Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Двух хлопцаў-разведчыкаў, якія пайшлі шукаць выйсця, схапілі і расстралялі ля сцяны фельдкамендатуры. Стала ясна, што даросламу не пралезці праз шчыльнае кальцо.I тады бацька прыйшоў да маці ў яе “медпункт” – дзве прасціны, нацягнутыя пад сасной, – загадаў прывесці Андрэя, доўга маўчаў, гледзячы на яго прасветленымі вачыма, а потым сказаў жонцы:– Ну вось, ты яго гераізму і самаахвярнасці вучыла... цяпер, хоць зарана, прыйшоў і яго час...Голас бацькі гучаў іранічна і злосна, але маці ўсё зразумела.Страшэнна збялелая, яна глытнула нешта і, гледзячы ўбок, сказала:– Не прыкідвайся іранічным. Я ад сваіх слоў не адмаўляюся. Ён моцны і разумны... I ён мой сын.Яна акінула позіркам ладную постаць Андрэя, глянула ў не па-дзіцячы сур’ёзныя вочы. Веі яе задрыжалі. Яна дадала:– I ён будзе вельмі асцярожны.I Андрэю пашанцавала там, дзе не пашанцавала двум хлопцам. Яму ўдалося прайсці праз заслоны ў вёску Ражкі і прывесці адтуль дзеда-правадніка, які ведаў другі выхад праз дрыгву, да якой іх прыпёрлі.Потым было адступленне праз агонь, дзесяткі плытоў з людзьмі, якія плылі па віруючай вадзе Дняпра, торкаючыся ў розныя бакі паміж соцень узрастаючых і зноў чэзнучых вадзяных слупоў.Потым Андрэя з другімі дзецьмі перакінулі з першым самалётам праз лінію фронту: з вышыні ён здаваўся такім прыгожым ва ўспышках зенітак і рознакаляровых радках трасіруючых куль.Затым была Масква напярэдадні першай зімы: сляпыя вокны, сінія лямпачкі ў пад’ездах, ямы на аколіцах, абстракцыянісцкая мазаніна на плошчах, мазаніна, што павінна была ашукваць самалёты ворага.А па начах пранізлівае выццё сірэн. Андрэю здавалася, што гэта апошні марсіянін у адчаі крычыць на вуліцах мёртвага горада.Дзіўна, але хлопец, у мінулым пяшчотны і ласкавы, як дзяўчынка, не баяўся ні сірэн, ні бамбёжак. Ён стаў вельмі строгі, і на шчоках, зусім не па-дзіцячы, выявіліся падсохлыя ад суровасці мускулы.Ён думаў, што яго бацькі забітыя. Пасля Масквы была эвакуацыя з дзіцячым інтэрнатам. Сіні ад снягоў паўночны Урал. Андрэй ехаў туды з непахісным рашэннем уцячы пры першай магчымасці. Ён не хацеў быць з іншымі, ён быў партызан, сірата, ён быў сам па сабе.Словам, гэта быў лёс многіх дзяцей яго пакалення.Толькі сам ён зусім не быў дзіцём і таму не хацеў дзяліць іхні лёс, не хацеў быць падобным да іх. Хутка гэта выявілася.Знайшліся людзі, што і ў інтэрнаце паспрабавалі абкрадваць давераных ім дзяцей. Большасць з “давераных”, напэўна, абмежавалася б бурчаннем пазавуголлю. I ўсё ж у інтэрнаце ўспыхнуў бунт, на чале якога стаяў былы мамчын сынок і “цюця” – Андрэй Грынкевіч.Бунт, вядома, быў падаўлены лёгка. Перад начальнікам інтэрната стаяў чалавек, не па гадах развінены хлапчыска, маленькае ваўчаня, сэрца якога жадала толькі аднаго: справядлівасці. I за гэтую справядлівасць прымітыўна, па-дзіцячы і, значыць, адзіна правільна зразуметую, ваўчаня гатова было біцца да зубоў. Гэта было так лёгка і так па-чалавечы проста зразумець. I начальнік “зразумеў”.Андрэя пакінулі на два дні без абеду – ён не ўзяў нават хлеба і вады. Не ўзяў і на трэці дзень. На чацвёрты дзень яму далі падвойную норму – ён не ўзяў нічога, ён не хацеў хлеба з нячыстых рук.Яму пагражала калонія, і таму ён уцёк. Ён уцякаў на фронт двойчы, і аднойчы яго вярнулі з-пад самай Рузы. У адной са сваіх эскапад ён наеўся жыта, якое ляжала ў адкрытай платформе і ўкрылася ўжо зялёным кілімам парасткаў. Страшэнны панос ледзь не адправіў яго на той свет.