Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Сялянскі хлопец, які пасвіў каровы і якога за бліскучыя поспехі ў вучэнні вясковы ксёндз хацеў паслаць вучыцца і меркаваў на сваё месца, раптам адкрыў у сабе звонкі і чысты, як крыніца, талент песнятворцы.Песні, якія ён пачаў складаць яшчэ ў гады нямецкай акупацыі, былі простымі, мужнымі і чыстымі, як ён сам.Парабчанская доля шмат чаму навучыла яго. I ён не стаў ксяндзом. Ён стаў адным з першых камсамольцаў ў Латвіі, калі немцы адкаціліся на захад. Гэта быў дзікі і страшны час: стрэлы ў акно, расправы. Быць тым, кім ён стаў, – на гэта патрабавалася мужнасць. I Андрэй, трохі па-інтэлігенцку іранічны, паважаў за гэта Яніса, паважаў нават за тыя рытарычныя вершы, якія ён пісаў у сваё юнацтва. На шчасце, рытарычнасць не захапіла Вайвадса на доўгі час: паступова ў ім узмужнеў самабытны і яскравы талент, той, пра які грузінскі паэт сказаў: “I здрыганецца, вершам працяты”.Яніс і зараз быў трошкі артадаксальны, але гэта была добрая артадаксальнасць абаяльнага і светлага чалавека. I Грынкевіч любіў яго.I вось зараз... сын. Андрэй радаваўся за Яніса не менш, чым ён сам.Хлопцы вонкава не былі цёплымі адзін да аднаго. Іх адносіны былі адносінамі добрай мужчынскай іранічнасці. Але гэта нікому не перашкаджала.Яніс скончыў нарэшце чытаць ліст і сеў да стала.– Езус-Марыя! – сказаў ён. – Каб ты толькі ведаў, Андрэйка, які я шчаслівы!– Ведаю, – сказаў Грынкевіч, – мне таксама шчасна з табой.– Еш сыр. Праўда, учарашні, падсох. Але добры.– Хай лепей пуза трэсне, чым дабру прападаць, – сказаў Андрэй.Налілі па чарцы бальзаму, выпілі за здароўе і доўгі век нованароджанага.– Што Марыя? – спытаў Вайвадс.– Спіць, я не будзіў яе.Яніс памаўчаў. Яму цяжка было зноў пачынаць размову. Але ён, відаць, не змог замоўчаць гэтага, як паслядоўны латгалец. I таму сказаў жорстка:– Яшчэ раз табе скажу: не падабаецца мне ўсё гэта, не тая гэта жанчына.– А дзе лепшыя ёсць?– Паўсюль.– А чаму гэта яна “не тая”?– Не тая. Жанчына павінна радасць і запал даваць або боль такі, што, здаецца, лёг бы і памёр. А гэта што? Шэрае балота звычайнага. I горш за ўсё, што ты сам гэта адчуваеш, толькі не прызнаешся. Ты паглядзі на сябе, які ты стаў? Знерваваны, прыбіты нейкі. Вершы бяскрылыя пачаў пісаць. Кінь яе, кажу, пакуль не позна.– Сын у яе добры.– Свайго завесці трэба.– А ты не думаў, што заводзіць сына ад чалавека, якога не кахаеш – свінства.– Дык чаму не пакахаць каго-небудзь?– Тое і страшна, што я даўно ўжо не кахаю нікога. Мне амаль усё адно, з кім быць,– Слухай, – сказаў Вайвадс, – што, урэшце, з табой такое? Мне, як другу, ты, здаецца, мог бы расказаць.– Распавем, – сказаў Андрэй, – зараз. Абодва маўчалі. Яніс дапытлівымі вачыма глядзеў, як Андрэй збіраўся з думкамі.– Налі яшчэ па чарцы, – сказаў Андрэй. – Дык вось, справа пачалася дзесяць год таму... Разумееш, уся справа, напэўна, у дурацкай інтэлігенцкай мяккацеласці і ідэалізме. I яшчэ кроў: у нас у родзе ўсе палкія і заядлыя. Як завядзецца, то калі біцца, дык да смерці, калі кахаць, дык таксама да смерці, калі памятаць, дык да апошняга каменя. I з дзедам у мяне такое было, і з прадзедам. З тым дык наогул страшна скончылася. Я табе ніколі не распавядаў? Ён быў расстраляны за ўдзел у паўстанні... Ну, пра гэта я табе неяк другім разам раскажу, гэта да справы не тычыцца. Галоўнае тое, што мы вельмі страсныя і верныя людзі.– Выпі, – сказаў Яніс, – лягчэй будзе расказваць.