Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– Чорт, – сказаў салдат, – наўкос бяры, не стаў бокам да хвалі.– Нічога не бачу.Бледная бязгучная маланка якраз у гэту хвілну заліла няпэўным дрыготкім святлом абшар Дняпра, пасівелага ад ярасці, імклівыя грабянцы валоў, далёкі чорны бераг. Вёслы Горава і Івана ўдарылі па вадзе, ружовай ад святла бліскавіцы. I адразу гэтая вада стала чарнільнай, а на людзей цяжка наваліўся змрок. Потым, быццам жадаючы дапамагчы, неба раз-пораз пачало раздзірацца ўспышкамі святла. Гораў бачыў твар жанчыны, якая з прагай, з чаканнем, зусім без усведамлення небяспекі, толькі з лікуючым імкненнем наперад, да волі, глядзела на другі бераг, які амаль не набліжаўся. Шкарлупінку кідала ў правалы паміж хваль, вецер адкідваў цёмны шаль на жанчыне, як вялізныя імпэтныя крылы.Кожныя пяць хвілін даводзілася выліваць ваду; усе прамоклі да пояса. Човен скакаў па хвалях, і пырскі пены ляцелі ў вочы людзей: за бортам раз’юшана пляваўся Дняпро.Гораву здавалася, што гэта цягнецца вечнасць, што цямноццю і страшным ударам у борт душагубкі ніколі не будзе канца. Човен, пэўна, адносіла.I ўсё ж наступіў момант, калі хвалі ўтаймаваліся, шкарлупінка плаўна загайдалася ў зацішку, за высокай касой процілеглага берага.– Ну, барын, – уздыхнуў Іван, – думаў, патопнем.– Мы не маглі патануць, – упэўнена сказала яна, – як жа нам патануць, калі мы неслі жыццё.Асклізваючыся на чырвонай гліне абрыву, яны ўзвялі жанчыну на роўнае месца.– Ідзіце, – сказаў Іван, – туды... Мы не можам праводзіць вас.Жанчына стаяла моўчкі, потым нечакана схілілася і прынікла губамі да рукі Івана.– Што вы, што вы, – спуджана мармытаў той, выдзіраючы шорсткую, як капыт, руку з яе пальцаў.– Дзякуй вам, дзякуй, – задыхаючыся казала яна, – дзякуй за добрыя рукі, за сэрца.– Ат, – Іван махнуў рукою і занадта паспешліва пачаў спускацца з абрыву,– Ідзіце, – сказаў Гораў жанчыне, – хутка пачне днець.I раптам адчуў у цемры, як жанчына прыціснулася шчакой да яго грудзей, прыўзняла твар і дакранулася губамі да яго шчакі. – Дарагі, родны мой друг.– Ідзіце, ідзіце, – сказаў Гораў, адчуваючы, як вільгаць просіцца на вочы.– Я іду. Я іду, – паспешліва сказала яна.I цень жанчыны растаў у змроку......Гораў спусціўся ўніз і знайшоў пад адхонам Івана. Нашчыкаўшы са стажка сухога сена, той наклаў на яго ссохлых леташніх галін лазы, прыплаўленых у повень Дняпром, і паспеў раскласці ў лагчынцы невялічкае, але зыркае вогнішча.– Сушыцеся, – сказаў ён, – потым самі будзеце веславаць. Я пераплыву... Не трэба, каб нас бачылі разам, ваша высакароддзе.Яны моўчкі сушылі вопратку каля агню. А потым, калі размялі рукамі сухую, пакарабачаную тканіну, заўважылі, што над Дняпром пачынае шарэць.У гэтым жаўтавата-шэрым брудным святле вялікая рака сціхла, быццам застыдаўшыся таго, што нарабіла ў мінулую ноч. Усё яшчэ было ветрана, але нізавы вецер даў месца верхавому, і той, як добры дзядзька, сагнаў хвалю, разгладзіў сваім подыхам пахмурную паверхню ракі. Яшчэ падалі кроплі дажджу, але відаць было, што дзень хутка заўсміхаецца ўсімі сваімі прамытымі і цёплымі фарбамі. Ды і дождж крапаў такі рэдкі, што незразумела было: ці то падалі скупыя кроплі, ці небывала дружна хадзіла “жорам” верхаводка.Іван скруціў вопратку ў вузел і, трымаючы яе ва ўзнятай руцэ, сказаў:– Дык я паплыву, ваша высакароддзе... Прыйду потым на кардон паплавамі.I сказаў, быццам даравання прасіў, быццам не афіцэр падбіў яго на процізаконны ўчынак: