Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

З чужога погляду ён жыў гэтыя дзесяць год звычайным жыццём звычайнага чалавека. Вучыўся, скончыў універсітэт, працаваў, пісаў вершы, дабіўся некаторых поспехаў – і толькі знаёмыя, блізкія сябры маглі бачыць, што вочы яго часам робяцца пустыя, і ўсё расце і расце ў іх тая пустэча і незадаволенасць сабой.Мучыў успамін. Як тады, у той пусты верасень, ён, Андрэй, сеў на замшэлы валун і раптам падумаў, што дрозд, які вось тут, перад вачыма, у захапленні цалуе чырвоны куст каліны, значна шчаслівейшы за яго, чалавека.Былі і дзяўчаты. Многім падабаўся ён, некаторыя падабаліся яму, – а дрозд на каліне быў усё ж шчаслівейшы, хоць не ведаў ні працы, ні думак, ні пазнання.I што дзяўчаты? Была на зямлі адна. Адспявала сваю каратусенькую, бы ў ластаўкі, песню, вырвалася ў неба, як залатая мушка з лілеі, і адляцела кудысь у зеніт, куды яму, бяскрыламу цяпер, няма дарогі.Р а з д з е л IVРэзкі гук даляцеў аднекуль з цемры праз расчыненую фортачку: недзе далёка загрукатаў, вырваўся з начнога завулка, запознены трамвай.Грынкевіч здрыгануўся ад нечаканасці і, глыбока ўздыхнуўшы, пацягнуўся замлелай спіной. Адклаўшы ручку, паглядзеў у акно.Масква засынала. Згасалі бліскаўкі начных агнёў, радзейшым і больш гучным стаў шолах тралейбусаў пад вокнамі. I, як заўсёды ўначы, стала сумна і захацелася кудысьці ехаць, каб крычаў цягнік і пасмы пары засноўвалі мільгаценне зор.Гудзіць ад стомы цела. З учарашняй ночы ані хвіліны спакою.Спачатку вестка аб нараджэнні сына ў Вайвадса, потым доўгі расказ аб тым, што адбылося дзесяць год таму, потым, раніцай, гадзіна адпачынку ў крэсле. А ўдзень дыскусія аб паэзіі, на якой ён, Андрэй, зрэзаўся амаль з усімі галоўнымі спрачальнікамі. Нават з Янісам трошкі.А потым, украй знерваваны, хоць, як заўжды, вонкава спакойны, ён прыйшоў да сябе, сеў і восем гадзін не ўставаў з месца, імкнучыся самой сутнасцю, самой формай верша давесці супраціўнікам, што праўда ўсё ж на яго баку.I вось зноў дрэнна. Чаму? Ён жа ўсім жыццём упэўнены, што ён мае рацыю. Можа, таму не атрымалася, што вершамі нельга даводзіць, што вершы заўсёды ад гарэння, ад сэрца, ад таго, чаму ніхто і ніколі не дасць наймення. Або, можа, таму, што ён бяскрылы паэт? Сапраўды, вось ужо два гады ён піша горш. Два гады, якраз з таго часу, калі пачаў радзей успамінаць аб Алёнцы.Не, не таму ён горш піша. Проста раней яго вершы былі бясхмарнымі, – як басанож па траве прайсціся, – патыхалі нейкай чыстай яснасцю і халаднаватасцю. А гэта смерць для паэта.I ён зразумеў гэта, і зараз стаіць на ростанях, не ведаючы, што і як пісаць. Сапраўды, “што”?, “як”? Нясцерпна. I разумееш, што горшай бяздарнасці за цябе няма на свеце.Што? Як? Ат, усё адно сёння не дадумаешся. Яніс, пэўна, таксама не спіць, трэба пастукаць.Андрэй працягнуў руку і злёгку стукнуў пальцамі ў сценку. Праз імгненне адтуль даляцелі два лёгкія ўдары ў адказ – знак, што Яніс вольны. I тады яшчэ чатыры ўдары “та-та-та-там” – першыя такты пятай сімфоніі Бетховена, пазыўныя Андрэя. Прастукаўшы іх, Грынкевіч выйшаў на калідор і адчыніў Янісавы дзверы.Пакой Вайвадса тануў у сутонні: гарэла толькі настольная лямпа. Яніс сядзеў у крэсле натапыраны, глянуў спадылба на Андрэя сярдзіта і весела.– Заходзь, чорт, – сказаў ён. – Прыйшоў каяцца?– Біць цябе прыйшоў.– Добра. Сядай, пі каву. Якраз толькі заварыў.I амаль з жаночай пяшчотай зліў Андрэю самую лепшую частку, “вяршок, з каймаком”.