цябе падвесілі над гэтай вадою і не далі забыцця.Выліваха крэкнуў:– Колькі разоў сабе казаў: не звязвайся з начальствам, не чапай, Гервасій, дзярма.Ладдзя зарагатала.– Не паслухаўся – пэнкнуў. Пайшоў у прымы да пані Пясэцкай. Дый тут адну пакуту маю. А ўсё за язык, сяло дурное.– До, – сказаў Перавозчык. – Пачынаецца мора. Плаціце кожны па манеце. Іначай вас скінуць у ваду, дзе вы будзеце захлынацца да сканчэння свету.Супраць звычаю не папрэш. Кожнаму кідалі ў труну манету на такі выпадак. І Выліваха палез у кішэнь. Але тут побач з ім нехта спалохана ўздыхнуў, і голас, вельмі спявучы, зусім, відаць, юнацкі, сказаў:– А ў мяне няма манеты. Бацькі былі вельмі бедныя.Гервасій крэкнуў:– Што ж рабіць, хлопча? Во, халера на тое мора!У цемры звінелі манеты. Юнак побач з Вылівахам перарывіста дыхаў, магчыма, стрымліваючы слёзы.– Хлопцы, – сказаў Гервасій. – А, шчыра кажучы, нашто манеты? Вы што, па сваёй ахвоце плывяце?– Куды там.– То на якога ляда яшчэ плаціць? У жыцці за ўсё плацілі, ды яшчэ тут...– Раб! – сказаў Перавозчык з пагрозаю.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20