Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Потым, калі яны сядзелі на беразе ля зыркага вогнішча, закрытыя ад астатняга свету густой сцяною лазы, нехта папрасіў, як маленькі:– Андрэй, казку...Грынкевіч пачаў. Ён умеў расказваць казкі. А гэтая, таемная, як абшары лясоў над межытокамі, асабліва добра клалася на ноч, вогнішча, месяц над вадой.Можа, асабліва добра таму, што поруч была Алёна. Гэта была народная легенда пра вужыную каралеву. Ноч, пратокі, човен, заплецены белымі гарлачыкамі, браты, што катуюць дзяцей сястры, дапытваючыся, дзе іхні бацька. Сухая вярба над затокай. Ляжыць пад вадою юнак у залатым каптане.Цішыня. Месяц, прабіўшыся праз лістоту лазы, кінуў на пясок тысячы срэбных месячыкаў-адбіткаў......Алёнка асцярожна зайшла ў ваду і паплыла. Плыла брасам, прыўзняўшы над паверхняю закінутую галоўку. Ён плыў поруч, бачыў, як рукі і ногі яе размерана рухаюцца, блакітна серабрацца пад вадой.Калі яны выйшлі на бераг, ён працягнуў ёй руку, і яна раптам сказала яму:– Ты... дарагі.Андрэй скора заснуў на пяску, наўздалёк ад вогнішча, і прачнуўся таму, што добра прыпякло высакаватае сонца – у вачах кругі хадзілі, – і яшчэ таму, што на грудзі ўпала некалькі сцюдзёных кропель вады. Гэта Алёнка нахілілася над ім у мокрым блакітным купальніку.– Уставай, глуптасю, напячэшся. А ён сказаў ёй:– Ты... каханая.I пайшлі дні, поўныя толькі Алёнкай, сонцам, вершамі і вадой. У адзін з такіх дзён, праўдзівей, вечароў, Андрэй вельмі раззлаваўся на дзяўчыну: яна зусім без тармазоў скацілася на веласіпедзе са стромай Лешчыцкай гары, уз’язджаючы на якую дзядзькі падкладалі пад колы вазоў калодкі.З Андрэя быў дрэнны яздок, але тут ён, забыўшыся, што сам неадменна разаб’ецца там, дзе гэтае малое чарцяня праскочыць без усякай шкоды, ляцеў за ёю і... не мог дагнаць. А яна, ластаўка, ляцела так, што валасы і сукенка аж пялёскаліся на вятры, і спявала нешта, і рагатала... рагатала.Нарэшце яна, зусім ужо ўнізе, на пад’ёме, збочыла і звалілася ад смеху ў куст ядлоўцу ля дарогі. Устала, усё яшчэ смеючыся, і пабачыла яго страшны, збялелы ад гневу і жаху за яе, твар.– Дурная, – сіпата крыкнуў ён і моўчкі таргануў веласіпед з яе рук.Так яны і ішлі моўчкі – ён каціў два веласіпеды – да самага горада. А там, калі ён паставіў свой і яе веласіпед у сенцах хаты сябра, яна вінавата сказала:– Ну прабач... Пойдзем зараз на Дняпро... Паходзім.Ён усё яшчэ быў раззлаваны, калі яны прыцемкам выйшлі на адхон і паселі на траву ў бярозавым гаі.– Дурная. Ты нават не ведаеш, што ты для мяне. I прыцягнуў да сябе. Яна прыціхла. Сядзелі моўчкі.– Вось, – сказаў ён пасля паўзы, – я за цябе ўвесь час так дрыжаць буду. Таму выходзь ты лепей за мяне замуж.Яна хацела была, як заўсёды, пажартаваць, але адчула, як грозна і палка стукае яго сэрца. I таму, закрыўшы вочы, ціха сказала:– Добра. Я не буду мучыць цябе. Добра, дарагі. Восенню, у верасні, калі хочаш....У жніўні, незадоўга да вяселля, яны з’ездзілі да бацькоў Алёнкі, у Мінск. Адтуль іх, разам з Алёнчыным бацькам, узяўся падкінуць дамоў палкоўнік, друг бацькі. Іван Століч сядзеў поруч з палкоўнікам, які кіраваў. Алёнка і Андрэй – на заднім сядзенні.Неўзабаве іх чакаў вялізны тлум: вяселле ў хаце Андрэя, перазоў гасцей да цёткі, у якой часта гасцявала і жыла гэтае лета Алёнка, потым зноў дарога ў Мінск, зноў вяселле, зноў перазовы. Але Андрэя, хоць яму і хацелася быць толькі разам з Алёнкай, гэты тлум не палохаў, а захапляў. Гэта ўсё быў шлях да яе.