Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Нетры скончыліся раптоўна. За ўзлескам ляжалі купіны імшараў, за імі зноў цямнела лясная сцяна. Над галявінаю свяцілі высокія і яскравыя асеннія зоры. I, як заўсёды на самоце пад асеннімі зорамі, душу агарнула шкадаванне аб страчаным і пачуццё закінутасці і безабароннасці.І вось гэты паўночны Яраслаўскі край здаўся вельмі падобным на тую, таксама закінутую ў балотах краіну, дзе зараз, пэўна, дажывае на беразе струхлелы паром, дзе калісьці вусны далёкай і незваротнай дакрануліся на хвіліну да яго валасоў.Гораў стаяў, прыхіліўшыся спіною да замшэлай сасны. Павекі яго, што раптам зрабіліся цяжкімі, прыгашвалі халоднае мільгаценне зорак.Ноч плыла над балотамі. I раптам у гэтай начы, аднекуль з зеніту, пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых знічак.На няўлоўныя імгненні пакідаючы ў небе халодны зеленавата-фосфарны след, яны ляцелі ўніз і згасалі, гінулі ў цемры, а на змену ім з’яўляліся новыя, новыя, новыя.Гэта былі Леаніды.Адразу ўспомніліся горкія словы Леановіча, шалёны дождж над самотнай ракой, вялізныя, як азёры, чорныя вочы той, якая знікла і ніколі не вернецца.Чалавек стаяў пад зеленаватым зорным дажджом і думаў:“Яны былі ў трыццаць трэцім, яны лятуць зараз. Калі яны прылятуць у дзевяноста дзевятым, на парозе новага стагоддзя, – я яшчэ буду жыць. Калі яны прылятуць у тысяча дзевяцьсот трыццаць другім годзе, – мяне ўжо не будзе. I нават мае дзеці не ўбачаць Леанід шэсцьдзесят пятага года... А яны будуць ляцець і ляцець, сустракаючы ўсё новыя і новыя пакаленні. Што будзе тады, праз сто год, ці далося б нам зразумець радасць і боль тых людзей?”.Ён стаяў, прыхіліўшыся да камля сасны, а проста над ім, з невядомай глыбіні, з чорнага начнога шатра ляцелі і згасалі халодныя зеленаватыя іскры, пакідаючы імгненны незваротны след.Гінулі над празрыстымі азёрамі Леаніды, гінулі тысячамі, знікаючы ў пахмурых асенніх лясах.I, гледзячы на іх праз замглёныя слязьмі веі, Гораў думаў:“Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з’явяцца нашы браты, ці з’явімся мы самі на зямлі яшчэ раз... Леаніды! Сэрца жадае вас. Хоць вачыма далёкіх нашчадкаў дайце глянуць яшчэ раз на зорны дождж”.Тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры зоркі.Гінулі Леаніды.Р а з д з е л ІЛеаніды не вярнуліся. Астраномы тлумачылі гэта тым, што Юпітэр і Сатурн адцягнулі ўбок іхнюю арбіту. Ва ўсякім разе, у лістападзе 1899 года халодны, фосфарна-зялёны дождж не падаў на забытыя балоціны і лясы. Ноч была звычайнай глухой ноччу позняй восені, а ў паэтаў адабралі яшчэ адну прыгожую легенду.Леаніды здрадзілі нашай зямлі.Урэшце, акрамя паэтаў, ніхто занадта не засмуціўся гэтым. На зямлі хапала свайго болю і сваіх клопатаў.Пячаць стагоддзя ляжала на ўсім, і гэта было жорсткае стагоддзе.Завея хавала пад гурбамі гарбатыя палескія хаты і хаўтурыла над імі. Замець белымі змеямі бегла па каменных плошчах Пецярбурга, паўзла ў стылую арку генеральнага штаба і бяссільна разбівалася аб падножжа Зімняга палаца. I з вялізнага люстранага акна глядзелі на яе лупатыя, са строгай слязой вочы чалавека. Глядзелі на замець, на халодны граніт, што скаваў увесь горад, і далей, на ўсю няўтульную зямлю, што рабалепствавала ля яго ног.Горад-сфінкс бязрадасна смактаў з зямлі жыццё, а чалавек быў сэрцам гэтага сфінкса.I ўсё гэта было падобна на трызненне. У чалавека ўжо аднойчы стралялі ля рашоткі Летняга саду, чалавеку сніліся прывіды, якія хочуць яго смерці. I тады зноў быў выкліканы кат Беларусі і Літвы, каб звіць вяроўку на таго, хто страляў. Потым памёр і кат, – і яго падла, распухлае ад вадзянкі, падла, якое кішэла робакамі, закапалі ў зямлю: ён не заслужыў ад удзячнай бацькаўшчыны нават бальзамацыі.