Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Андрэй і сам адчуваў, што па лобе плыве нешта цёплае, але пра гэта не было часу думаць.– Гані за дапамогаю! – зароў ён.Хлапчыска зразумеў – хутка пакаціў кудысь. Вецер надзімаў на яго спіне ружовую кашулю.Божа, яшчэ толькі двое ляжаць за кюветам. Андрэй адчуваў, што ў яго падломваюцца ногі... Зараз трэба ўзяць нешта лёгкае... Алёну. Каб хоць трошкі адпачыць. Але ён адразу злавіў сябе на думцы, што гэта не таму, што Алёна лёгкая. I ён да таго ж убачыў, што полымя дабіраецца ўжо да рук палкоўніка, што застыгнулі на баранцы руля, да лысай галавы, якою той схіліўся на рукі.Адцягнуўшы Алёнку на якіх пяць крокаў, – каб не так было небяспечна ў выпадку выбуху, – Андрэй кінуўся да палкоўніка, таргануў дзверцу – яе заклінавала, – выбіў яе, літаральна асатанеўшы ад раптоўнага вострага болю ў плячы, пацягнуў чалавека на сябе.Палкоўніку спляскала рулём грудзі. Андрэй цягнуў яго, адціскаючы ўбок баранку, бачачы, што ўсяго ў якіх дзесяці сантыметрах ад вачэй бруднымі рагамі плыве ў кабіну расплаўленая фарба. Стогнучы ад напругі, адчуваючы, што валасы, бровы і веі трашчаць ад жару, ён цягнуў і цягнуў.I нарэшце выдраў чалавека з жалезных абдымкаў.Ён цягнуў яго з апошніх сіл і з жахам бачыў, што ў палкоўніка пачала выступаць на губах ружовая пена. Але ён не мог яму дапамагчы: не ведаў чым, ды і Алёнка ляжала зусім блізка ад машыны, перад якое палаў, як паходня.Хістаючыся, як п’яны, Андрэй на карачках пералез кювет, з цяжкасцю выпрастаўся.Алёнка ляжала бледная і зусім нерухомая. Толькі грудзі – ці, можа, гэта здалося яму? – ледзь уздымаліся. I Андрэй з нечаканай лёгкасцю ўзняў на рукі яе абвіслае цельца.Штохвілінна дзьмухаючы ёй у закрытыя вочы, – а можа, будзе лягчэй, – ён пайшоў да кювета, стараючыся не хістацца. Дзве-тры кроплі крыві ўпалі з яго галавы ёй на грудзі.– Дзякуй божа, – цьмяна падумаў ён, – гэта мая кроў. У яе нідзе не відаць крыві.Калі ён пералазіў кювет, ззаду грымнула. Нехта як быццам падштурхнуў Грынкевіча ў спіну, і ён упаў на Алёну, у апошні момант перакруціўшыся на спіну, як маці, калі яна падае ў галалёд з дзіцёнкам на руках.Прытомнасць з’яўлялася і зноў знікала – хвалямі, то крывавымі, то чорнымі. I ўсё ж Андрэй дацягнуў дзяўчыну і паклаў яе трохі наводдаль ад трох нерухомых. Пачакаўшы хвіліну, пакуль праяснела ў галаве, ён пачаў думаць, як дапамагчы ўсім.Іван Століч Ляжаў з заплюшчанымі вачыма і ціха стагнаў. Дзіўна, ён жа сядзеў на месцы, якое шафёры завуць “смяротным”. Шафёр і палкоўнік ляжалі нерухома, але Андрэй чамусьці не непакоіўся – надта ўжо спакойна яны ляжалі.Затое супакой Алёны здаўся яму падазроным. Амаль адразу.Ён апусціўся каля яе на калені.– Занадта спакойная... Нязручна павернутая галава... Кроў на грудзях – гэта мая кроў.Але ўсё ж ён увесь міжвольна халадзеў, пачынаючы аднекуль з пальцаў, ад страшнай здагадкі, якая ўсё больш авалодвала ім. А потым ён узяў галаву Алёнкі ў далоні, павярнуў і пабачыў на скроні, на левай скроні, невялічкую ранку.Тады здагадка стала ўсемагутнай, запаланіла ўвесь свет.Андрэй закрычаў.А потым ён ужо не чуў, як зусім поруч жахлівым, стальным голасам ўзвыў гудок машыны “хуткай дапамогі”.Шафёр і палкоўнік сканалі ў бальніцы – адзін праз дзве, другі праз чатыры гадзіны. Століч абышоўся лёгкім зрушэннем мазгоў. У Андрэя была рассечана скура на галаве і выбіта ў плячы рука.Дзіўна, але Андрэй, апрытомнеўшы ад таго, што здарылася, стаў мала падобны сам на сябе. Людзі пачалі заўважаць, што ён амаль не мяняецца вонкава. У дваццаць год яму давалі дваццаць чатыры, у дваццаць восем – усё тыя самыя дваццаць чатыры. Ён як быццам застыў у сваім шчасці і горы.