Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

П р а л о гДарога на поўнач ад горада кантралявалася інсургентамі і была небяспечнай. Таму ганцам, якія павінны былі трапіць у размяшчэнне коннага палка, даводзілася скакаць з захаду, перапраўляючыся ўнаброд праз Друць або – гэтая дарога была карацейшай, але і больш небяспечнай – ехаць поймаю ракі, паплавамі, каб потым, адолеўшы Дняпро, адчуваць сябе ў бяспецы пад аховаю ўрадавых войск.На пяцьдзесят вёрст выгінастага рэчышча быў толькі адзін паром, вярстою вышэй ад горада. Яго нельга было аддаць у рукі паўстанцаў, якія маглі б такім чынам парушыць сувязь паміж часткамі карных войск і біць іх паасобку. З гэтай мэтай на левы, процілеглы гораду бераг Дняпра генерал Фікельмонт выслаў роту выпрабаваных у баях салдат пад началам капітана Пора-Леановіча. Капітану не вельмі верылі як нашчадку сепаратысцкай фаміліі і ўраджэнцу Магілёва. Таму “ў дапамогу яму” і “на адпачынак” паставілі, таксама капітана, Юрыя Горава, карэннага русака са старой маскоўскай фаміліі.Гораў быў паранены ў левую руку ў сутычцы з атрадам паўстанцаў пад Ракавам і адасланы “ў тыл на лячэнне і адпачынак”.Тылу не было. У гэты трывожны жнівень 186З года вайна была паўсюль. “Белыя” спрачаліся з “чырвонымі”, беларусы абураліся шавінізмам “белага жонду”. Успыхвалі, затухалі і зноў выбухалі ачагі абурэння палітыкай цара.

Пераспелае жыта плакала зярнятамі, а ў жыце стаялі шыбеніцы. І не ўстаў ніхто добры, любоўны, і не сказаў людзям, што нельга рэзаць адзін аднаго, што свет вялікі і на кожнага выстачыць ніў, што хлеб аднолькава смачны, на якой мове яго ні называй. Не мог сказаць.Галоўным быў не хлеб. Галоўнай была свабода.

Становішча ставала трывожным. У канцы ліпеня генерал Фікельмонт даў загад знішчыць на Дняпры ўсе чаўны. Асобыя атрады рушылі выконваць загад. Пачалася вакханалія знішчэння. Папрасякалі днішчы чаўноў, віцін, шугалеяў. Не пашкадавалі апошняй душагубкі. Тры дні па ўсім Прыдняпроўі шугаў у неба агонь. Палілі кастры бярвенняў, з якіх інсургенты маглі б звязаць плыты. Прыбярэжнаму насельніцтву, што жыло амаль толькі рыбай, заставалася адно – галадаць.Кардон, які абараняў паром, жыў нервова і напружана. А між тым баяцца не было прычыны. Цэнтр паўстання даўно перамясціўся на захад. Галоўны атрад паўстанцаў Прыдняпроўя быў разгромлены яшчэ на пачатку лета, і генералу Фікельмонту гэта не магло не быць вядома.Інсургенты ў колькасці пяцідзесяці шабель і двухсот штыкоў і кос групаваліся ў Звярынскіх лясах. Там іх выпадкова пабачыў нейкі селянін і кінуўся ў горад – папярэджваць. Дарогаю ён адабраў прыпрэжку ў ксяндза і ўсю дарогу гнаў коні. Перад самым горадам прыпражны конь здох. Мужык выпраг каранніка, узваліўся на яго і... палкоўнік Фралоў нашчэнт разбіў інсургентаў, акружыўшы іх. Кіраўнік атрада Усяслаў Грынкевіч быў узяты ў палон і асуджаны на смерць. Зараз ён сядзеў на гарадской гаўптвахце і чакаў. Яго павінны былі вылечыць, выспаведаць перад тварам Усёдаравальнага і толькі потым застрэліць, як сабаку. Дзеці-дэмакраты пажалі жудасны пасеў прыгоннікаў-бацькоў.Але асобныя дробныя атрады яшчэ блукалі па пушчах, і плёткі перабольшвалі іх сілу. Ніхто нічога не ведаў, як заўсёды на вайне, і кардон калаціла ліхаманка трывогі і жаху.Таму нікога не здзівіла, што 18 жніўня на кардон прыляцеў улан на ўзмыленым кані, нешта хутка перадаў Пора-Леановічу і быў перапраўлены на той бок ракі. Конь раняў на насціл белыя хлапякі пены і так цягнуўся да вады, што пасыльны ўдарыў яго. Гораў пераправіў конніка на другі бераг (загад Фікельмонта прадугледжваў абавязковую прысутнасць на плывучым пароме аднаго з афіцэраў пры чатырох салдатах) і са шкадобаю глядзеў, як жывёла, амаль па-чалавечы стогнучы, выносіла улана на стромы чырвоны адхон.