Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Былая краса пушчы, абадраная і распранутая, ляжала зрынутай на зямлю. Не хапала толькі чалавека, які ўзяўся б за справу і нашчапаў з яе трэсак. Такі чалавек знайшоўся.У лунанні сцягоў, у крыві братазабойчай вайны, у суровых гімнах, у перамогах і горычы ішла на зямлю новая эра.I чалавек з вялікім лобам, не бронзавы, а жывы, вялікі лесаруб і дойлід, з’явіўся над зрынутым дрэвам і высока занёс ззяючую, як справядлівасць, сякеру......А потым рыдалі з яго смерці чорныя ад гора цягнікі.А потым было жыццё са ўсячынай. Людзі самаахвярна будавалі і бурчалі на чэргі, штурмавалі стратасферу – і вешалі на сцяну процівагазы, стваралі “Ціхі Дон” і жылі просталінейным, наіўна-напышлівым мастацтвам.Была і веліч, была і падазронасць, была і жорсткасць, быў і гераізм.Маленькай прэлюдыяй вялікай навальніцы адгучала ў стрэлах “зязюль” сярод заснежаных ялін напаўзабытая фінская вайна.I вельмі хутка, так хутка, што не паспелі яшчэ высахнуць слёзы сірот, грымнулі грымоты вялікай бяды, той бяды, пра якую няма сілы пісаць і нельга не пісаць, бо чалавечая памяць кароткая, бо пакуты неадплачаны, бо мёртвых не вернеш, бо ляжыць і доўга будзе ляжаць на пакаленнях цень чорных крыл, бо чалавек не забывае, а калі б забываў, быў бы проста неразумным свінячым быдлам.Снарад трапіў у старажытную званіцу, і яна градам камянёў пацякла на зямлю. Сабака ліжа халодную руку гаспадара. У страшным шэсці ідуць людзі да ахайных, чысценькіх муроў крэматорыя.Выбухі. Выбухі. Гучны пошчак нямецкіх буйнакаліберных кулямётаў. Здані аэрастатаў на фоне марознай зары. Недзе ў канцы Цвярскога бульвара. Сібірскія хлопцы з белымі лыжамі на плячах. Белыя, як прывіды, коннікі, знікаючыя ў кудлах завірухі. Тысячы магіл на падмаскоўных палях. Палескі хлопец стаіць ля сценкі пад рулямі аўтаматаў і глядзіць страшнымі славянскімі вачыма.Жах вайны. Гнеў вайны. Хто можа забыць пра вас, адмахнуцца ад вас?! Няма забыцця.Р а з д з е л ІІГэты дом на недалёкай ускраіне Масквы зваўся Домам паэтаў, хоць жылі тут, вядома, не толькі паэты. Пісьменнікі – пераважна маладыя, – сцэнарысты, што панаехалі ў “Масфільм” вучыцца розуму, стракатая мешаніна нацый, колераў скуры, гаворак.Усе яны набівалі смехам, спрэчкамі, скандаваннем вершаў, упартай працай і лёгкім адценнем цыганшчыны гэты новы сяміпавярховы дом.Большасць з іх жыла тут кароткі час, некаторыя – даўжэй, стала – не жыў ніхто. I таму самое жыццё вызначалася вясёлай неўладкаванасцю, прадчуваннем чамаданных настрояў і пагардаю да такіх забабонаў, як шторы на вокнах і французскі замок на дзвярах.Вясёлы, жулікаваты з выгляду літовец Баранаўскас сцвярджаў, што ад дома за вярсту нясе сухім віном і дрэннымі вершамі. I, бадай што, у гэтых словах было зерне праўды.Дом узвышаўся над усімі навакольнымі дамамі, над маладым бульварам, над недалёкай лініяй высакавольтнай перадачы і падстанцыяй сваімі жоўценькімі плітачнымі мурамі, прамытымі радамі блакітных вокан і чырвоным дахам.Дом прыціхаў толькі раніцай: частка людзей была на занятках ці хадзіла па справах, частка працавала ў пакоях. А тыя, што не працавалі, не былі на занятках ці не хадзілі па справах, маўчалі: свята трымаўся закон, які забараняў шумець і перашкаджаць пісаць сябрам.Затое ўвечары з расчыненых вокан усіх сямі паверхаў спявала і смяялася маладосць. Жылі весела і не заўсёды багата, нават не пачынаючы думаць пра ўласную машыну.