Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

“Хіба ў аднаго мяне так? Яна ў тым-сім нядрэнная жанчына, у меру добрая – для тых, каго любіць, – часам даверлівая ад недалёкасці. Дрэнна толькі, што апошнім часам яна яго бязглузда, па-дурному, раўнуе. Дарэмна. Не паграшыў пакуль што ні ўчынкам, ні позіркам. Жанчыны, наогул, бываюць дурнымі ў рэўнасці: не ведаюць, што калі мужчыну ўвесь час беспадстаўна раўнаваць, то ён нарэшце можа сапраўды пусціцца ва ўсе цяжкія грахі, – “калі ўжо раўнуюць, дык няхай хоць недарэмна”. Вось і гэта: пачала з жартоўнай рэўнасці, потым уцягнулася, і зараз ёй сапраўды здаецца, што кожная сустрэчная жанчына толькі і думае, каб зрабіць замах на мяне. Дурная. Таму дурная, што няма куды мне ад цябе ісці. Не таму, што кахаю – кахання ў мяне якраз і на шэлег няма, – а таму, што ўсё адно. I любоў да твайго хлопца, і проста лянота не дазволяць мне пайсці ад цябе”.Ён узяў кавалачак паперы, накрэмзаў на ім некалькі слоў, паклаў на крэсла каля ложка і накіраваўся да дзвярэй.“I ўсё ж гэта гнюсна, вось такое звыклае і халоднае сяброўства. I ніякія апраўданні, што ты жывы чалавек, – не дапамагаюць”. Гэтая бязлітасная думка мільганула ў яго галаве толькі на імгненне. Потым ён асцярожка зачыніў за сабою дзверы, падняўся на свой паверх і пастукаў у пакой Вайвадса.Яніс стаяў ля пісьмовага стала, перачытваў скончаны ліст. На стале стаяла ўжо халасцяцкая вячэра: каўбаса, сыр, хатняя вяндліна, кафейнік з чорнай кавай. Да ўсяго гэтага – з выпадку свята – сёння была дабаўлена бутэлька сухога віна і паўбутэлькі рыжскага бальзаму, які сябры, як існыя маладыя варвары, не дабаўлялі ў каву, а пілі проста так.– Чакай, – сказаў Яніс, – я зараз.Андрэй сеў ля стала і стаў глядзець на нехлямяжы, вельмі мяккі і добры твар.З Янісам яны, прыехаўшы ў інстытут, пасябравалі не адразу. Толькі потым, калі аднойчы Грынкевіч абмовіўся, што ён з Віцебскай вобласці, Яніс здзіўлена сказаў:– А мы былой Віцебскай губерні. Тады мой край называлі, здаецца, “інфлянты”. Я латыш, з Латгаліі... I наш Райніс адтуль.З таго часу “землякі” пачалі прыглядацца адзін да аднаго. Уважліва прачыталі вершы. Вершы абодвум спадабаліся.Так ішоў час, і зараз яны ўдвух нават жылі камунай, маючы ўсё агульнае. Вайвадс, як больш гаспадарлівы, быў загадчыкам забеспячэння. I ўвесь час яны былі разам. Баранаўскас, які добра ведаў беларускую мову, бо жыў ля самай мяжы Беларусі з Літвою, часам бурчаў:– Такая дружба, што сарочку няма калі перамяніць.Але гэтыя два былі цалкам задаволены сабою.У Вайвадса было цяжкае жыццё.Сын селяніна з беднай Латгаліі, краіны бяроз над азёрамі і саламяных аканіц, касцёлаў і шчымячых спеваў, ён у раннім дзяцінстве застаўся без маці. З таго часу ён ненавідзеў дактароў: урач адмовіўся пайсці да хворай, бо за ім нельга было паслаць каня і не было надзеі на багаты ганарар. Гэтая нянавісць да дактароў – хоць час змяніўся і ўрачы, вядома, былі не тыя – стала ўрэшце формай ідыясінкразіі: ён не называў іх іначай, як “жывадзёры”.Бацька хадзіў парабкаваць у багатую Земгале, капаў канавы. Такі лёс чакаў і Яніса. I Вайвадс пачаў ненавідзець не толькі дактароў. Нельга было абразіць яго больш балюча, чым назваўшы “земгалес будзіс”. Тады ён смешна злаваўся. Ён, наогул, прымаў жарты толькі ад Грынкевіча і другіх самых блізкіх сяброў. Спакойны, як і нівы яго Латгаліі, цяжкі, як каменні на яе скупых палях, ён быў у глыбіні душы вельмі страсны, вельмі добры і вельмі чысты чалавек. Гэтыя страснасць і чысціня абумовілі ўвесь ягоны шлях.