Легенда аб бедным дябле і аб адвакатах Сатаны

– А што ты пра іх ведаеш? – усхадзіўся Яніс.– А тое, – на твары Андрэя адразу з’явілася схаластычная міна. Тонам вельмі вучонага і трошкі грэблівага да аўдыторыі лектара ён вымавіў: – У апошняй сваёй навуковай працы пад назвай “Уздзеянне рускага флоту на рост грыбоў” я ўжо распавядала вам, шаноўныя слухачы, аб прынсіпах пабудовы твора... Дык вось, мікеланджэлаўскі “Давід” ёсць кангламерат прагрэсіўнага і рэгрэсіўнага ў творчасці аўтара... Адным плячом ён падаўся назад, бы прыкуты да традыцый італьянскага кватрачэнта, а другім пагражае праклятаму мінуламу ў асобе Галіяфа... Мастакі ж таго часу вызначаюцца незвычайнай тонкасцю лісіроўкі, гжэчнасцю і, я б сказала, мілагучнасцю ў кожным руху, гарманічнай гамай колераў... I ўсё гэта – “фумата”, “сфумата”... Што ж датычыцца беларускіх кампазітараў, то ў іх, якраз як у Глінкі, менавіта і не больш, чым два вуха. Падабенства гэта ўзрастае яшчэ больш, бо іхнія оперы і песні таксама магчыма слухаць... Я скончыла.Яніс не вытрымаў і зарагатаў, трымаючыся за бакі.– Ну і свіння ж ты, Андрэй.– Гэта нічога, – сказаў Андрэй, – нейкі недурны паляк сказаў год трыста таму, што чалавек – “не найгорша сьвіня”. Лепей я замест таго, каб хадзіць на лекцыі, буду прыбаўляць па жмені ў скарбніцу дыяментаў беларускага прыгожага пісьменства. Яніс раптам пасур’ёзнеў.– I ўсё ж ты схадзі. Вось заўтра якраз... У дванаццаць гадзін.– Добра, – без асаблівага энтузіязму сказаў Андрэй, – давай схаджу разок.– Тады – марш спаць. Трэба адпачыць. I без таго дзве ночы амаль не спалі.Р а з д з е л VБронзавы Пушкін пасівеў.Мокры снег ляжаў на яго кучаравай галаве, на вянку жывых кветак ля п’едэстала, на галінах ліп. Ён быў вельмі чыстым, гэты апошні снег.Андрэю не хацелася ісці на лекцыю. Ён затрымаўся ля помніка, ляніва перайшоў вуліцу, доўга купляў папяросы ў ларку.Снег пырхаў паміж белымі дрэвамі бульвара, снег ператварыў у белыя карункі краты агароджы перад інстытутам.Андрэй неахвотна прамінуў браму і адразу ўбачыў, што насустрач яму рухаецца худая фігурка Марыі Крат.Яны былі ўдваіх у заснежанай алеі. Чырвоная, строга па таліі футра Марыі была абсыпана снегам. I зноў зусім чужымі здаліся Андрэю халаднаватыя блакітныя вочы і светлыя, з залацінкай, валасы.– Дзень добры, – сказала яна, – ты, аднак, не спяшаешся. Ні на лекцыі, ні да мяне.– О Пацімат, – жартам, на ўсходні манер, адказаў Грынкевіч, – і як ты можаш добра ставіцца да мяне, апаганшчыка грабніц і мячэцяў.Марыя ўскінула носік.– Я не жартую. Я нервавалася. Учора сядзела ў крэсле і ўяўляла сабе розную лухту. Што было?– Справы, – Грынкевіч паспрабаваў абняць яе за плечы. Яна адхіснулася:– Я вельмі зайздрошчу твайму ўменню за справамі забываць тую, каго кахаеш.– Я заходзіў, – сказаў Андрэй, – ты спала. Твар Марыі стаў іранічны.– Няўжо табе ўпершыню заходзіць да мяне, калі я сплю? На тое ў цябе і ключ. Месца на ложку хопіць.– Мне не падабаецца, як ты гаворыш, – сказаў Андрэй. – Я ніколі не казаў табе, што я кахаю. Нам проста добра адно з адным. Мы не дзеці. Мы проста сябры.– Аднак... я нешта забыла. Ці, можа, нехта другі ўмаўляў мяне стаць яму жонкай?Андрэй з сумнай усмешкай глядзеў на яе:– Я працаваў абедзве ночы, Марыя. Нельга заўжды быць разам.– Гм... А ты спытаў, што я рабіла ў гэтыя ночы?– Ну, ты ў мяне разумніца. Я табе веру. Марыя зрабіла іранічную міну:– О, мой даверлівы друг! А я вось не такая даверлівая. У тваім пакоі было цёмна.