Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Якое шчасце сядзець поруч з ёю ў загсе, якое шчасце ехаць адтуль, якое шчасце, калі крычаць “горка!”.I якое шчасце, што зараз так бліскавічна ляціць насустрач дарога, так мільгаюць дрэвы, знікаючы з вачэй, так пругка б’е ў твар цёплы, напоены пахам чабору, палыну, верасоў і яшчэ чагосьці, ветрык!Ох, гэты водар канца лета! Усё аддадзена, спакой, арабіны яшчэ не чырвоныя, а каралавыя, на палях спакой і мір, і першая павуцінка на вяршыні цяжарнай яблыні часам трапеча, як доўгі белы вымпел.Машына была адкрытая, і таму валасы Алёнкі аж ляцелі па ветры. Поўніла ветрам рот, раздзьмухвала шчокі.I Андрэй адчуваў, што любіць усё на свеце. Нават каменні, якія трапляліся часам наўсцяж дарогі і нагадвалі парсюкоў, што зарыліся ў траву, нават сухую, астрыжаную патыліцу старога ваякі, які сядзеў за рулём. Машына пайшла ўніз, мільганула таблічка з надпісам: “Рака Бобр”.Андрэй і раней ведаў гэта месца, бадай што, самае прыгожае на шашы Мінск – Масква. Але зараз ён з нейкім новым, цёплым замілаваннем аглядаў нешырокую рэчку, паплавец над ёю, стромыя берагі, сосны над адхонам і з правага боку каламутна-сінія занураныя шаты лясоў.Іван Століч павярнуўся да іх:– Ну як, дзеці? Хораша?– Хораша, – адным уздыхам адказалі абое.Іван адкінуўся на спінку сядзення, зажмурыў вочы, з насалодаю ўдыхаючы па-жнівеньску сыты, цёплы вецер.– Мы сабе некалі пабудуем тут маленькую хату, – шапнула Алёна Андрэю, – са звычайных дошак. Каб летам заўжды быць удваіх.Ён моўчкі хітнуў галавою на знак згоды.Аўтамабіль рынуў угору і зноў вырваўся на дарогу, сціснутую з двух бакоў сценамі разамрэлага пад сонцам невысокага лесу. У адным месцы, справа, гэты лес падступаў да самай шашы. Сэрца імчала яму насустрач.I тут Андрэй убачыў, як наперадзе – літаральна ў дваццаці кроках – выкаціўся на шашу, напярэймы іхняй машыне, вялізны зялёны грузавік. Андрэй толькі паспеў убачыць доўгі радыятар і доўгі кузаў.“Газ, – недарэчна адзначыў мозг, і яшчэ: – Чорт, хоча праскочыць, ды яшчэ на такой хуткасці. П’яны, ці што?”Гэта думка прамільгнула за нейкую долю секунды. Потым проста перад вачыма развярнуўся і ўздыбіўся бок зялёнай пачвары. Узвылі тармазы.У наступны момант, пасля жахлівага, сакрушальнага ўдару, неба з трэскам разарвалася ў вачах Андрэя, і цемра запаланіла ўвесь свет. Ён не чуў, як штосьці выдрала яго з машыны і кінула цераз кювет проста галавою ў жвір.Апрытомнеўшы, ён убачыў, што неба калышацца перад ім, бы ў спякотны дзень. З цяжкасцю прыўзняўся і пабачыў асколкі шкла на асфальце, змятыя ў гармонік радыятары дзвюх машын і зыркі дымны агонь, які абдымаў кабіну грузавіка і радыятар іхняй машыны.Быў страшны боль у левым плячы – Андрэй ледзь не крычаў ад яго, – і ўсё ж ён кінуўся да машыны, перш за ўсё да грузавіка, таму што – мозг з дзівоснай яснасцю адмеціў гэта – ягоная кабіна ўся ў агні.Таргануў дзверцы. Кулём вываліўся на рукі непрытомны шафёр. Андрэй аднёс яго за кювет.– Зусім яшчэ хлапчыска, – білася ў галаве думка. – Перавысіў хуткасць пры выездзе на галоўную магістраль... Сабака сучы...Шкляное паветра калыхалася над радыятарамі. Цягнучы праз борт сухое цела Івана Століча, Андрэй заўважыў, як праз ружовы туман, хлопчыка-веласіпедыста, які спыніўся наводдаль і глядзеў на катастрофу вачыма, поўнымі цікавасці і жаху.– У вёску катай! – крыкнуў яму Андрэй.– А дзядзечка, кроў! – нема залямантаваў той.