Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– Нічога, навучышся. У твае гады і Някрасаў, бадай што, не лепей пісаў. Ты перачакай ноч, а потым усё-ўсё будзе добра, Ведаеш, часам лілеі выплывуць з вады насустрач сонцу, раскрыюцца, а адтуль вылятае ў весняе неба мушка. Папалася ўвечары і начавала пад вадой, у шчыльна сціснутых пялёстках.Памаўчала.– I ляціць яна, уся залатая, з пылком на лапках… Мне думаецца, так і паэту трэба, вельмі трэба, каб сонца і вецер. Ноч не для яго... I раптам ускрыкнула:– Ану, даганяй.Ссунулася з адхону, ляцела, ледзь дакранаючыся нагамі да зямлі. Ён бег за ёю, бачыў яе развеяныя валасы – і раптам яна кінулася ўбок, затрымалася, учапіўшыся рукамі ў малады дубок. Андрэй не стрымаўся і па інерцыі пакаціўся далей, пад адхон, уздымаючы нагамі пясок.Унізе ён пахіснуўся, упаў і застаўся нерухомы.Устрывожаная, яна спусцілася да яго, села над ім на кукішкі, паклала далонь на каштанавы чуб.– Андрэй, Андрэй! Андрэй! Што з табой? Ён раптам ускінуўся і злавіў яе за запясці.– Н-ну, – прагрымеў ён, – якое пакаранне прыдумаць паненцы за гэта?Але Алёнка зноў стала ранейшай. Яна спрытна крутанула пруцікі запясцяў паміж вялікім і ўказальным пальцамі яго рук, вырвалася і, адскочыўшы на сажань убок, сказала:– Няхай пан у якасці пакарання прачытае пару ўласных вершаў.Андрэй з ільвіным рыкам кінуўся за ёю... ...Назад яны ішлі ўжо больш сур’ёзныя.– Вось, – казаў Андрэй, – заўтра ў сталіцу. Праз якія два тыдні скончу другі курс. А каб я ведаў, куды мне ісці, хто я, на што здатны – гэтага няма. I невядома, калі будзе.– Што такое? – яна ўзняла на яго смелыя дзіцячыя вочы.– Разумееш, мне цяжка прызнацца, але я неяк выломліваюся з асяроддзя. I з вялікім болем... Разумееш, скажам, я вельмі люблю Ясеніна, Буніна. Мяне ледзь з універсітэта не папёрлі за тое, што я іх чытаў.– Пэўна, на лекцыях чытаў? – спытала яна.– На лекцыі. Надта ўжо сумная была.– Ну і дурненькі, – з усмешкай сказала яна, – дома іх трэба чытаць.– Вось і рэктар мне так сказаў. Пад дзвярыма студэнты слухаюць, а ён мне гэта сказаў, а потым павярнуўся да акна і настаўляць пачаў мяне, ды так голасна. А сам усміхаецца...– Харошы чалавек, – сказала яна.– Анёж не. Самы лепшы.– Ну, а далей. Хіба толькі ў Буніне справа?– Вядома, не. Бачу, скажам, што ў курсавых сакратарах не Янка ходзіць, добры, разумны і, галоўнае, чысты, а нейкі Каўтуновіч, палена, палена няструганае, баязлівец і падхалім. А я гляджу ў яго вочы і ведаю, што ён першы ўцёк бы, калі б на нас банда пад Ракшанамі навалілася. А ён гучныя словы гаворыць, а я ведаю: словы гэтыя хлусня і здзек. А доказаў няма.Андрэй аж здрыгануўся ўвесь. Потым змоўк.Пад адхонам шаптала рака, звінела ніцымі галінкамі вярбы.– Ведаеш, Алёна, – ціха сказаў Андрэй, – мяне гэта вельмі мучыць.– Нічога, – сказала Алёна, – усё павінна змяніцца. У няшчырасці нядоўгі век. Памятаеш, у цара Саламона на пярсцёнку быў надпіс: “Усё праходзіць”....Так, усё праходзіць. Прайшла і тая вясна. Як прайшло потым і лета.А тады здавалася, што гэтаму не будзе канца.Неяк вечарам, якраз калі чэрвень увабраўся ў сілу, у рэдкую – не па лету – маладзіковую ноч, яны, тры хлопцы і чатыры дзяўчыны паехалі на чаўне за Дняпро, лавіць рыбу.Не да рыбы, вядома, там было. Але затое, калі зніклі за дзесяткам лукавін агні горада, – колькі там было жартаў і смеху!I ноч. Едзе ноч над зямлёю на чорным кані. Плашч у ночы чорны, кудлы чорныя. I твар у ночы таксама чорны. Бязгучна варушыць у паветры капытамі стомлены чорны конь.