Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

Абодва не спяшаліся, прыхлёбваючы гарачую рудую вадкасць.– Што ж, – сказаў нарэшце Вайвадс, – я да цябе пасля ўчарашняга стаўлюся асцярожна, як да хворага. Таму паспрабуем лагічна, амаль па-нямецку аднавіць ход дыскусіі, у якой ты плявузгаў розныя глупствы.– Асцярожнае стаўленне.– Не вяжыся да слоў. Я буду казаць за нашага паважанага Паўла Пятровіча Пружыніна, якога я, зрэшты, не люблю больш, як ты, але... лічу, што ён мае рацыю. Справа ідзе пра самае існаванне паэзіі, ты згодзен?– Так. Бязглуздая спрэчка паміж “фізікамі” і “лірыкамі” гэта давяла.– Дык вось, яго асноўныя тэзы... Яшчэ ў 20-х гадах адзін вядомы паэт сцвярджаў, што галоўныя наватары – гэта Хлебнікаў, Маякоўскі, ну... і іншыя.– I іншыя, – згадзіўся Андрэй. – Ён яшчэ сказаў, што паэты падзяляюцца на “изобретателей” і “приобретателей”.– Потым, – з няўмольнай логікай вяртаючыся да спрэчкі, сказаў Вайвадс, – ён сказаў, што тая старая ісціна не памерла яшчэ і зараз.– Якая?– Ну, падзел верша на скдаданаасацыятыўны (Маякоўскі, Лугаўской, Асееў) і ясны, пазбаўлены складаных асацыяцый і метафарычнасці (Ісакоўскі, Твардоўскі). I што паміж іхнімі “спадкаемцамі” дагэтуль існуе ўзаемнае непрызнанне.– Я ведаю, нашто яму спатрэбілася гаварыць пра гэта, – сказаў Грынкевіч. – Ён хацеў стукнуць па гэтых маладых людзях з інстытута. Хацеў сказаць, што яны чхаць хочуць на Маякоўскага, а ідуць за Хлебнікавым і іншымі. Памятаеш, крычаў, што яны, са стараннасцю “приготовишек” і з “ЛЕФаўскай пагардаю” накідваюцца на назіцыі Маякоўскага і Твардоўскага, прапагандуючы свае погляды, як погляды пакалення... Змяшаў божы дар з яешняй.– Я не разумею, – паціснуў плячыма Яніс, – чаму ты так абурыўся Пружыніным? Хлопцы сапраўды праз меру захапляюцца занадта дробязнай тэматыкай, сапраўды адмаўляюцца ад дакладнай рыфмы, сапраўды “стыляюць” гэтым. Усё гэта ў дастатковай меры непрыемна. I ўсё ж, дзе праўда?– На баку жывых, – рэзка сказаў Грынкевіч. – На баку тых, што ідуць, што шукаюць. Дайце дзейнічаць жывым.– Пружынін і прапануе “абнаўленне верша ў класічных рамках”.– Ясна, – іранічна сказаў Андрэй, – “росквіт індывідуальнасці дзіцяці ў матчыным чэраве”. Не, калі ўжо нарадзілі, – дайце дзіцяці развівацца, як яно само хоча... I ведаеш, Яніс, я паверыў бы ўсім, толькі не Пружыніну. Я не веру бездары, якая брэша на талент. Памятаеш яго словы: “Еўтушэнка, што прыкідваецца разнастайным”. А Еўтушэнка пры ўсіх сваіх недахопах у дзесяць разоў больш таленавіты, чым Пружынін, – душачка, якая на чыіх толькі каленях не сядзела. Ды яшчэ і паскудзіла ўсім сваім апекунам, калі яны больш не маглі апекаваць.– За што ты яго так ненавідзіш? – неўразумела спытаў Вайвадс.– Чалавек павінен быць шчырым. I верным свайму сэрцу. А значыць, і вершу. На ўсё жыццё.– Ага, – зларадна сказаў Яніс, – а сам яўна адыходзіш ад яснага верша. Куды?– Не ведаю, – сказаў Грынкевіч. – У нетры пустаслоўя не кінуся. Скажу табе толькі, што хлусіць не буду, куды б ні прыйшоў. Людзям патрэбна праўда. Пакуль што я не ўспрымаю крайнасцяў ні ад тых, ні ад другіх.– Ну вядома, – сказаў Вайвадс, – адны дурэюць, а другія хочуць абуць усіх у лапці.– Можа, і так... Не, не так... Але ў тым-сім твая праўда. Маладыя падкупляюць мяне тым, што яны ваююць, часам выкідваюць дурыкі, але ад чыстага, добрага сэрца. Яны вельмі жывыя... Гэта рэакцыя не супроць паэтаў “яснага верша”, а супроць газетных вершаў пра пачатак новага года... А другім трэ было б быць больш памяркоўнымі. I, прабач, менш трымацца за Беднага. Беднаму быў свой час, нам – свой. Разумееш, паэзія стала чымсьці накшталт запаветнага месца. I палясоўшчыкі там жарсткаватыя, хоць у іх ёсць і слава і пашана. А там, дзе палясоўшчыкі такія, – там маладыя людзі займаюцца браканьерствам... Назнарок... I задача: пабачыўшы гэта, не дазволіць адным забіваць другіх.