Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Гэта было перад вечарам. Парыла так нясцерцна, што салдаты і капітан абліваліся потам. Паром не быў “самалётам”1, які рухае сіла плыні, і даводзілася цягнуць яго сілаю ўласных рук.Цьмянае ад сонца люстра ракі здавалася мёртвым. Не боўтала рыба, і шэрыя чаплі на водмелях стаялі расхрыстаныя, замораныя, падобныя на пачварных вядзьмарак, апранутых у лахманы. Толькі ластаўкі ў быстрым лёце чыркалі крыламі ваду, ды недзе за бясхмарным даляглядам бурчаў нябачны пярун. Бурчаў упарта, раз-пораз.“Будзе вераб’іная ноч”, – падумаў Гораў.Быццам адказваючы яму, адзін з салдатаў уздыхнуў:– Залье нас сёння. Як вясной, будзем куваць на востраве.Процілеглы бераг быў нізкі, толькі на ўзвозе, дзе стаяла хатка паромшчыка і адрына, быў высакаваты пясчаны ўзгорак, упрыгожаны дзвюма хвоямі і дзесяткам чорных вольх. Туды вада не даставала.– Іван, – спытаў салдата Гораў, – ты тут пяты год служыш. Што, шалее ў навальніцу Дняпро?– Рака з характарам, – твар у салдата быў чырвоны, абліты сонцам. – У палавень залье ўсю пойму, толькі верхавіны над вадою дрыжаць. I так вёрст на сем. Несаабразнае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Тут у вераб’іную ноч дрэнна. Усе старыкі на пойме вадой залье... унь той клін адхопіць. Перапраўляцца нават і не думай. Канцы.Паром торкнуўся ў бераг, і адразу лаза на беразе, якая дагэтуль плыла перад вачыма, спынілася, замерла.Салдаты з вясёлым гоманам пацягнулі на ўзвоз чорны мораны дуб, прывезены на паліва.Капітан уздыхнуў. Яму на хвіліну стала зайздросна. Быць такім шчыра вясёлым, такім неўтаймавана жыццярадасным – гэтага ён не мог, для гэтага трэба было быць істотай іншай пароды.Усё тое ж самае. Трохі не месяц вочы бачаць той самы абрыдлы кардон, хатку паромшчыка, у якой філасофствуе за гарэлкай Пора-Леановіч, адрыну і вялізную стайню, дзе размясціліся салдаты, паласатую будку вартавога, асклізлы паромны канат.Адзін паратунак – Дняпро. Ды і той ляжыць зараз пад свінцова-цяжкімі промнямі сонца, трывожны і немы.А ў Маскве зараз цішыня. Масква толькі пачынае ажываць. Пусцеюць дачы і маёнткі. На ліпах Няскучнага саду першыя жоўтыя лісцікі; з багатых, па-асенняму, рынкаў даносіць пахам “валовых мордачак” (улюбёныя яблыкі маменькі). Маменька, пэўна, паехала зараз у манастыр маліцца за здравіе воіна Юрыя і за дараванне яму веры. Едзе паўз Круціцкае падвор’е ў сваім нехлямяжым, падобным на гарбуз вазку. Фурман Сідар з вялізным – на трох – задам крычыць на сустрэчных страшным голасам: “Адыдзі, сцеражыся!” А ў блакітным небе сляпуча блішчаць купалы сабораў, і плыве бязважкі контур Круціцкага церамка.А вось і сам ён, Юрый, выходзіць з парадных дзвярэй, праходзіць дарожкай пад ліпамі, з насалодаю дыхаючы празрыстым і ўжо схаладнелым паветрам. Ванька ў армяку з дзіркай пад пахай трасецца на козлах.– Гэй, Ванька!I вось ляціць, ляціць вазок. Спачатку па Цвярской, потым бульварам, потым на Арбат. I лікуе, захлынаецца ў грудзях ад радасці сэрца. Так, вайна скончана, вайны ніколі больш не будзе. I ліпы! I Арбат! I цудоўныя асабнячкі... I Nadine ўстае яму насустрач у сваёй белай сукенцы...– Гэта вы? Божа мой, як я рада!I зноў – занадта паспешліва – апускае да вышывання нявінныя, цёмна-сінія, дзівосныя вочы. Што з таго, што яны толькі двойчы абмяняліся парай нязначных слоў, што яны амаль незнаёмыя. Усё адно гэта Масква, і сонца, і дзень без крыві і стрэлаў. I Масква гэта, і ёсць Nadine, Надзенька, Надзейка, як кажуць тут. Што з таго, што ён цэлы год не бачыў яе, што яны малазнаёмыя. Вось ён бачыць яе валасы колеру ржавых кляновых лісцяў, такія пушыстыя, мяккія, лягусенькія, падзеленыя белым радком, яе рот з прыпухлай ніжняй губкай.