Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Яна схіліла галаву, а потым, праз імгненне, ускінула на Горава цёмныя вочы.– Але мне лягчэй. Людзі заўсёды людзі. Людзі паўсюль людзі... Дай вам бог шчасця за добрае сэрца. Шчасця з невядомай мне рускай жанчынай, такой самай добрай, як вы.– Не трэба, пані, – сказаў Гораў.– Маўчыце, – сказала яна амаль сурова. – Чым я магу аддзякаваць за ўсё? Толькі словам. Дай вам бог шчасця. I вам, і дзецям, і ўсім нашчадкам вашым. Дай бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі.– Рушай, – сказала яна фурману пасля хвіліны цяжкага маўчання. – Бывайце, дарагі.– Бывайце.Брычка павольна пакацілася па дарозе. Гораў хацеў было ўжо саскочыць з прыступкі, але яна ўзяла доўгімі далонямі яго галаву і прыцягнула яе да сябе на грудзі. Пацалавала ў высокі лоб.Ён нахіліўся і прыпаў вуснамі да бязвольнага сугіба ля кісці яе рукі.– Ідзіце... Ідзіце, – шэптам сказала яна.Споўнены гаротным неўразуменнем, бунтуючы ўсім сэрцам супраць сляпой сілы, якая няўмольна разлучае людзей, Гораў скочыў з прыступкі. Брычка пакацілася хутчэй.Бясконцыя лугі ляжалі вакол.А ён стаяў і глядзеў, як брычка, зрабіўшыся цёмнай кропкай, знікала недзе пад чорнымі хмарамі, ад якіх цягнуліся да зямлі шэрыя і напаўпразрыстыя завесы дажджу,Так скончылася гэта гісторыя. Ураган размёў чалавечыя існаванні і не дазволіў сустрэцца зноў. Паўстанне грымела, усё далей адсоўваючыся на захад, а ў Прыдняпроўі настала ўжо “заспакаенне” і “ўціхаміранне”.I тады да Горава пачалі прыглядацца. Смерць Пора-Леановіча некаторым здалася падазронай. Доказаў не было і не магло быць. I ўсё ж агульнае падазрэнне было такім, што Гораў хутка быў вымушаны падаць у адстаўку.Незадоўга да гэтай знамянальнай падзеі яго, памятаючы бой пад Ракавам, узнагародзілі медалём “За ўціхаміранне”... Медаль ён не насіў.I пайшло далейшае жыццё, такое, як ва ўсіх. Жаніцьба. Масква. Усё тое, аб чым ён марыў за дзень да падзей на пароме.Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб’іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў, – агарнула туга.Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы. I тады ў вачах паўставаў далёкі край бязлюддзя, крыжы на ростанях, павалены лес паабапал дарог і імклівая быстрыня Дняпра з лядаштым паромам ля адхону,Ён быў шчаслівы, але чамусьці ў непатольнай цемры начэй усё часцей успамінаў кнігавак над лугамі, шэрыя завесы дажджу і рукі з доўгімі пальцамі, рукі, што сціскалі яго скроні, рукі той, якая знікла, каб ніколі больш не сустрэцца з ім.У неасэнсаваным жаданні ажывіць гэтыя і без таго жывыя ўспаміны, вярнуць страшны, самы лепшы час свайго жыцця, ён імкнуўся да мінулага, настойліва ўваскрашаў яго, аж да ліслівага дакранання мокрага ліста вяргіні.Позняй восенню ўспаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі. I тады, каб хоць трошкі перажыць неадольныя чары той зямлі, якая ляжыць недзе і кліча прызыўным клічам, што нельга згасіць у сэрцы, – Гораў браў паляўнічую стрэльбу і знікаў з Масквы. Усё адно куды. Толькі б далей, толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам.Шаснаццатага лістапада тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года, падчас адной з такіх уцечак, ён, трохі паблукаўшы балотамі, ішоў начным лесам з палявання. Два забітыя цецерукі абцяжарвалі бок, ногі ў балотных ботах спружынілі на налітых вадою мхах.