Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– Людзі з царквы ідуць, – казаў Іван. – “Вуглей гарачых!” здалёк даносіцца.– На развале кнігамі гандлююць, – летуценна сказаў Гораў.– Угм, – няўпэўнена і адразу неяк адчужана сказаў Іван.I Гораў таксама адчуў гэта. Ён стаяў, пакутліва думаючы, што яму штосьці трэба ад гэтага салдата, што яму трэба штосьці вырашыць.– Галчаняткі вы... дурныя. Бач, вачыма лыпаюць. I раптам Гораў, амаль нечакана для сябе, сказаў:– Іван, як пераправіцца цераз раку? Іван спадылба глянуў на афіцэра, павагаўся, а потым цалкам натуральна адказаў:– Яно можна.– Ты не думай, – заспяшаўся Гораў. – Я загадваю, я сам з табою і паеду...– Вядома, загад, барын, іначай нельга, – сурова сказаў Іван. – Можна б і ў начальніка кардона спытаць, але ён, відаць, заснуў.I прыбавіў:– Мы човен схавалі.– Човен? Як асмеліліся? А загад?– А адкуль у нас рыба ў юшцы? – амаль груба спытаў салдат. – Што ж нам, на кашы сядзець? Калі самі сабе не дапаможам...– Добра, добра, – сказаў Гораў і пасуровеў. – Што ж, Іван, са мной паедзеш?– Цяжка ўтраіх, – уздыхнуў Іван, – але паспрабаваць трэба.– Едзем.– Ну-к, што ж, – Іван памаўчаў, потым падаў голас ў цемру. – Сідар, га Сідар, галчанятак вазьмі...Гораў ужо цёпаў прэч ад яго па глыбокай гразі. Спыніўся пад акном бакоўкі, пашкроб у яго пальцам. I амаль адразу ўбачыў за каламутнымі шкельцамі яе твар з пашыранымі вачыма. Гораў прыклаў палец да губ, і яна здагадалася, бязгучна расчыніла акенца,– Збірайцеся, – шэптам сказаў ён, – і дзьмухніце на свячу: хай думаюць, што вы спіцё.Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.– Дапамажыце мне.У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе – акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.– Дайце мне руку, – шэптам сказаў ён, – хадзем. Маленькія цёплыя пальцы праціснуліся ў яго далонь. Гораў, спяшаючыся, павёў яе да берага, спачатку амаль на дыбачках, потым бягом...– Іван, дзе ты? – шапнуў ён, нахіліўшыся з адхону.– Тут, – прагучаў у адказ сіпаты голас. Салдат стаяў на невялічкай убітай сцежцы.– Хутчэй, – сказаў ён, і яны ўсе пабеглі берагам да высокіх зарасцяў лазы....Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Іван узяў жанчыну з рук Горава і, занадта гучна шабоўтаючы нагамі па вадзе, панёс яе некуды ў нетры прыдоннай лазы.– Ёсць, – сказаў ён, вярнуўшыся, – дайце руку. I пацягнуў Горава кудысьці ў цемру. Выцяўшыся каленам аб борт чаўна, Гораў пераваліўся ў хісткую пасудзіну.– Чакайце, – буркнуў Іван, – толькі сцябла схаваю.– Якое сцябла?– Ну, тутэйшае слова, латок, на які нерат укладваюць... Хлопцы, як згубім, не пахваляць.Ён яшчэ з хвіліну шапацеў у лазе, як вялізны бабёр, потым сунуў у руку Горава вясло.– А другое?– Гэта вам не катанне на Яўзе... Тут адным абыходзяцца. Вяслуйце ля самага борта, а потым злёгку падайце канец убок і ўгору.– Дайце я, – сказала жанчына, – ён не ўмее.– Сілы пашкадуй, дзіцятка, – грубым голасам сказаў Іван. – Да конскіх могілак дзве вярсты... у цемры.Конскімі могілкамі называлася месца, ля якога стаяла гаўптвахта.Іван моцным штуршком выкінуў човен з лазы. I адразу – спачатку слаба, потым мацней – пасудзіну пачало гайдаць, а потым кідаць па хвалях.