Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– Вайна вайною, а баб шкада... Вельмі баб шкада. ...Калі Гораў, не зусім спрытна валодаючы вяслом, пераадолеў Дняпро і паплыў ля нізкага берага, дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія някошаныя травы на берагах дымелі, з улоння Дняпра плыла сытая пара, як ад вядра з сырадоем.“Божа, – падумаў Гораў, – нават рэкі цякуць малаком. I на гэткай благадатнай зямлі паміраць? I такою светлаю раніцай чакаць смерці? Ну не, няхай хоць на дзве гадзіны скароціць такое чаканне – і тое выдатна. I я не шкадую”.За павароткаю ракі адкрыўся, зусім непадалёку, кардон. На паромным прычале стаяў, успёршыся на балясы, млявы Пора-Леановіч з сігаркаю ў зубах. Паплёўваў у ваду. Іранічным позіркам глядзеў на човен, які набліжаўся, выплываў з імглы.Гораў прывязаў човен у лазе, выбраўся з яе на сухі бераг і пайшоў паўз прычал. Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма. I гэтыя вочы прымусілі Горава зрабіць выгляд, што нічога не было, што яны толькі што развіталіся.– Баюся, што вы дарэмна пайшлі на парушэнне прысягі, капітан Гораў.Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.– Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.– Вы яшчэ хлопчык, капітан... I як лёгка яна вас акруціла.– У яе загад графа Мураўёва.– Святая нявіннасць... Стары хрэн проста не можа раўнадушна бачыць жаночае хараство.– У яе загад. I нельга гуляць жыццём памілаванага. На вуснах Пора-Леановіча з’явілася ўсмешка.– Вы лічыце, што наш граф так лёгка вьшускае з пятлі людзей?– Н-не разумею вас.– Яму проста апрыкралі жаночыя просьбы. Яму да слёз хочацца, каб яго лічылі высакародным, каб хоць адна прыгожая жанчына лічыла вылюдкам не яго, а Фільку.– Што?– Ён замяняе страту пажыццёвай катаргай і пасылае жанчыну. А за дзве гадзіны да гэтага, з губернатарскай поштай пасылае фельд’егера, каб на месцы паспяшаліся.Гораў сцяў зубы.– Калі гэта праўда, дык ён падлюга.– Ён чалавек, – сказаў Леановіч, – чаго ад людзей чакаць? – Што далей? – сурова спытаў Гораў. – Жанчына, відаць, не шкадавала грошай; яна ехала, наступаючы яму на пяты. Як яна магла зрабіць такую дарогу за сорак восем гадзін – не ведаю. Гэта трэба быць жалезным чалавекам... I ўсё ж фельд’егер вырваўся з апошняй станцыі, узяўшы апошняга каня. Ён апярэдзіў яе не больш чым на дзве гадзіны...Твар Горава быў белы як палатно.– Не лічыце графа дурным, – раўнадушна сказаў Леановіч...Ён памаўчаў хвіліну. Гораў не мог болей вытрымаць.– Дзе той фельд’егер?– Вы самі яго перавезлі праз Дняпро надвячоркам... Гэты улан прывёз мне загад: што б там ні было затрымаць гэтую жанчыну да трох гадзін раніцы. Хопіць, каб прыняў апошнюю літасць ад папа, памаліўся апошнюю ноч і дастатковы час пагайдаўся на шворцы.– А ў яе вечныя пакуты сумлення, што спазнілася на паўгадзіны?– Магчыма, – сказаў Леановіч.– Ну што ж, – сказаў Гораў, – я парушыў ваш план, – яна ўсё ж паспее. I гэта дрэнна, тое, што вы зрабілі, гэта вельмі несумленна.– Не мне ж іх шкадаваць. Як кажуць, воўк воўку – чалавек. А вы парушылі абавязак і гонар афіцэра.– Гонар у афіцэра не ў тым, каб быць катам, – ускіпеў Гораў. – А жанчына паспее, яна не можа не паспець.Леановіч не слухаў яго.– Для самазаспакаення думайце, што гэты інсургент быў крыклівы кар’ерыст, а яго жонка – распусніца.