Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Усё менш ставала верных людзей. Апошняю надзеяй, як мара, блішчаў за ракою шпіль Петрапаўлаўкі. Туды, у гэтыя муры, ён хацеў бы запакаваць усю Расію. I людзей выводзілі з брамы пад покрывам цемры, садзілі ў чаўны і страчвалі на востраве Галадай.Турма была надзейнай. Адтуль за дзвесце год не ўцёк ніхто. Чалавек, якога маглі б паважаць за вызваленне сялян, хаваўся зараз ад уласнага народа. І ўсе на словах схіляліся перад ім, а ў сэрцы – ненавідзелі.А потым выбух з Екацярынінскага канала скалануў ужо і зямлю. I забойцы, арыстакратка з горкім і прыгожым ротам, сын селяніна і паповіч, былі, “павешаныя за шыю, пакуль не памерлі”.Дзяржаўны калейдаскоп мільгаў далей. Хваля ўдачы ўсплёсквала на вяршыню людзей-прывідаў, галоўным заняткам для якіх было – не быць людзьмі. Над краем у дымна-чырвоных хмарах выплываў то пергаментна-жоўты твар Пабеданосцава, то халодна-пагардлівае цьмянае аблічча Плеве.Была і другая Расія, але яе забівалі ці аддавалі анафеме.Страты. Страты. Страты. Тысячы шыбеніц. Безвыходная Сібір. Загубленыя пакаленні з рабскай душой. Мноства асведаміцеляў-энтузіястаў. Нясцерпная туга ліхалецця.Некалькі разоў па краіне, як гіганцкія маглі, грукочучы, кацілася вайна. Тысячы белацелых сялянскіх хлопцаў валам валілі да чыгункі, плакалі п’янымі слязьмі пад скавытлівае рыганне гармоні, груба адрывалі ад сябе каханак, раўлі дурным голасам бязглуздыя салдацкія песні, а потым тысячамі белых пагорачкаў ляжалі ў палях, ледзь прыцярушаныя снегам, або борсаліся ў ледзяной вадзе паміж абломкаў, з жахам адчуваючы, як нябачныя гіры няўмольна і няўхільна цягнуць на дно.На грошы, якія забірала вайна, можна было б даць усім гэтым хлопцам вышэйшую адукацыю. Але ўладары, як усякія ўладары, баяліся асветы.Рэйкі. Рэйкі. Рэйкі. Дымная сліна з комінаў пэцкае небасхіл. Марлокі даюць гарадам, залітым электрычнасцю, чорнае сонца. Уначы за крывавымі вялізнымі вокнамі раве дэман. Тысячы чырвоных, як гномы, людзей плюшчаць сталь. Змей крычыць медным голасам, падобным на голас гудка, і тысячы заспаных людзей бягуць на гэты голас, каб трапіць у разяўленую пашчу.Друзнуць мускулы. Краіну не б’е толькі лянівы. А на яе абшарах з помпаю і нізкапаклонствам, з морам віна і цыганамі, з ладанам і зверагалосымі дыяканамі святкуецца трохсотгоддзе дынастыі.З тых самых лясоў, дзе колісь кастрамскі селянін уратаваў пачатак дынастыі, прывезлі ў падарунак гасудару спілаваны стаўбур трохсотгадовай сасны. Равесніца дынастыі, яна прабіла зямлю пушыстай, як заюшка, лапкай у той самы год, калі баяры каранавалі на царства над змучанай ад смуты краінай слабога бледнага хлопчыка. Яна была красою лесу, калі ўнук гэтага хлопчыка арудаваў на верфях сякерай. Яна была грознай у пачатку сваёй старасці, калі бліскучая сука секла галаву “самазванцу”, апекавала над мастацтвам і тысячамі тапіла беларусаў на пецярбургскіх балотных работах. А потым, ужо нінавошта не здатная, без змогі даваць насенне – былы семяннік з пераспелай, мяккай, як вата, драўнінай – яна стаяла панылая, злосная і без разбору глушыла маладыя пушыстыя сасонкі, якія мелі няшчасце трапіць у яе густы, атрутна-халодны цень.I вось яе ссеклі. Міжвольная іронія гэтага падарунка не дайшла да небагатых мазгоў уладара, ён шчыра падзякаваў за тонкі і з паэтычным густам зроблены падарунак. А між тым усё было скончана.