Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– Знайшоў?– Ну, вядома, калі чалавек вельмі хоча, – збываецца ўсё: дружба, каханне, рух зняволеных... Так і ён знайшоў спачатку адзін вельмі старажытны рукапіс, а потым і другі. I гэта былі кнігі такой паэтычнай сілы, што ўся Чэхія ажыла духам. Яны адкрылі сваю кнігу, такую паэтычную і такую старажытную. Дзе ім было цяпер слухаць немцаў, якія пераконвалі іх у тым, што чэхі толькі вечныя пазычальнікі чужога! I чужых вучоных ніхто не стаў слухаць, хоць яны і лямантавалі аб тым, што абодва рукапісы – падробка. Паэты пачалі пісаць вершы, музыкі – ствараць сваю музыку, вучоныя – шукаць другія старажытныя кнігі. I выявілася, што варта было ўзяцца за справу ўсім – і адразу знойдуцца сотні і тысячы прыгожых старых кніг. I галасы фальшывых вучоных змоўклі. I Чэхія стала Чэхіяй.– Мама, а гэта былі сапраўдныя рукапісы? Маці заплюшчвала вочы і ўсміхалася. І лепш за гэтую ўсмешку не было нічога.– Не варта было б казаць табе пра гэта, Андрэйка. Але рукапісы Ганкі былі сапраўды геніяльнай па таленту і паэзіі падробкай. З легенды не выкінеш слова.– Несумленна.– Ты яшчэ дурненькі. Несумленна забіць чалавека, здрадзіць, абакрасці яго. А Ганка проста ведаў, як цяжка – часта проста немагчыма – абудзіць народ, калі ён засне... I ён вельмі любіў.Так казала маці.А калі яна паглыблялася ў свае думкі, працавала ці чытала, – заставаўся яшчэ сад са старымі разлатымі яблынямі, адхон да Дняпра, увесь гарадок на берагах вялікай ракі, гарадок з мрэючымі пад сонцам ліпамі, з новым – “лепшым у рэспубліцы!” – кінатэатрам, з ціхімі завулкамі і зграбным купалком старажытнай царквы Міколы, адкуль некалі пачалося паўстанне горада супраць епіскапа і караля.I яшчэ была Алёнка Століч, дзяўчынка адзінаццаці год.Знаёмства з ёю пачалося раней. Яна аднойчы вельмі плакала на беразе ракі ад нейкай крыўды. Ён, яшчэ малы, не вытрымаў, украў з буфета вялізны – з кулак дарослага мужчыны – кавалак цукру і прынёс ёй. Яны хутка, кусаючы па чарзе, абгрызлі гэты кавалак да такой круглаты, што нельга было ўчапіць зубамі. Давялося кунаць яго ў ледзяную ваду прыбярэжнай крынічкі. Цукар лёгка паддаўся зубам, проста з яго цякла ў рот ледзяная, вельмі салодкая вадкасць.Яны хутка прыкончылі кавалак, і рагі ад слёз высахлі на шчоках Алёнкі, змяшаўшыся каля рота з бруднымі пісягамі – ад цукру і запэцканых далонек.Усё гэта было даўно. Ён заўжды абараняў яе. Дзіўна, але Андрэй ніколі не баяўся кепікаў наконт “жаніха і нявесты”, якія строілі хлопцы, адказваў на іх словам, а часам і кулакамі. Не саромелася нічога і яна. Яны паўсюль хадзілі разам, рука да рукі, і асабліва палюбілі бываць на адхонах Дняпра, зарослых такімі густымі садамі, што нават у спёку там былі вільгаць і холад.Яны стаялі, успёршыся на балюстраду, перад імі плавілася ў сонцы рака, і здалёк, з царквы Купальніцкага манастыра, якая пакуль што яшчэ была адкрыта, даляталі па вадзе далёкія, зусім шкляныя ўдары званоў.Гэтую дзіцячую ідылію перарвалі грымоты страшнай буры.Бацькі Андрэя не паспелі звакуіравацца: горад бамбілі ў першую ж раніцу, а потым, вельмі хутка, насунуўся фронт…Далей падзеі мільгалі, як у калейдаскопе.Адзін з першых партызанскіх атрадаў у Асінавецкіх лясах. Маці – медсястра, бацька – падрыўнік і разведчык. Страшэнныя баі. Дарэмныя спробы сілай чатырохсот дрэнна ўзброеных людзей спыніць хоць частку навалы. Потым – блакада.