Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Калі яго другі раз вярнулі ў інтэрнат, ён даведаўся, што яго бацькі жывыя, што іх таксама перакінулі праз фронт, што яны жывуць у Орску. Моцны, загартаваны падлетак, які нават біцца прывучыўся моўчкі, па-мужчынску, раптам зразумеў, заўчасна пасталеўшы, што дарогі на фронт яму, па маладосці год, заказаны, і... змірыўся. Гэтаму ўзрадаваліся ўсе, усе, хто дрэнна яго ведаў.Два месяцы ён сумленна і моўчкі працаваў і вучыўся, а потым, падрыхтаваўшыся, уцёк, на гэты раз назаўсёды.Без дакументаў, без пропуску ён схітрыўся дабрацца да Кунгура (татары, што везлі яго праз тайгу, узялі за гэта бохан хлеба – палову яго запасаў), а потым, праз Чэлябінск і Свярдлоўск, даехаць да Орска. I толькі тут, калі маці пасля ўсіх здзіўленняў і пацалункаў пайшла гатаваць яму нешта на вячэру, ён не стрымаў адзінай за паўтара года слязы.А маці, як кожная маці, зноў з самага пачатку, пачала рабіць сваю вечную справу: лячыць скалечаную душу сына, зноў прывучаць тую душу да дабра і разумення чалавечнага на зямлі.Аб астатнім доўга і цяжка расказваць. Рээвакуацыя. Ушчэнт разбураны горад у заходняй Беларусі, куды яны часова прыехалі. Банды лютуюць вакол. I семнаццацігадовы хлопец быў камандзірам аддзялення ў камсамольскім “атрадзе садзеяння”. І тут ён застаўся без першага друга. Тут ён сам упершыню забіў чалавека.I чамусьці больш за потную, нягледзячы на холад, галаву друга на каленях (машыну страшэнна кідала па замёрзлых камлыгах гразі) Андрэй запомніў здзіўлены і ўтароплены ў неба позірк ворага, які хацеў забіць яго, Андрэя, і якога замест таго забіў ён сам.У сорак шостым годзе Грынкевічы вярнуліся ў родны гарадок, які ўжо сяк-так залячыў першыя раны вайны. I ў той самы год Андрэй паступіў ва універсітэт.I тут настала тое, што можна было назваць маральным ператамленнем. Маці, відаць, не да канца вылекавала яго душу. За пяць год хлопец стаміўся жыць напружаннем і нянавісцю. Стаміўся, але не мог, не ведаў, як жыць іначай. Прамы да рэзкасці, ён забываўся, што такое далікатнасць, пяшчотнасць, пяшчотнае нежаданне прыносіць людзям боль, асцярожная ўвага да няўлоўных рухаў і выгібаў чалавечай душы.У дзевятнаццаць год ён нікога яшчэ не кахаў. Былі, вядома, дзяўчаты, танцы, развітанні недзе ля ўскраіннай хаты, на мосце цераз ручай, але ўсё гэта рабілася таму, што сорамна было адставаць ад равеснікаў. Але ён яшчэ не кахаў з усёй паўнатою першай страсці, з усім усведамленнем таго, якая яна па-жаночы дарагая і блізкая, тая, што поруч з табой.А між тым у родны гарадок прыйшла вясна, і пасля крыві, пасля галадовак і бруду, вочы ў Андрэя як быццам упершыню раскрыліся на прыгажосць зямлі, быццам ён зноў нарадзіўся, быццам толькі тут свет набыў усё мноства сваіх фарбаў.I з непатоленай прагай цягнулася, ляцела да гэтага свету гвалтоўна затрыманая калісь у сваіх імкненнях, усхваляваная і шырокая душа.Дастаткова было штуршка, каб тое, сапраўднае, рынула на Грынкевіча, як ураган, і сам ён у пошуках паратунку кінуўся да яго, як да прыстані.I нарэшце прыйшоў дзень.На раённым фізкультурным свяце Андрэй толькі што адстраляўся і, адышоўшы ўбок, абыякава слухаў нараканні трэнера:– Душа ты цёмная. Колькі можна парад не слухаць, у цябе ж залатое вока. Трошкі стараннасці – і сёння быў бы першы разрад. А там, праз год, з тваімі дадзенымі стаў бы майстрам.Андрэй абняў трэнера, каб той не крыўдаваў. Самому яму было ўсё адно. Пасля таго што здарылася ў Заходняй, ён не любіў страляць, хіба што на паляванні. Яму значна больш балела тое, што на беразе Дняпра, у Прароўскай затоцы, ён павінен быў праз якую гадзіну скакаць з вышкі.