Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– Гэта ганебна, то, што вы кажаце.– Ідзіце па трупах, дарагі Гораў, ідзіце па трупах... А пакуль што...Ён пазяхнуў.– ...пакуль што ідзіце лепей выспіцеся... Бадай што, і я пайду.Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна б’е – да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.– Бадай што, ваша праўда, – сказаў ён, – я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.I ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.– Хлапчыска, – сказаў ён,...Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Сігарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў у некалькіх кроках ад яго.– Выспаліся? – спытаў Гораў.– Анягож, – роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.– Ну вось і добра, – сказаў Гораў, – зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў... Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?Леановіч пакасіўся на яго:– Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка.На процілеглым беразе, над адхонам, з’явілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.– Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, – абыякава сказаў Леановіч. – I каго гэта яшчэ нясе?..Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.– Учарашні улан едзе, – сказаў ён і не ўтрымаўся: – Мазалі, відаць, набіў на паўшар’ях, як пірагі.– Гэ-эй, – пралунаў над ракою зычны голас. Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.– Гэ-эй, – крычалі з таго боку два галасы, – паро-ом, па-ром, паром!Леановіч ляніва павярнуўся да Івана. Іван стаяў над адхонам, свежанькі, быццам усю ноч хроп у стайні. – I чаго наддзіраюцца? – незадаволена сказаў ён. – Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.– Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?– Ніхто, – сказаў Леановіч....Увесь час, пакуль паром пераплываў раку, афіцэры стаялі моўчкі. Няшчыра спакойнымі вачыма яны глядзелі, як адбітак зялёнага берага, разарваны рухам парома, ляніва калышацца ў вадзе, як дрыжачых коней узводзяць на паром, як замацоўваюць калодкамі колы, як паром павольна вырастае ў памерах, набліжаючыся да іх.I толькі калі улан падышоў і адказыраў, Леановіч спакойна кінуў недакурак сігаркі ў раку і адразу ж закурыў новую.Улан стаяў перад ім моцны, як Геркулес, кучаравы (“Ванька-ключнік”, – падумалася Гораву), з румянымі вуснамі і нахабнымі светлымі вачыма,– Паспеў? – спытаў Леановіч.