Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Потым вокны пачыналі зачыняцца, з палітых вуліц павявала свежасцю, буйны россып гарадскіх агнёў – быццам куча жарынак на бясконцай жароўні – пачынаў згасаць. I дом, разам з усім горадам, засынаў.Толькі некалькі акон – у тых, хто любіў начную працу і спасылаўся ў гэтым на Дастаеўскага, – спакойна гарэлі да позняй ночы ружовым або зеленаватым святлом.У тую ноч, з якой пачынаецца наша апавяданне, “начнікам” не давялося спакойна папрацаваць, а тым, хто любіць спаць, – спакойна выспацца.Па доўгім калідоры шостага паверха гучна маршыравалі два чалавекі год па трыццаці. Абодва былі трохі на падпітку. Адзін, ніжэйшы і бялявы, залівіста граў на губным гармоніку і махаў вузкім канверцікам фотатэлеграмы. Другі, больш высокі, з непрыгожым добрым тварам, строіў з сябе гавайскую гітару, а ў перапынках гучна, на ўвесь калідор, крычаў страшэнным па сіле голасам:– Уставайце ўсе! Досыць спаць! Уставайце, уставайце! Ур-ра, уставайце!Пасля адной асабліва заліхвацкай рулады і серыі крыкаў па ўсёй даўжыні калідора пачалі ляскаць і адчыняцца дзверы, а з дзвярэй высоўвацца ўстрывожаныя, заспаныя і проста незадаволеныя абліччы.– Ур-ра! – лунала калідорам рэха.– У чым справа, Грынкевіч? – прабасіла ўскудлачаная галава ў адных дзвярах.Непрыгожы выхапіў з рук бялявага вузкі канверцік.– Уставайце! Ур-ра-а! Уставайце! У Вайвадса сын нарадзіўся!Выраз нездавальнення знік з твараў. Бязладнае “ўра!” многіх галасоў пакацілася калідорам.Вайвадс узяў з рук Грынкевіча вузкі канверт, прыціснуў яго да грудзей. Вочы яго блішчалі:– Хлопцы, я вельмі... я вельмі. Словам, я запрашаю ўсіх у свой пакой выпіць са мною трошкі віна.– Што ты, хлопча, – сказаў кудлаты, – позна ўжо. Мы лепей заўтра адзначым. Згода?– Згода, – хітнуў галавою Вайвадс.Галовы пачалі знікаць у дзвярах. Калідор стаў пустым і гучным. Два сябры стаялі і глядзелі ў вочы адзін аднаму.Яны былі вельмі непадобныя адзін на аднаго – беларус і латыш. Беларус – высокі, хударлявы, з выразнымі, вельмі пластычнымі рухамі, з непрыгожым тварам, які прыкрашвалі толькі глыбокія вочы пад цёмнымі бровамі. Латыш – ніжэйшы за яго, каржакаваты, з белым тварам і таўставатымі вуснамі. Вочы – блакітныя і вельмі ясныя. Валасы жоўтыя і мяккія, як лён, яўна пачыналі радзець. Выгляд надта сялянскі, але незвычайна добры і мілы.– Пойдзем да мяне, Андрэй, – сказаў Вайвадс, – вып’ем на радасцях бутэльку віна, пагамонім. Твар яго аж ззяў ад шчасця.– Чакай, Яніс, – голас Грынкевіча, калі той не крычаў, быў мяккі і даволі ціхі, – я думаю, што нам трэба на якую гадзіну расстацца. Усё адно, відаць, мы ў гэтую ноч не заснём. Але ты спачатку не пра бутэльку думай, а пра жонку. Сядай, брат, і за гадзіну напішы ёй доўгі, вельмі добры ліст. Пра ўсё напішы. I як мы з табою апельсіны сёння на праспекце сеялі. I пра начны марш па калідоры. А я да цябе зайду праз гадзіну, тады і пагамонім.– Бадай што, твая праўда, – сказаў Вайвадс. – А ты што рабіць будзеш?– Я да Марыі Крат на хвіліну зайду.– Чаго гэта сярод ночы?– Непакоіцца будзе. Я з апоўдня бы ў палонку юкнуў, не зайшоў, не сказаў – куды. – Ведаеш што, – суха сказаў Яніс, – ты мне друг, і я, на правах друга, карыстаюся прывілеяй казаць табе праўду і толькі праўду. Не падабаецца мне ўся гэтая гісторыя, вось што.– Чаго раптам?– Яна не тая, якая табе патрэбна.– Думаеш, я сам гэтага не ведаю, – з усмешкай сказаў Грынкевіч.