1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Ладдзя роспачы

Стала цішыня.– Скажы яму нешта, вясёлы рагачовец, – сказаў сусед.Выліваха пагладзіў яму плячо:– Ты, перавозчык нашых душ, у душу – лезь, кішэнь – не руш.– Ну, глядзі, – сказаў Перавозчык. – Зараз я вас даста-аўлю...– Не звязвайся з ім, рагачовец, – умольна сказаў нехта.Але Гервасій ужо не мог. Гарэзлівая пана, адчайнае свавольства і дзёрзкасць затапілі яго істоту. Ён адчуў, як весела і нахабна, нібы перад смяротнай небяспекай, калоціцца сэрца, адчуў з’едлівую халодную ярасць.– Перавозчык, ты што – Бог?– Для вас – Бог.– Бач, дык ты накшталт зямнога цівуна. Ану, прыганятыя, хто адзясную гэтага Бога – сушы вёслы.І здарылася дзіўнае: вёслы правага боку рванулі з вады. У мёртвай цішыні было чуваць толькі, як звонка падаюць у мёртвае мора кроплі з вёслаў.Потым пачуўся хрып. Гэта Перавозчык з апошніх сіл налягаў на стырно.Цурчала вада ля бартоў. Вялізная лайба пачала круціцца на месцы.– “Круці-круці калясо, наша піва харашо“, – сказаў Выліваха.І ўсе ўспомнілі гусіныя паплаўцы, дзяцей, якія водзяць карагод, і гарачае сонца, што свеціць на іхнія дупкі, калі дзеці паваляцца, разарваўшы кола і задзіраючы ножкі... Над ладдзёю пракаціўся смех.У чарнільным адвечным змроку, над густой, як дзёгаць, вадой круцілася ў выбухах нястрыманага, як навальніца, рогату ладдзя Роспачы.І гэты смех нібыта забіў гонар Перавозчыка.– Рагачовец, – умольна сказаў ён. – Не трэба. Мяне пагоняць з месца.– Так бы даўно, – сказаў Выліваха. – Усе вы так, цівуны, ледзь вам на хвост наступяць. Адразу аб чалавечых словах успамінаеце, халуі... Рушай, хлопцы.Паклаў руку на плячо суседа і сціснуў яго.– Вось так, мой любы хлопча, і трэба. Крычаў на людзей – Смерць і тая сабе гэтага не дазволіць. Здаецца, няма табе пана больш за гэтага хама. А крутанулі вяслом – дзярмо, шануючы вас. Аж гніды ў яго ад жаху падохлі.Перавозчык маўчаў. А юнак чамусьці адсунуўся трохі далей ад Вылівахі.– Рагачовец, – спытаў нехта, – як ты можаш так?– А ты адкуль?– Я – палачанін.– То вы што, калі Іван Крывавы падышоў пад муры, кузікалі, як свінні пад нажом?– Не, мы стаялі годна. Мы памяталі, што было з Ноўгарадам.– Угу. А калі Палота была потым белая ад цел, а Дзвіна – чырвоная ад крыві – вы малілі аб літасці?– Не.– То чаго пытаеш?– Там былі людзі. Разумееш, толькі людзі.– Людзі бываюць бруднейшыя за свінню і чысцейшыя за анёла. Дабрэйшыя за жыццё і ў сто разоў страшнейшыя за Смерць. Ці табе ж баяцца Смерці, малец?– Там мы стаялі пад чыстым небам, – вінавата сказаў палачанін. – А тут такая цемра. Такая свінячая цемра!– Кінь. Чалавек носіць сваё неба з сабою.– Блюзнерыш, – гнеўна закрычаў з кармы поп. – Аддаеш чалавеку – Божае.– Ачуняў, – сказаў Гервасій. – Ці бачыш ты тут хоць недзе прысутнасць Бога?Поп змоўчаў. Ладдзя плыла па нябачным моры, і змрок ціснуў на змарлыя душы так, што нават Выліваха адчуў марнасць сваіх жартаў.– Дзе мы цяпер? – спытаў ён.– Над намі Рагачоў, – адказаў Перавозчык.І раптам страшны несамавіты лямант прагучаў над ладдзёю і над морам. Страшна, нема, нібы чапляючыся за апошнюю надзею, закрычаў поп:– Браты рагачоўцы, маліце Госпада за нас!!!Крык аддаўся пад нізкім небам і заглухнуў, нібы яго прыдушылі падушкай.Адчуваючы, што зараз на смяротным караблі пачнецца паніка адчаю, нечалавечы крык і, магчыма, ганебны плач, Гервасій з цяжкасцю выдраў вясло з вады, узняў яго так высока, як толькі дазваляла калодка, і грукнуў ім у нізкае неба.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20